Драйвер дыстанцыйнага навучання

- 10:40Вышэйшая школа

Цяжка пераацаніць ролю ўніверсітэцкіх бібліятэк у перыяд пандэміі. Пры пераходзе на змешанае і дыстанцыйнае навучанне не страцілі ў якасці менавіта тыя ўніверсітэты, якія развівалі рэпазіторыі (лічбавыя сховішчы), стымулявалі выкладчыкаў да напісання электронных вучэбна-метадычных комплексаў, удасканальвалі платформы для самастойнай работы студэнтаў. Тэхналагічна прасунутыя бібліятэкі ў кароткія тэрміны змаглі падстроіцца пад новую рэальнасць, прадставілі ўсе неабходныя інструменты і забяспечылі анлайн-навучанне вялікай колькасці студэнтаў розных спецыяльнасцей.

Аб рабоце з электроннымі бібліятэчнымі рэсурсамі і ролі бібліятэкара ў гэтым працэсе гутарым з дырэктарам Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Уладзімірам КУЛАЖАНКАМ.

— Бібліятэка заўсёды займала цэнтральнае месца ва ўніверсітэце, а цяпер, у сувязі з пандэміяй і пераходам на дыстанцыйнае і змешанае навучанне, яе роля яшчэ больш узмацнілася. Уладзімір Ге­надзьевіч, што змянілася амаль за год работы ў экстрэмальных умовах?

— Паколькі бібліятэка працуе з інфармацыяй, усе змены, звязаныя з новымі тэхналогіямі, мы ва ўніверсітэце адчуваем першымі. Аднак пандэмія абвастрыла гэты момант: змены сталі не проста хуткімі — яны кардынальныя і незваротныя.

Пандэмія паскорыла пераход вышэйшай школы на дыстанцыйнае і змешанае навучанне, і задача біблія­тэкі — гнутка адаптавацца да гэтых форм. Тут ёсць некалькі складнікаў. Па-першае, кантэнт, які павінен быць лічбавым. Па-другое, кампетэнцыі бібліятэкараў, якія пераходзяць на новы тэхналагічны ўклад, а таксама акадэмічнага персаналу. Выкладчыкі павінны ўмець і, што немалаважна, хацець выкарыстоўваць электронныя інструменты і рэсурсы. Па-трэцяе, і гэта актуальна ва ўсім свеце, неабходна адаптацыя заканадаўчай базы і вучэбна-кіраўнічай дакументацыі.

Класічны функцыянал бібліятэкі (тое, чаго ад нас патрабуе заканадаўства) — забяспечваць вучэбны працэс падручнікамі — папяровымі, грыфаванымі, не старэйшымі за 5 гадоў — у адносінах адзін падручнік на аднаго завочніка ці на пяцярых студэнтаў дзённай формы. Гэта параметры, якія бібліятэка павінна выконваць. Аднак трэба прызнаць, што кнігадрук у такіх аб’ёмах — вельмі дарагое задавальненне для ўніверсітэтаў, да таго ж гэта не гнуткі падыход. Падручнікі трэба напісаць, выдаць, распаўсю­дзіць… Ідзе час, яны старэюць, а паколькі ўводзяцца новыя спецыяльнасці, трэба друкаваць і друкаваць іх пастаянна. Сёння ўжо ёсць напрацоўкі для таго, каб дзейнічаць больш мабільна.

Так, Міністэрства адукацыі нарматыўна замацавала магчымасць грыфаваць электронныя вучэбныя выданні і дазволіла выкарыстоўваць іх у адукацыйным працэсе. Таксама, дзякуючы зменам у Законе аб СМІ, з’явілася магчымасць выпускаць цалкам электронныя перыядычныя выданні. Цяпер усе нашы навуковыя часопісы выходзяць у электронным фармаце. І хаця ўмовай ліцэнзавання па-ранейшаму з’яўляецца наяўнасць папяровых падручнікаў, у інструктыўна-метадычных пісьмах Міністэрства адукацыі ўжо ёсць пералік інфармацыйных рэсурсаў і электронных вучэбна-метадычных комплексаў (ЭВМК).

