Добрая традыцыя

- 13:10Нам пішуць

Адраджэнне нацыянальнай культуры – важны кірунак работы ў Макранскім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа. Вучні ВПК з’яўляюцца не толькі ўдзельнікамі, але і арганізатарамі пазакласных мерапрыемстваў, самі рыхтуюць касцюмы і дэкарацыі. Далучаюцца да гэтай работы і бацькі.

Добрая традыцыя нашай навучальнай установы – кожны год адзначаць Каляды. І вучні, і настаўнікі заўсёды рыхтуюцца да свята і з нецярпеннем чакаюць калядоўшчыкаў.
З беларускай народнай песняй “Ішла Каляда калядуючы…” завіталі вучні – калядоўшчыкі ў класы да настаўнікаў і вучняў. Калядоўшчыкі з песнямі, прыказкамі, прыпеўкамі віншавалі гаспадароў са святам і жадалі ўсяго найлепшага ў надыходзячым годзе.
Каларытнымі на свяце былі Цыганкі, ролю якіх выконвалі Аліна Лявіцкая, Настасся Макрыцкая, Лізавета Красніцкая. Цыганкі танцавалі, спявалі і, як водзіцца на Каляды, варажылі. Прытанцоўваючы, падхапілі песні калядоўшчыкаў Дзед і Баба, ролю якіх выконвалі Уладзіслаў Паджараў і Вера Смычкова. Цяжкая роля Механошы, у пэўным сэнсе гэтага слова, дасталася Андрэю Іванову. Мяшок з пачастункамі станавіўся паўней і паўней. А якое свята без вяселля? Хто будзе весяліць народ? Канечне, гэта Мядзведзь. Ягор Дземскі цудоўна справіўся з гэтай роляй. Наш Мішка і прыпеўкі спяваў, і паказваў, якія дзяўчаты ідуць дадому, калі дзясяткі атрымаюць. Шквал апладысментаў заслужваў Мішка, калі паказваў, як дзяўчаты танцуюць на дыскатэцы. У ролі гарэзлівай Казы выступіла Лізавета Праявіна. Каза танцавала, спявала, не забылася пра сваю замову, каб зрабіць надыходзячы год шчаслівым, ураджайным, цёплым і вясёлым.
Ветліва калядоўшчыкаў віталі настаўнікі, вучні, выхаванцы дзіцячага сада. Нездарма кажуць у народзе: “Дзе Каза бывае, там шчасце вітае”. З глыбокай даўніны існавала павер’е: калі ў хату завіталі калядоўшчыкі, то сям’ю не абмінуць згода, дастатак і мір.
Далей свята працягнулася непасрэдна ў аграгарадку Мокрае. З песнямі, віншаваннямі, з добрымі пажаданнямі зазірнулі калядоўшчыкі ў мясцовыя магазіны, Макранскі СДК, філіял “Макранскі” Быхаўскага КАСЗ. Усіх, каго сустракалі, віншавалі са святам. Завіталі калядоўшчыкі і да настаўнікаў-ветэранаў, каб павіншаваць іх з Калядкамі, са Старым Новым годам, пажадаць усяго добрага. Цёпла віталі вучняў ветэран педагагічнай працы, дырэктар Макранскай сярэдняй школы Людміла Іванаўна Банадысева, ветэран педагагічнай працы, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Тамара Яўгенаўна Яромава.
Атмасферу свята стварала настаўніца музыкі Алена Паўлаўна Савосцікава. Весела, задорна, з гармонікам суправаджала яна калядоўшчыкаў.
Настаўнікі нашага ВПК імкнуцца да таго, каб не забываліся традыцыі беларускага народа, беларускія народныя песні, вусная народная творчасць. Праводзячы падобныя мерапрыемствы, ставім перад сабой мэтай адраджэнне і папулярызацыю беларускіх традыцый, услаўленне беларускіх святаў, магчымасць данесці гэтыя святы людзям, наблізіць духоўную спадчыну продкаў да свядомасці нашых вучняў.

Вольга Красніцкая,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Макранскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа
Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.