Дружба ў імя міру

- 15:47Апошнія запісы, Выхаванне, Рознае

Сапраўдная дружба не мае межаў, для яе не перашкода ні адлегласць, ні час. У гэтым ужо дзясяты раз пераканалі ўдзельнікі Міжнароднага маладзёжнага форуму “Дружба без межаў”, які па традыцыі сабраў сваіх сяброў у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Адзначыць юбілей форуму з’ехаліся лідары і актывісты маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўнікі дзяржаўных структур па справах моладзі з Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, а таксама прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Адна з адметнасцей “Зубраняці” ў тым, што ўсе сустрэчы праходзяць у дружнай атмасферы, часта пад песні каля кастра. Так і адкрыццё форуму праходзіла каля вогнішча і пад музычныя прывітанні яго ўдзельнікаў. Пад патрэскванне дроў і водар смажанай бульбы над Нараччу развіваліся дзевяць сцягоў і гучалі песні на дзевяці мовах.
Падчас адкрыцця форуму дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева напомніла, што першапачаткова форум зараджаўся як форум прыгранічных краін і гэта знайшло сваё адлюстраванне нават на ландшафтнай карце, дзе рознымі колерамі пазначаны межы з суседнімі дзяржавамі. Але ўжо на другі год форум пашырыў сваю геаграфію і атрымаў назву “Дружба без межаў”.
— Сапраўды, з некаторымі краінамі — удзельніцамі форуму няма межаў ні на карце, і, галоўнае, няма іх і ў нашых сэрцах, — зазначыла Надзея Генадзьеўна. — Гэтае пачуццё мы павінны ўмацоўваць і падтрымліваць. Гэта галоўная мэта і прызначэнне нашага форуму: сябраваць адно з адным, сябраваць сем’ямі і ў рэшце рэшт — сябраваць краінамі. Гэтая дружба ў імя міру.

Сярод запланаваных мерапрыемстваў адбыўся круглы стол “Моладзь. Грамадства. Супрацоўніцтва”. На ім прадстаўнікі ўсіх дэлегацый змаглі задаць свае пытанні намесніку міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В.В.Якжыку. Сярод іх — пашырэнне культурнага абмену, пытанні здаровага ладу жыцця, працаўладкавання, абароны дзяцінства, сумесных мерапрыемстваў і многія іншыя.
Улічваючы, што ў СНД 2015 год аб’яўлены Годам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, быў абмеркаваны і магчымы выхад на міжнародны ўзровень праектаў і акцый, прысвечаных Вялікай Перамозе.
— Не першы раз форум праводзіцца напярэдадні пасяджэння Савета па справах моладзі краін СНД: ужо ў сераду ў Арменіі на ім будзе старшынстваваць Рэспубліка Беларусь, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык. — І гэта цудоўная практычная пляцоўка для маладзёжных лідараў як школьных, так і студэнцкіх фарміраванняў розных краін. Менавіта тут яны прапрацоўваюць пытанні, якія потым выносяцца на пасяджэнні Савета, абмяркоўваюцца праблемы, якія сёння хвалююць моладзь. Мерапрыемствы, якія праходзяць у розных краінах, моладзь выносіць на міжнародны ўзровень. У свой час менавіта на гэтым форуме Беларусь прэзентавала свой праект “100 ідэй для Беларусі”, а потым удзельнікі іншых краін прапанавалі пашырыць яго да маштабаў СНД. І ў цэлым і маладзёжная палітыка, і культурныя, творчыя погляды нашых краін — гэта важны сегмент, каб моладзь сябравала, абмяркоўвала пытанні, якія іх турбуюць, знаходзіла шляхі іх вырашэння. Я шчыра рады, што аб’ядноўвае ўсе краіны менавіта Беларусь і “Зубраня”.

На працягу змены каардынаваць работу прадстаўнікоў дэлегацый будзе Савет міжнароднага маладзёжнага форуму. Будзе працаваць і клуб “Шлях да поспеху”, дзе плануецца абмяркоўваць тэмы міжнароднага супрацоўніцтва моладзі, дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, практычнай занятасці і працаўладкавання моладзі. Запланаваны прэзентацыі дэлегацый у рамках нацыянальных гасцёўняў, насычаная адпачынкавая і экскурсійная праграма.

 

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.