Дарэчы, усе ЭВМК, распрацаваныя нашымі выкладчыкамі, праходзяць дэпаніраванне: улік, рэгістрацыю і захоўванне шляхам размяшчэння ў электроннай бібліятэцы. Пры гэтым яны абавязкова рэцэнзуюцца і атрымліваюць адабрэнне вучонага савета. Усё гэта пацвярджае якасць прадстаўленых матэрыялаў. Нядаўна праз Рэспубліканскі савет рэктараў мы ўнеслі прапанову Міністэрству адукацыі, каб, ацэньваючы забяспечанасць вучэбных дысцыплін кнігамі, улічваліся таксама ЭВМК, якія прайшлі працэдуру дэпаніравання. Калі такія зрухі адбудуцца, гэта дазволіць бібліятэкам гнутка падстройвацца пад новыя спецыяльнасці, а ўніверсітэтам — сэканоміць значныя сродкі.

Акрамя ЭВМК, мы размяшчаем у электроннай бібліятэцы і іншыя вучэбныя матэрыялы, у тым ліку падручнікі. Напрыклад, кніга выходзіць на паперы, а выдавецкую PDF-версію мы выкладваем у адкрыты доступ.

— Фундаментальная бібліятэка БДУ першай у Беларусі ўвайшла ў кансорцыум сеткавых электронных бібліятэк — праект расійскай электронна-бібліятэчнай сістэмы “Лань”. Якія новыя магчымасці адкрываюцца ў сувязі з гэтым?

— “Лань” — распрацоўшчык самай буйной ЭБС Расіі — нядаўна запусціла праект электронных бібліятэк па галіновых напрамках (аграрны, тэхнічны, педагагічны, медыцынскі, эканамічны, прававы і інш.). БДУ і БНТУ сталі першымі ўніверсітэтамі за межамі Расіі, якім прапанавалі далучыцца да гэтага маштабнага праекта (БДУ — увайсці ў кансорцыум класічных, а БНТУ — у кансорцыум тэхнічных універсі­тэтаў).

Такім чынам, некалькі дзясяткаў вядучых універсітэтаў Расіі і Беларусі (а ў перспектыве і іншых краін СНД) змо­гуць бясплатна абменьвацца кантэнтам. БДУ ўжо атрымаў доступ да электроннай базы — а гэта больш за 6 тысяч вучэбных выданняў для класічнага ўніверсітэта. Цяпер мы фарміруем сваю калекцыю, якую прапануем для выкарыстання іншым удзельнікам кансорцыума. Калі наша калекцыя трапіць у сістэму, нам адкрыюць доступ да ўсіх сеткавых бібліятэк (педагагічных, тэхнічных і г.д.) — а гэта звыш 22 тысяч выданняў па розных адукацыйных дысцыплінах і курсах.

— На сайце бібліятэкі пазначана, што БДУ падпісаны на тры дзясяткі баз даных найбуйнейшых су­светных выдавецтваў. Набор доступу да іх — адзін з найлепшых у краіне. Наколькі запатрабаваны гэты, пераважна англамоўны, кантэнт?

— БДУ імкнецца прасоўвацца ў міжнародных рэйтынгах, а іх асноўны паказчык — публікацыйная актыўнасць. Аднак для таго, каб рабіць актуальныя артыкулы, патрэбна база ведаў. Рэйтынгавыя замежныя часопісы проста не прымуць матэрыял, дзе няма спасылак на апошнія публікацыі адпаведнай тэматыкі. Каб такія спасылкі былі, неабходна зайсці ў базу даных, паглядзець, што пішуць іншыя вучоныя, каго яны цытуюць.

Тое ж і ў вучэбным працэсе. Пры фарміраванні вучэбных праграм на кожную дысцыпліну выкладчык указвае асноўную і дадатковую літаратуру, і там таксама павінны быць актуальныя крыніцы. Можна пазначыць артыкулы ў часопісах па адпаведных тэмах, каб студэнты чыталі і пашыралі свае веды. Для супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ доступ да баз даных, на якія падпісаны ўніверсітэт, бясплатны і неабмежаваны.

Зацікавіць людзей, каб яны карысталіся такой магчымасцю, — гэта таксама адзін з прыярытэтаў нашай работы. Пастаянна праводзім вучэбныя семінары для выкладчыкаў і навукоўцаў, прапагандуем новыя інструменты. Стварылі нават спецыяльны аддзел па падтрымцы публікацыйнай актыўнасці, які займаецца прасоўваннем лічбавых рэсурсаў.

— Мяркуючы па тым, як паляпшаюцца пазіцыі БДУ ў міжнародных рэйтынгах, вашы намаганні не дарэмныя. Пандэмія неяк паўплывала на публікацыйную актыўнасць супрацоўнікаў універсітэта?

