Дружная школьная сям’я

- 12:25Нам пішуць

У маі гэтага года ў нашай навучальнай установе ўпершыню праводзіўся конкурс “Я, ты, ён, яна — разам дружная школьная сям’я!”. Галоўная ідэя конкурсу — аб’яднаць усіх вучняў у творчым працэсе з дапамогай музыкі, крэатыўных ідэй і пазітыўнага настрою.

Класныя калектывы загадзя атрымалі творчае заданне — падрыхтаваць сваю візітную картку. Абавязковай умовай конкурсу быў удзел кожнага вучня класа і класнага кіраўніка ў выступленні.

Усе вельмі старанна рыхтаваліся, шукалі новыя ідэі, вылучалі тое, што адрознівае іх ад іншых. Класныя кіраўнікі актыўна ўключыліся ў творчы працэс і з энтузіязмам падтрымалі цікавыя задумкі сваіх вучняў.

У конкурсе прынялі ўдзел усе вучні з 1 па 11 клас. Хто расказваў пра сябе ў незвычайнай манеры, хто ў фальклорным стылі прадставіў сваю візітную картку, а хто зрабіў стаўку на гумар і сучасныя музычныя рытмы. Перамогу святкавалі вучні 3 класа разам са сваім кіраўніком Валянцінай Мікалаеўнай Клімко. Усе ўдзельнікі атрымалі граматы і каштоўныя парады ад членаў журы.

А самае прыемнае, што нават тыя вучні, якія не заўсёды актыўныя падчас вучэбных заняткаў, з вялікім захапленнем выступалі на сцэне. Гэта значыць, што кожны адчуў сябе пераможцам, паверыў у свой поспех.

Вераніка АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Шчорсаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.