Добры настрой спрыяе паляпшэнню здароўя

- 10:10Навіны рэгіёнаў

Валанцёры, якія вучацца ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім каледжы, далучыліся да штогадовай акцыі Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын “Цяпло жаночых сэрцаў — дзецям!” Яны прыйшлі з навагодняй казкай “Бураціна і чароўны куфэрак” у Гомельскую абласную дзіцячую бальніцу медыцынскай рэабілітацыі і дзіцячае аддзяленне Гомельскай абласной спецыялізаванай клінічнай бальніцы.

Святочны дэсант на чале з Дзедам Марозам, Снягуркай, снегавікамі прайшоў па тэрыторыі бальніцы, дзе дзяцей гучна віншавалі з надыходзячым Новым годам. Дзятва ў адказ радасна махала гасцям з вокнаў бальнічных палат. Шчырыя пажаданні хлопчыкам і дзяўчынкам адрасавалі кіраўнік справамі Гомельскага аблвыканкама старшыня абласной арганізацыі БСЖ Алена Клічкоўская, член Савета Рэспублікі старшыня абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чыр­вонага Крыжа Ала Смаляк, прадстаўнікі гарадскога камітэта КПБ, валанцёры Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа. Галоўны ўрач бальніцы Вячаслаў Іжакоўскі расказаў, што калектыў установы стварае для 416 дзяцей-пацыентаў і 152 матуль навагоднюю атмасферу — у бальніцы паставілі ёлкі, упры­гожылі аддзяленні:

— Штогод у навагоднія святы ў бальніцы ладзяцца дабрачынныя акцыі. Сёлета з-за эпідэмічнай сітуацыі прыйшлося змяніць фармат, але дзеці натхнёныя і вельмі рады гасцям. А пазітыўны настрой, без­умоўна, станоўча адбіваецца і на паляпшэнні здароўя.

Госці перадалі дзецям салодкія падарункі і цацкі. Пасля цёплых пажаданняў у неба запусцілі паветраныя шары. Віншаванне маленькіх пацыентаў стала часткай рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.

На правядзенне мерапрыемстваў рэспубліканскай навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” на Гомельшчыне выдаткавана Br60 тысяч. Да таго ж, галоўным упраўленнем адукацыі аблвыканкама была абвешчана абласная акцыя, накіраваная на аказанне дапамогі дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, што вучацца ва ўстановах прафесійнай адукацыі Гомельскай вобласці. 320 непаўналетніх навучэнцаў атрымалі сертыфікаты па Br50 кожны.

Абласное навагодняе дабрачыннае свята на базе Гомельскага цырка сёлета сабрала больш як 1200 дзяцей. Ім уручылі навагоднія падарункі на суму Br14,5 тысячы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Ганны ПАШЧАНКА.