Два гады вучышся — два дыпломы атрымліваеш

- 14:17Вышэйшая школа, Рознае

Міжнародная двухгадовая англамоўная магістратура па спецыяльнасці “Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі” (у англамоўным варыянце гучыць як Industrial Management) адкрылася ў БДУ. Паступаць сюды могуць выпускнікі I ступені вышэйшай адукацыі як эканамічных, так і іншых спецыяльнасцей. Распрацаваная разам з Універсітэтам прыкладных навук Мітвайда (Германія), магістрантам яна дасць магчымасць атрымаць два дыпломы магістра — БДУ і нямецкага ўніверсітэта. 

Расказаць больш падрабязна аб новай праграме мы папрасілі яе кіраўніка — прарэктара па вучэбнай рабоце БДУ доктара эканамічных навук Аляксея ДАНІЛЬЧАНКУ.
“З Універсітэтам прыкладных навук Мітвайда, у склад якога ўваходзіць факультэт эканомікі і інжынерных навук, мы супрацоўнічаем з 2012 года, калі было падпісана рамачнае пагадненне. Яно дазволіла распрацаваць сумесную праграму на ўзроўні бакалаўрыята для нямецкага ўніверсітэта і на ўзроўні спецыялітэта для БДУ. Зараз мы выйшлі на новы віток супрацоўніцтва — падрыхтавалі сумесную магістарскую праграму на англійскай мове”, — адзначыў Аляксей Данільчанка.

Так, вучэбная праграма па спецыяльнасці “Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі” прадугледжвае навучанне па эканамічных, кіраўніцкіх і прыродазнаўчых навуках. Такое мультыдысцыплінарнае напаўненне дае магчымасць выпускнікам гэтай спецыяльнасці працаваць у сферы менеджменту, маркетынгу, кантролінгу, лагістыкі, займацца фінансавым аналізам і аўдытам. Гэта пры тым, што магістарская праграма разлічана не толькі на выпускнікоў эканамічных спецыяльнасцей.

“Выпускнікі неэканамічных спецыяльнасцей будуць здаваць дадатковы экзамен па эканамічнай тэорыі. Пры станоўчай адзнацы па ім яны дапускаюцца да асноўнага экзамену — па асновах менеджменту, які здаюць выпускнікі і эканамічных спецыяльнасцей”, — расказаў Аляксей Данільчанка.

Усіх жадаючых вучыцца ў магістратуры па спецыяльнасці “Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі” чакае субяседаванне па англійскай мове, мэта якога — устанавіць, ці гатовы паступаючы да вучобы па-англійску.
Як адзначыў Аляксей Данільчанка, кіраўнік праграмы ад Беларусі, магістрантам будзе давацца магчымасць самастойна фарміраваць сваю траекторыю навучання. Так, для выпускнікоў I ступені вышэйшай адукацыі неэканамічных спецыяльнасцей будуць прапаноўвацца модулі на выбар эканамічнай скіраванасці, для выпускнікоў эканамічных спецыяльнасцей — модулі, якія паглыбяць іх веды ў галіне сучасных тэхналогій, сярод якіх і IT.

“Для беларусаў — выпускнікоў магістратуры атрыманне і айчыннага, і нямецкага дыпломаў стварае шансы для добрага працаўладкавання як на беларускіх прадпрыемствах, так і на прадпрыемствах з замежным капіталам. Упэўнены, што выпускнікі магістарскай праграмы зробяць вялікі уклад у развіццё беларуска-нямецкіх эканамічных адносін”, — адзначыў Аляксей Данільчанка, прарэктар па вучэбнай рабоце БДУ.

“Ідэя сумеснай праграмы заключаецца ў тым, каб за першы семестр ураўнаваць веды тых, хто мае эканамічную адукацыю, і тых, хто атрымаў на I ступені іншую адукацыю”, — адзначыў прарэктар па вучэбнай рабоце БДУ.

Набор на магістарскую спецыяльнасць будзе весціся як у БДУ, так і ва Універсітэце прыкладных навук Мітвайда. У першым семестры нямецкі бок плануе залічыць трох магістрантаў. Беларускі бок бачыць магчымым набраць 20 чалавек.

“У БДУ мы плануем набраць 5 бюджэтнікаў і 15 платнікаў”, — удакладніў Аляксей Данільчанка.

Трэба адзначыць, што распрацаваная магістарская праграма “Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі” падтрымліваецца Германскай службай акадэмічных абменаў (DAAD). У прыватнасці, беларускім магістрантам у найбліжэйшыя два гады будзе выдзелена 5 стыпендый для праходжання навучання ў Германіі.

Пасля першага семестра стыпендыяты будуць мець магчымасць не менш за адзін семестр вучыцца па аналагічнай спецыяльнасці ва Універсітэце прыкладных навук Мітвайда.

“Для атрымання двух дыпломаў абараняць дысертацыю на англійскай мове абавязкова трэба і ў Германіі, і ў Беларусі. Аднак не выключана, што мы знойдзем варыянт, які дазволіць пры аднаразовай абароне ацаніць магістарскую дысертацыю і беларускаму, і нямецкаму боку. Магчыма, абарона будзе арганізавана праз сістэму Skype, можа, да нас прыедуць нямецкія выкладчыкі”, — падзяліўся планамі Аляксей Данільчанка.

Магістранты англамоўнай спецыяльнасці “Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі” будуць праходзіць практыку на вядучых беларускіх і нямецкіх прадпрыемствах, менеджарамі якіх сумесна з навуковымі кіраўнікамі і будуць фармулявацца тэмы магістарскіх даследаванняў.

“За аснову магістарскай праграмы “Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі” была ўзята аналагічная нямецкамоўная. Аднак у англамоўную быў уключаны шэраг новых прадметаў, прапанаваных беларускім бокам, якія прызналі і немцы”, — адзначыў Аляксей Данільчанка.

Так, новым, якога не было ў нямецкамоўным варыянце, стаў курс “Вытворча-лагістычны менеджмент”, распрацаваны беларускім прафесарам доктарам эканамічных навук Аленай Карпенка.

Трэба адзначыць, што выкладчыкі, якія будуць чытаць курсы для магістрантаў спецыяльнасці “Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі”, маю ць вопыт работы на прадпрыемствах, у фірмах. Многія працуюць у галіне кансультавання бізнес-працэсаў.

Напрыклад, дацэнт БДУ Дзмітрый Лук’янаў, які з’яўляецца членам Міжнароднай асацыяцыі кіравання праектамі і адначасова выступае трэнерам-кансультантам, паслугамі якога карыстаюцца прамысловыя прадпрыемствы, будзе чытаць курсы па стратэгічным менеджменце, кіраванні праектамі.

Дацэнт БДУ Вольга Малашанкава, якая з’яўляецца спецыялістам у галіне венчурнага інвесціравання (па гэтай праблематыцы піша доктарскую дысертацыю), будзе выкладаць курс “Інавацыйны менеджмент”.

Заўважым, што партнёрамі магістарскай праграмы з’яўляюцца прадстаўнікі як нямецкага бізнесу (члены гандлёва-прамысловай палаты Хемніца, члены МІКОМІ — Інстытута сурацоўніцтва з малым бізнесам Мітвайда), так і беларускага (удзельнікі Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў, Канфедэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў).

“Спадзяёмся, што чытаць пэўныя модулі прыедуць і нямецкія спецыялісты. Паспрыяць такому абмену павінен той факт, што БДУ ўдзельнічае ў міжнароднай праграме мабільнасці для выкладчыкаў Erasmus+”, — расказаў Аляксей Данільчанка.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.