Дробязей не бывае

- 10:14Нам пішуць

Цёмнымі доўгімі зімовымі вечарамі кожны з нас углядаецца ў акно і марыць. Думкі павольна плывуць адна за адной, цягнучы за сабой разнастайныя карцінкі, вобразы і ўспаміны. У дарослых яны адны, у дзяцей — іншыя. Дзеці ўспамінаюць, як з сябрамі хадзілі ў кінатэатр, каталіся на санках і каньках, будавалі снежныя ўмацаванні ці аглядалі ваколіцы з самага высокага месца — Навагрудскага замка. Дарослыя з хваляваннем чакаюць іх звароту дадому. Непрыкметна цямнее, а дарога ў такі час можа прынесці непрыемныя сюрпрызы.

Для папярэджання траўматызму і няшчасных выпадкаў у сярэдняй школе № 7 Навагрудка арганізавана мэтанакіраваная работа. Кожную пятніцу атрад юных інспектараў дарожнага руху, які складаецца з вучняў 6—8 класаў, праводзіць рэйд “Флікер”. З самага ранку каля ўвахода ва ўстанову адукацыі юныя інспектары правяраюць наяўнасць святлоадбівальных элементаў у вучняў школы.

У пачатковых класах ладзяцца не проста гутаркі з запрашэннем інспектараў ДАІ Навагрудскага РАУС, але і запамінальныя інтэрактыўныя гульні, якія нагадваюць правілы дарожнага руху. Такія гульні ствараюць гурткоўцы, выкарыстоўваючы сэрвіс learningapps.org. Члены атрада ЮІДР здымаюць відэаролікі і дэманструюць іх у фае ўстановы адукацыі на перапынках, арганізоўваюць акцыі “Засвяціся ў цемры”, “Фликеры детям купите, родители, пусть в темноте их увидят водители”, “Дарога і мы”, фантастычныя міні-гульні (напрыклад, “Неіснуючы знак”; мэта — намаляваць фантастычны дарожны знак і даказаць яго неабходнасць на дарогах). Паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах па ПДР, аглядах-конкурсах юных інспектараў дарожнага руху. Асноўная мэта — папярэджанне дарожна-транспартнага траўматызму.

На першы погляд здаецца, што ўсё гэта дробязь. Але калі мы з вамі чытаем навіны ці глядзім тэлевізар, то разумеем, што дробязей у нашым жыцці не бывае.

Надзея ДРАНІЦА,
настаўніца фізікі і матэматыкі, кіраўнік гуртка ЮІДР

сярэдняй школы № 7 Навагрудка.