Для ўніверсітэта і для краіны

- 10:55Навука і інавацыі

На прадпрыемстве “Унітэхпрам БДУ” запусцілі высокатэхналагічную вытворчасць радыёэлектроннай апаратуры.

Участак прататыпавання і дробнасерыйнай вытворчасці радыёэлектроннай апаратуры створаны пры фінансавай падтрымцы рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду, інавацыйнага фонду Мінскага гарвыканкама і ўласных сродкаў прадпрыемства “Унітэхпрам БДУ”. Ён уключае ў сябе шэраг вытворчых сектараў, якія аб’яднаны ў адзіны тэхналагічны ланцужок, што дазволіць ствараць макетныя ўзоры, а таксама ажыццяўляць дробнасерыйны выпуск і выхадны тэхнічны кантроль вырабаў на продаж.

На новай тэхнічнай пляцоўцы ўстаноўлены фрэзерны і такарны станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, лазерны гравіравальны станок, высакаякасная друкарка для 3D-макетавання, безакулярны стэрэамікраскоп і іншае абсталяванне. Тут можна рэалізаваць любую наватарскую ідэю ў галіне электронікі. Вытворчы ўчастак адкрыты для ўсіх патэнцыяльных заказчыкаў, як арганізацый, так і прыватных вынаходнікаў, выкладчыкаў і студэнтаў, якія маюць цікавыя задумкі.

Зараз на ўчастку ўжо вырабляюцца электронныя модулі і датчыкі для нанаспадарожніка БДУ новага пакалення. Таксама пачаты дробнасерыйны выпуск шматфункцыянальных вымяральных комплексаў “Alma Meter 2”. У найбліжэйшы час плануецца вырабіць доследную партыю “інтэлектуальных” упрыгажэнняў, прызначаных для маніторынгу навакольнага асяроддзя. Аўтарамі распрацоўкі выступілі студэнты факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ.

Плануецца, што ў вучэбна-навукова-вытворчы працэс на базе новай тэхнічнай пляцоўкі будзе ўключацца ўсё больш студэнтаў і выкладчыкаў. Такая тэндэнцыя адпавядае мадэлі “Універсітэт 3.0”, што рэалізуецца ў БДУ і прадугледжвае падрыхтоўку спецыялістаў з запатрабаванымі інавацыйнымі, вынаходніцкімі і прадпрымальніцкімі кампетэнцыямі.

Вучэбна-навукова-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Унітэхпрам БДУ” створана ў 1999 годзе для вытворчасці інавацыйнай прадукцыі. У 2017 годзе яму прысвоены статус навукова-тэхналагічнага парка. Сёння прадпрыемства займаецца распрацоўкай, вытворчасцю і рэалізацыяй медыцынскага, вымяральнага і вылічальнага абсталявання; арыгінальных фармацэўтычных субстанцый і гатовых лекавых сродкаў для лячэння анкалагічных і сардэчна-сасудзістых захворванняў; прыбораў для спадарожнікавых сістэм маніторынгу транспарту; харчовых абагачальных дабавак, фітасолей, прэпаратаў для падкормкі раслін і інш.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадстаўлена прэс-службай БДУ.