Для выяўлення шахматных талентаў

- 15:45Навіны рэгіёнаў

У сучасных умовах усё большую актуальнасць набывае варыятыўная частка зместу адукацыі, мэта якой — забеспячэнне развіцця асобы вучня з улікам яго захапленняў і схільнасцей. Адным з эфектыўных спосабаў развіцця творчых здольнасцей лічыцца гульня ў шахматы. Па гэтай прычыне ў гэтым навучальным годзе для паўсюднага ўкаранення ў школах была распрацавана праграма факультатыўных заняткаў “Шахматны ўсенавуч”.

У Магілёўскай вобласці актыўна падтрымалі такую ініцыятыву. Упраўленне адукацыі аблвыканкама і абласная спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву па шахматах і шашках падрыхтавалі адпаведныя метадычныя рэкамендацыі для навучальных устаноў і арганізавалі навучанне педагогаў, якія будуць весці факультатывы.

— У шахматнай гульні закладзены вялікі педагагічны патэнцыял, яна ў значнай ступені спрыяе развіццю пазнавальнай актыўнасці вучняў. Таму арганізацыя такога факультатыву — абсалютна правільнае рашэнне. Каб на максімальным узроўні падтрымаць патрэбнае новаўвядзенне, напярэдадні бягучага навучальнага года мы правялі неабходную тлумачальную работу, спецыяльны вучэбны семінар для педагогаў, — расказаў дырэктар МАСДЮШАР па шахматах і шашках Валерый Багданаў.

Такі падыход прынёс адпаведны вынік. З пачаткам навучальнага года ўсе раёны вобласці падключыліся да праграмы “Шахматны ўсенавуч”. Факультатыўныя заняткі па гульні ў шахматы былі ўведзены ў 73 навучальных установах, прычым як у гарадскіх, так і ў сельскіх.

Па словах Валерыя Багданава, толькі метадычнай дапамогай падтрымка гэтых устаноў не абмежавалася. Ва ўсе школы паступілі камплекты шахмат, шахматных і дэманстрацыйных дошак, электронных гадзіннікаў ад шахматнай федэрацыі і Міністэрства спорту і турызму нашай краіны.

Зараз у рэгіёне факультатыўнымі заняткамі “Шахматны ўсенавуч” ахоплена каля 500 вучняў пачатковых класаў. У наступным годзе плануецца зацікавіць гэтай гульнёй яшчэ большую колькасць навучэнцаў, як і пашырыць сетку ўстаноў, у якіх будуць дзейнічаць адпаведныя факультатывы. У перспектыве таксама арганізацыя спаборніцтваў для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія наведваюць падобныя заняткі. Гэта дапаможа на ранніх этапах выяўляць будучых шахматных зорак, спрыяючы развіццю іх талентаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.