Ідучы на выставу “Дастаеўскі наш…” у Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, сустрэў знаёмую. “І куды ты так шпарка бяжыш, Мікола?” — спытала яна. Я ёй кажу: “Наташа, здаецца, на ўнікальную выставу! “Дастаеўскі наш…” называецца. У музеі Коласа. Уяўляеш, да нас прыехаў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Ф.М.Дастаеўскага са сваімі аўтэнтычнымі экспанатамі! Выстава прысвечана 195-годдзю з дня нараджэння Фёдара Міхайлавіча і 150-годдзю з дня выхаду яго рамана “Злачынства і пакаранне”.
Мая знаёмая ўважліва выслухала мяне і пасля невялікай паўзы запытала: “А прычым тут Колас і Дастаеўскі? Гэта ж, я думаю, абсалютна розныя галактыкі…”
Я сумеўся. Я не ведаў што адказаць.
Я запыніў свой бег.
На скрыжаванні вуліцы Акадэмічнай і праспекта Незалежнасці я знерухомеў у одуме.
У думках Настасся Піліпаўна кінула са злосцю ў мяне сваім лабутэнам, Раскольнікаў рынуўся з сякерай… І Ядвіся ў такт ім (з рэплікі Лабановічу): “Не люблю я панураў. Усё здаецца, што яны накінуцца і біць пачнуць”.
Героям Коласа толькі здавалася, а героі Дастаеўскага паўстагоддзя да гэтага ўжо білі, рэзалі, гвалтавалі. І праўда: што ў іх, у Коласа і Дастаеўскага, агульнага? Што прывёў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Ф.М.Дастаеўскага ў Мінск?
Азадачаны такімі пытаннямі, я ўсё больш нерухомеў на скрыжаванні вуліцы Акадэмічнай і праспекта Незалежнасці. Пачаў размотваць шпулю літаратурнай памяці. З кім я пазнаёміўся спачатку — з Настассяй Піліпаўнай, з Раскольнікавым ці з Андрэем Лабановічам? Хто з іх мне задаў першым свае нерухомыя праклятыя пытанні “За што?”, “Чаму?”, “Навошта?”? Хто з іх павёў мяне ўпершыню ў дарослы свет з гэтымі ж пытаннямі?
Шпулька літаратурнай памяці раскручвалася — і ўзнаўляліся іерархіі: Пушкін, Талстой, Дастаеўскі; Купала, Багдановіч, Колас… У іх — тры самыя. І ў нас — тры самыя. Я ўжо не камплексаваў, падыходзячы да Коласавага дома. Іх Дастаеўскі — гэта наш Колас. Іх Колас — гэта наш Дастаеўскі. І наадварот: наш Колас — гэта іх Дастаеўскі. Наш Дастаеўскі — гэта іх Колас. Прынамсі, кожны з іх кожнаму са сваіх народаў кожны па-свойму даў адказы на глабальныя пытанні на ўсё астатняе жыццё… Дастаеўскі і Колас — гэта дзве нацыянальныя філасофіі, агорнутыя ў звышталенавітую літаратуру.
Канчаткова асэнсаваўшы гэта, я з палёгкай пераступіў парог Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. А там, на парозе, віталіся Колас з Дастаеўскім:
— Прывітанне! Я нарадзіўся 3 лістапада!