— Так, колькасць вучэбных і навуковых публікацый, пад­рыхтаваных выкладчыкамі для ўніверсітэцкага рэпазіторыя, значна вырасла. Здаралася, у нас нават чэргі былі на дэпаніраванне. Электронныя версіі ў самы кароткі тэрмін трапляюць да карыстальнікаў, і мы фіксуем істотнае павелічэнне зваротаў да электронных рэсурсаў.

Сёння электронная бібліятэка БДУ змяшчае звыш 180 тысяч дакументаў. Паводле рэйтынга рэпазіторыяў, які робіць іспанскае даследчае агенцтва Cyber Lab, БДУ ўтрымлівае трэцяе месца сярод універсітэтаў свету. Высока ацэньваецца і колькасць, і якасць таго кантэнту, які мы фарміруем.

Нядаўна ў Расіі таксама распрацавалі рэйтынг рэпазіторыяў адкрытага доступу, але ён не сусветны, ацэньвае ўстановы адукацыі і навукі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і былога СССР. Там сярод універсітэтаў БДУ на другім месцы, нас абышоў толькі Масарыкаў універсітэт (Брно, Чэхія). У расійскім рэйтынгу выкарыстоўваецца складаны алгарытм з улікам знешніх спасылак, адкрытасці і г.д., і нават ён паказвае, што рэпазіторый БДУ — адзін з найлепшых у свеце.

— Электронная кніга ў перыяд пандэміі стала сапраўдным драйверам дыстанцыйнага навучання. Калі яна будзе цалкам узаконена як паўнацэнны сродак навучання, што будзе з друкаванымі падручнікамі?

— Магу запэўніць, што друкаваныя падручнікі не знік­нуць, бо ёсць дысцыпліны, па якіх яны неабходны. Так, маладое пакаленне жыве ў планшэтах і смартфонах, але, напрыклад, вывучаць мовы на электронных носьбітах складана. Таксама з экрана дрэнна засвойваюцца вялікія формулы. Таму папяровыя кнігі застануцца. Нярэдка маладыя людзі просяць менавіта друкаваны падручнік, хоць ёсць электронная версія. Іншыя, наадварот, шукаюць лічбавы варыянт. Галоўнае для нас — даць студэнтам выбар.

У БДУ ёсць свой выдавецкі цэнтр. Мы друкуем падручнікі абмежаваным тыражом для забеспячэння пэўнай дысцыпліны, а потым узгадняем з аўтарам доступ да электроннай версіі. Ён можа даць згоду на тое, каб выкласці кнігу ў рэпазіторыі ў адкрытым доступе ці змясціць яе толькі ва ўніверсітэцкай сетцы, а можа забараніць распаўсюджанне. Такое таксама здараецца. Праўда, заўсёды ўзнікае пытанне: чаму аўтар закрываецца, можа, яго кнізе бракуе якасці? Калі аўтар не саромеецца, адкрывае доступ для вялікай колькасці карыстальнікаў, значыць, ён упэўнены ў тым, што напісаў.

— Візуальна ўніверсітэцкія бібліятэкі апусцелі, але віртуальнае жыццё кіпіць. Што будзе пасля пандэміі? Вернуцца студэнты ў чытальныя залы ці застануцца дома (кантэнт жа даступны з любога пунк­та)?

— Ва ўніверсітэтах свету вялікі акцэнт (і да пандэміі, і зараз) робіцца на самастойнай рабоце студэнтаў, на праектнай дзейнасці, і яна праходзіць пераважна ў бібліятэках. Велізарныя будынкі ўніверсітэцкіх бібліятэк перапоўнены, чэргі стаяць на абслугоўванне. Мы былі ў Дрэздэнскай універсітэцкай бібліятэцы — 16 тысяч карыстальнікаў штодня! Поўныя залы, няма вольных месцаў. Па-першае, гэта зручна. У інтэрнатах і кватэрах вучыцца некамфортна і нецікава. Сёння бібліятэка — гэта офіс студэнта. У некаторых залах увогуле няма кніг, ёсць камп’ютарызаваныя рабочыя месцы і бязмежныя электронныя рэсурсы.

