Добрая справа і шчырая размова

- 11:20Актуально

Самы лепшы спосаб выхаваць любоў да Радзімы і аддаць даніну памяці, у тым ліку нашай гісторыі і загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны воінам, — гэта наведваць памятныя мясціны і добраўпарадкаваць іх. Такую думку выказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец падчас удзелу у маладзёжным суботніку ў Асіповічах.

Удзельнікі Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета УВА, навучэнцы Асіповіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, ваеннаслужачыя 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады і міністр адукацыі навялі парадак на Алеі памяці Герояў у скверы імя 40-годдзя Перамогі і ўсклалі кветкі да Брацкай магілы.

— Мы бачым, што моладзь актыўна адгукаецца на такія ініцыятывы. Увогуле, сёння ўсе самыя эфектыўныя і дзейсныя формы работы па патрыятычным выхаванні моладзі актыўна выкарыстоўваюцца. Але кожнаму з нас трэба штодзённа сваім прыкладам паказваць патрыятызм і любоў да Радзімы. Выхаванне патрыятызму — гэта не нейкая імгненная задача, якую можна вырашыць раптоўна, а штодзённая праца кожнага з нас: кіраўнікоў, педагогаў і бацькоў. Калі мы ўсе разам не будзем працаваць з дзецьмі і сваім прыкладам паказваць, што такое любоў да Радзімы, то не зможам атрымаць вынік. Аднак я ўпэўнены, што тут у нас поўнае паразуменне, — адзначыў А.І.Іванец, нагадаўшы, што сістэмай адукацыі распрацаваны комплексны план мерапрыемстваў па рэалізацыі праграмы патрыятычнага выхавання моладзі Беларусі.

Пасля працоўнай акцыі адбыўся адкрыты дыялог з удзелам моладзі і міністра адукацыі ў вайсковай часці 12147, дзе ў тым ліку абмеркавалі ўзаемадзеянне ваенна-патрыятычнага клуба 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады і ГРСС.

— Важна збірацца не толькі ва ўстановах адукацыі, але і ў нестандартных месцах, якім і з’яўляецца гэтая вайсковая часць. 2022-і — Год гістарычнай памяці. Гэта вельмі сур’ёзная тэма, каб яшчэ раз звярнуцца да нашага гераічнага мінулага, якое знайшло адлюстраванне і ў абноўленай Канстытуцыі, — сказаў Андрэй Іванавіч. — У сучасным свеце складана памятаць усю нашу вялікую гісторыю, таму што ўсё больш гістарычных падзей адбываецца вакол нас. На жаль, моладзь забывае, што такое Радзіма, патрыятызм і што будучыня нашай рэспублікі залежыць ад нас саміх. Таму важна, каб моладзь унікала ва ўсе сферы дзяржавы, каб ствараліся патрыятычныя клубы і рэалізоўваліся розныя маладзёжныя ініцыятывы, якія дапамогуць зрабіць лепшай нашу Беларусь, вернуць патрыятызм у сэрцы маладых людзей і захаваюць гісторыю нашай краіны.

Па словах міністра адукацыі, выхаванне гістарычнай памяці павінна праводзіцца абсалютна з усёй моладдзю. А таму з 1 верасня ва ўсіх УВА незалежна ад профілю навучання будзе ўведзены блок сацыяльна-гуманітарных дысцыплін: “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, “Сучасная палітэканомія” і “Філасофія”.

— Усё гэта важна, бо, вывучаючы гісторыю, мы звяртаем увагу на падзеі і гістарычныя факты, але пры гэтым мала ўдзяляем увагі прычынна-выніковым сувязям: чаму адбыліся ты ці іншыя гістарычныя падзеі, што з’яўлялася іх перадумовай, якія вынесены ці не вынесены ўрокі. І тут студэнты 1 курса будуць мець магчымасць многія вядомыя гістарычныя факты разгледзець менавіта з пункту гледжання грамадска-палітычных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, даць ацэнку таму, якую ролю гэтыя падзеі адыгралі ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці, які ўклад унеслі ў станаўленне незалежнай Беларусі, — паведаміў А.І.Іванец.

Ён падкрэсліў, што наладжана ўзаемадзеянне навучальных устаноў і воінскіх часцей, на базе якіх адкрываюцца патрыятычныя клубы. Іх могуць наведваць навучэнцы, пачынаючы з 8-гадовага ўзросту, бо “стаіць задача падрыхтаваць чалавека, які любіць сваю краіну і гатовы гэта даказваць справай, а не толькі словам”.

Студэнты ў сваю чаргу запыталіся ў міністра пра ролю патрыятычнага клуба ў развіцці грамадзянскай пазіцыі маладога пакалення і пра папулярызацыю службы ў арміі праз правядзенне сумесных мерапрыемстваў ваеннаслужачых і навучэнцаў, а таксама выступілі з ініцыятывай правядзення курса маладога байца ў канцы красавіка ў гэтай вайсковай часці. Акрамя таго, студэнты з Магілёва звярнуліся да міністра адукацыі па дапамогу ў адкрыцці ваеннай кафедры ў іх горадзе, а гамяльчане папрасілі адкрыць новую спецыяльнасць па журналістыцы.

Па заканчэнні адкрытага дыялогу А.І.Іванец разам са студэнцкай моладдзю наведаў пакой баявой славы, дзе пазнаёміўся з яркай і насычанай гісторыяй 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады, пасля пабываў у казарме, дзе пражываюць вайскоўцы тэрміновай службы, спартыўнай зале і вучэбным корпусе.

— Сёння мы паглядзелі ваенную базу — гэта цікава. І нават калі вы будзеце выязджаць сюды раз у месяц на дзянёк, то будзеце больш зараджанымі на любыя здзяйсненні, — выказаў меркаванне А.І.Іванец, развітваючыся са студэнцкай моладдзю.

Вольга АНТОНЕНКАВА.

Фота аўтара.