Дняпроўскі рубеж: вяртанне праз дзесяцігоддзі

- 11:01Навіны рэгіёнаў

Урачыстае перапахаванне астанкаў чырвонаармейцаў, знойдзеных у Быхаўскім і Чавускім раёнах, стала вынікам першага этапу абласной Вахты Памяці “Дняпроўскі рубеж”, які праводзіўся пошукавікамі з Магілёва, Мінска, Брэста і Віцебска. Сярод неабыякавых да лёсу загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны савецкіх салдат каля 50 чалавек у складзе сямі мабільных груп — выкладчыкі, музейныя работнікі, навучэнцы, студэнты і працоўная моладзь.

Вахта Памяці, арганізаваная пошукавым клубам “Віккру” пры Абласным цэнтры творчасці, праходзіла пад кіраўніцтвам 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Раскопкам папярэднічала сур’ёзная даследчая работа ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, аналіз сайтаў абагульненых банкаў даных “Мемарыял” і “Памяць народа”. Апроч таго, пошукавікі здзейснілі каля дзесяці разведвальных выездаў, неаднаразова сустракаліся з мясцовымі жыхарамі.

Амаль за два тыдні Вахты Памяці з зямлі былі падняты рэшткі 24 савецкіх салдат з фрагментамі амуніцыі і два смяротныя медальёны. Адзін з іх, які захаваўся ў вельмі добрым стане, належыць радавому Івану Кірылавічу Шутаву. Ён нарадзіўся ў 1921 годзе на хутары Шаўчэнка Куйбышаўскага раёна Запарожскай вобласці. 6 мая 1941 года прызваны ў армію, дзе служыў у аператыўнай часці асобага прызначэння 36-й танкавай дывізіі 17-га механізаванага корпуса.

Доўга паваяваць маладому хлопцу не давялося: ужо праз два месяцы пасля прызыву ён трапіў у спіс без вестак прапаўшых. Яго маці Марыя Фёдараўна шукала сына ўсе пасляваенныя гады і да самай смерці не губляла надзеі зноў пабачыць любімае дзіця. Ёй так і не давялося даведацца пра лёс свайго Івана, які больш за сем дзясяткаў гадоў праляжаў у магілёўскай зямлі.

Другі медальён знойдзены ў вёсцы Лісічнік у глебе на глыбіні ўсяго 30 сантыметраў. Тэкст на папяровым укладышы атрымалася прачытаць толькі з дапамогай экспертаў, якія ўстанавілі імя яго ўладальніка — ураджэнца сяла Раманаўка Саратаўскай вобласці Івана Кузьміча Прахіна. На тэрыторыі Быхаўскага раёна ён ваяваў у ліпені 1941-га, а ўжо з лістапада гэтага года лічыўся прапаўшым без вестак.

Па архіўнай картачцы ваеннапалоннага пошукавікі даведаліся, што Іван Кузьміч служыў радавым у 532-м гаўбічным артылерыйскім палку 148-й стралковай дывізіі. 22 ліпеня 1941 года пад Магілёвам ён трапіў у палон, а асабісты салдацкі смяротны медальён паспеў выкінуць у вёсцы Лісічнік. Памёр 14 верасня 1944 года ў нямецкім канцлагеры, дзе і быў пахаваны.

Па словах кіраўніка абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба “Віккру” Мікалая Барысенкі, ужо на працягу некалькіх гадоў пошукавікі праводзяць раскопкі на тэрыторыях Быхаўскага і Чавускага раёнаў, дзе ў ліпені 1941 года пралягаў участак Дняпроўскага рубяжа Чырвонай Арміі. Тут трымалі абарону стралковыя дывізіі з Тульскай і Саратаўскай абласцей Расіі, а таксама з украінскіх Чарнігаўшчыны і Палтаўшчыны. Кожны год зноў і зноў энтузіясты-патрыёты знаходзяць рэшткі без вестак прапаўшых салдат, бо падчас гераічнай абароны Магілёва і яго наваколля з абодвух супрацьлеглых бакоў былі прыцягнуты значныя чалавечыя рэсурсы, частка якіх назаўсёды засталася ляжаць на былых палях бітваў.

Яшчэ адным значным этапам сёлетняй Вахты Памяці стала адкрыццё ў вёсцы Дрануха Чавускага раёна першага ў Беларусі памятнага знака штрафным падраздзяленням Чырвонай Арміі, якія ваявалі на гэтай тэрыторыі ў 1943—1944 гадах. Ініцыятыва яго стварэння ўзнікла каля дзесяці гадоў назад. Увесь гэты час пайшоў на складанне фундаментальнай гістарычнай даведкі-абгрунтавання, заснаванай на архіўных дакументах і ўспамінах былых франтавікоў-штрафнікоў. Толькі ў 2017 годзе задумка па ўшанаванні памяці загінуўшых савецкіх салдат была здзейснена сумеснымі намаганнямі пошукавага клуба і раённых улад.

Знак прадстаўлены ў выглядзе валуна, размешчанага на невялікім пастаменце, з мармуровай таблічкай-прысвячэннем “Воінам, камандзірам пастаяннага і зменнага складу штрафных падраздзяленняў Чырвонай Арміі, загінуўшым у баях за вызваленне Беларусі на чавускай зямлі з 1943 па 1944 год… Схіляем галовы ў знак светлай памяці”.

Па няпоўных даных, на чавускай зямлі дзейнічаў 11-ы штрафны батальён і некалькі асобных армейскіх штрафных рот. Нягледзячы на ўстойлівае меркаванне, што ў штрафбаты запісвалі толькі здраднікаў і зладзеяў, аналіз імянных спісаў беззваротных страт штрафных рот паказаў, што восенню 1943 года яны папаўняліся галоўным чынам былымі акружэнцамі і прызыўнікамі, якія знаходзіліся на вызваленай ад акупацыі тэрыторыі Смаленскай, Бранскай, Арлоўскай абласцей Расійскай Федэрацыі і ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці.

Менавіта іх, штрафныя падраздзяленні, якія знаходзіліся ў першых шэрагах наступаючых частак, накіроўвалі на штурм цяжкіх і добра ўмацаваных пляцовак абароны праціўніка. Зразумела, што яны неслі велізарныя чалавечыя страты. Таму салдаты і афіцэры, якія не атрымалі ўзнагарод і, больш за тое, былі пазначаны зняважлівым кляймом “штафбатаўцаў”, таксама заслугоўваюць павагі і светлай памяці, перакананы пошукавікі. Кожны з іх зрабіў свой неацэнны ўклад у Вялікую Перамогу.

За апошнія гады з дапамогай клуба “Віккру” ўстаноўлены імёны больш як 16 тысяч салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія лічыліся без вестак прапаўшымі. Каля пяці з паловай тысяч з іх непасрэдна ўдзельнічалі ў абароне Магілёва. Колькасць байцоў, імёны якіх вярнуліся з небыцця дзякуючы самаадданай працы добраахвотнікаў, у хуткім часе можа павялічыцца яшчэ на некалькі асоб: ужо ў жніўні гэтага года распачнецца другі этап абласной Вахты Памяці “Дняпроўскі рубеж”, які пройдзе сумесна з пошукавікамі з расійскага Арзамаса.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота прадастаўлена аддзелам краязнаўства і пошукавай работы Абласнога
цэнтра творчасці.