— Прывітанне, а я 11-га… Лістападаўскія мы з табой! Філосафы восеньскія…
Дырэктар Коласавага дома Зінаіда Мікалаеўна Камароўская патлумачыла лейтматыў выставы: у лісце да свайго сябра, перакладчыка, вядомага паэта-сімваліста Сяргея Гарадзецкага Якуб Колас пісаў: “Выше по таланту Достоевского нет в мире писателя. Достоевский наш, Достоевскому, если нужно, всё надо простить…”
А самым чаканым госцем на вернісажы, безумоўна, была дырэктар Санкт-Пецярбургскага літаратурна-мемарыяльнага музея Ф.М.Дастаеўскага Наталля Туймебаеўна Ашымбаева: неперадавальная піцерская мова, непераймальная піцерская інтанацыя і… словы, у кожным з якіх — свой сэнс. Наталля Туймебаеўна нагадала прысутным, што 195 гадоў з дня нараджэння Фёдара Міхайлавіча і 150 гадоў з дня выхаду “Злачынства і пакарання” ў свет — гэта яшчэ не ўсе “дастаеўскія” даты 2016 года. Сёлета спаўняецца 170 гадоў з дня нараджэння Ганны Рыгораўны Дастаеўскай, вернай спадарожніцы пісьменніка. Сапраўды, мы ніколі не павінны забываць пра іх, верных спадарожніц нашых геніяў, бо хто іх, геніяў, сустракаў, атрасаў, галубіў пасля ўсіх іх, часам няроўных, жыццёвых дарог? А ў выпадку з Фёдарам Міхайлавічам — дарог, якія часам заводзілі і ў казіно.
Што ж прывезлі піцерцы ў Мінск?
Гэта найперш арыгіналы-ілюстрацыі да рамана “Злачынства і пакаранне” з фондаў Санкт-Пецярбургскага літаратурна-мемарыяльнага музея Ф.М.Дастаеўскага Эрнста Неізвеснага, Міхаіла Шамякіна і іншых выбітных творцаў, якія праілюстравалі “свайго Дастаеўскага”. А яшчэ гэта так званыя падрыхтоўчыя матэрыялы для рамана “Злачынства і пакаранне”, рукапісы Фёдара Міхайлавіча. Праўда, Наталля Туймебаеўна адразу выдала тайну: у Піцеры жыве адзіны ва ўсёй Расіі мастак-капііст, капіраваныя рукапісы аўтарства якога і дэманструюцца сёння ў Мінску. Ён працуе выключна без камп’ютара, на старой архіўнай паперы, часам тыдні затрачваючы на старонку тэксту… Спецыялісты не могуць адрозніць аўтэнтыкі ад яго копій.
Трэба сказаць, што выстава “Дастаеўскі наш…” не толькі расійскага паходжання. Тут выстаўляюцца і кнігі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя — аналагі выданняў твораў Ф.М.Дастаеўскага з даваеннай бібліятэкі Якуба Коласа, выданні рускага пісьменніка канца ХІХ стагоддзя для бібліятэк сярэдніх навучальных устаноў і народных школ, альбом 1893 года “Пятнадцать акварельных картин к сочинениям Ф.М.Достоевского” мастака М.М.Каразіна і інш.
Зрэшты, хочацца зноў вярнуцца да прамовы Наталлі Туймебаеўны. Гэта ўразіла, мабыць, найбольш. Не так даўно ў Санкт-Пецярбургскім літаратурна-мемарыяльным музеі Ф.М.Дастаеўскага дэманстравалася эпахальная, па яе словах, выстава: “Достоевский. Перерыть все вопросы в этом романе”. Гэта прыведзеныя літаральна словы самога пісьменніка з яго чарнавога рукапісу… Але гаворка не пра гэта. Музейшчыкі з Піцера абклеілі ўсе сцены свайго музея тэкстам рамана — ад першага сказа да апошняга. Наталля Туймебаеўна заўважыла: “У сённяшніх маладых людзей часта ўзнікае шаблоннасць ва ўспрыманні “Злачынства і пакарання”… Абклеіўшы сцены музея яго тэкстам, мы хацелі паказаць яго аб’ёмнасць, глыбіню. Тое, што часам скрадваецца ў вучэбным працэсе. А Дастаеўскі ж быў празорцам. У сваіх творах ён прадбачыў глабальныя рэчы”.
16 лістапада на адкрыццё выставы “Дастаеўскі наш…” у Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа многія маладыя людзі (а гэта былі найперш навучэнцы Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М.І.Глінкі) прыйшлі ўпершыню. Ім пашанцавала ўдвая — павітацца, пазнаёміцца адразу з імі разам, з Коласам і Дастаеўскім.
І чытачоў “Злачынства і пакарання” і “На ростанях” будзе на чалавек 100 больш.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.