Мы таксама ўспрымаем бібліятэку як адукацыйную прастору ў экасістэме ўніверсітэта. Менавіта тут рэалізоўваецца кампанент самастойнай работы студэнтаў, іх індывідуальная траекторыя, праектнае навучанне. Да пандэміі ў нас гэта атрымлівалася. Заходзіш у чытальную залу — там сядзяць студэнты, штосьці абмяркоўваюць. Часам бывала шумна, і сталыя супрацоўніцы бібліятэкі нерваваліся. Але мы прынялі рашэнне не перашкаджаць студэнцкай творчасці. Няхай будзе шумна, але кіпіць жыццё. На жаль, цяпер з-за пандэміі бібліятэчныя залы апусцелі. Упэўнены, што, калі сітуацыя нармалізуецца, студэнты зноў запоў­няць нашу прастору.

У нас ёсць каворкінг, дзе абсталявана каля 30 камп’ютарызаваных рабочых месцаў. Таксама мы набылі некалькі магутных камп’ютараў для навукоўцаў і выкладчыкаў, якія хочуць працаваць з электроннымі рэсурсамі. Пры неабходнасці супрацоўнікі бібліятэкі могуць дапамагчы ім зрабіць прэзентацыю, зманціраваць відэа і г.д. Дарэчы, сёння ўжо няма мэты ставіць шмат камп’ютараў, многія карыстальнікі прыходзяць са сваімі ноўтбукамі і планшэтамі. Галоўнае зараз — добры інтэрнэт, wi-fi, разеткі ля кожнага стала, якасны разнастайны кантэнт і атмасфера.

— Функцыянал сучасных бібліятэкараў, асабліва ўніверсітэцкіх, істотна трансфармаваўся. Як зараз гучаць пасады вашых супрацоўнікаў?

— Усё гэтак жа — бібліятэкары. Хаця, канечне, гэта хутчэй кантэнт-менеджары ці спецыялісты па рабоце з метаданымі. Наша дзейнасць у многім звязана з правільным афармленнем электронных публікацый для адпраўкі іх у сусветную інфармацыйную прастору. Наколькі якасна мы апішам дакумент, настолькі эфектыўна ён будзе інтэгравацца ў розныя сістэмы. І так ва ўсім свеце: работа з метаданымі для бібліятэкараў у прыярытэце. Яны ведаюць і любому прафесару ўмеюць патлумачыць, як зрабіць лічбавае партфоліа, як працаваць з рознымі фарматамі, як знайсці патрэбны артыкул, як стварыць профіль і папрасіць у іншага аўтара поўны тэкст, калі ён закрыты. Ёсць шмат магчымасцей для таго, каб дасягнуць пастаўленай мэты. Нездарма работа ўніверсітэцкага бібліятэкара за мяжой вельмі прэстыжная і добра аплачваецца.

— Уладзімір Генадзьевіч, калі вярнуцца да пачатку нашай размовы, дыстанцыйнае навучанне — складаны працэс, многія замежныя ўніверсітэты ішлі да яго гадамі. Пандэмія вымусіла ўсіх паскорыцца. БДУ масава перайшоў на дыстанцыйнае і змешанае навучанне. І, нягледзячы на раптоўнасць сітуацыі, усё атрымалася нядрэнна. Як вы думаеце, дыстанцыйная форма — гэта добрая альтэрнатыва, наколькі яна будзе запатрабавана пасля пандэміі?

— Мы чакаем, што дыстанцыйныя формы будуць адлюстраваны ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, бо дагэтуль універсітэт развіваў гэты напрамак выключна па сваёй ініцыятыве. Уся інфраструктура была створана людзьмі, якія бачылі перспектыву дыстанцыйнага навучання. У нас укараняўся Moodle, праводзіліся курсы для выкладчыкаў, дзе іх вучылі фарміраваць свае курсы на гэтай платформе. І зараз гэта вельмі дапамагло — многія выкладчыкі і студэнты аказаліся гатовымі ажыццяўляць вучэбны працэс у змешанай і дыстанцыйнай форме.

Рэпазіторый таксама ніхто нам не навязваў. Універсітэцкія бібліятэкі ўзялі на сябе дадатковую нагрузку, нам часта бракавала праграмістаў, нармальных камп’ютараў, іншай тэхнікі, але мы зрабілі такія моцныя праекты. Сёння ў Беларусі 32 універсітэцкія рэпазіторыі. Для параўнання: столькі ж — у вялізнай Расіі, дзе каля 800 універсітэтаў. Колькасць кантэнту таксама супастаўляльная. Беларусь тут у лідарах, і гэта ніякімі нарматыўнымі актамі не рэгулявалася. Людзі рабілі ўсё з апярэджаннем, бо разумелі: гэта патрэбна ўніверсітэтам. І тым больш нам гэта відавочна зараз!

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.