Двухтыднёвае меню і буфет у асобным памяшканні: як рэалізуецца пілотны праект па харчаванні ў школе № 52 Мінска

- 9:43Актуально, Образование

Сярэдняя школа № 52 Мінска падзялілася вопытам рэалізацыі пілотнага праекта па апрабацыі новых тэхналогій і прынцыпаў арганізацыі школьнага харчавання, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Школу наведалі кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Маскоўскага раёна Мінска.

— Самая галоўная задача была арганізаваць графік харчавання, улічваючы ўзроставыя асаблівасці навучэнцаў і час іх знаходжання ва ўстанове ў залежнасці ад раскладу заняткаў, а таксама размясціць вучняў у абедзеннай зале, каб усім было зручна і камфортна. Для гэтага быў зменены расклад званкоў у пачатковых класах, — расказала дырэктар 52-й школы Аксана Цуран. — У чым сутнасць новых падыходаў? Замест снедання, абеду і падвячорка дзеці атрымліваюць абед, падвячорак і вячэру.

Першы прыём ежы арыенціровачна праз 3,5 гадзіны пасля пачатку заняткаў, і гэта паўнавартасны абед, бо навучэнцы прыходзяць у школу, паснедаўшы дома. Харчаванне ў школе носіць падтрымліваючы характар, каб дзіця магло паўнацэнна займацца. Асноўнае харчаванне — гэта клопат бацькоў.

Колькасць прыёмаў ежы залежыць ад часу знаходжання вучняў ва ўстанове адукацыі: ад 3,5 да 6 гадзін — аднаразовае харчаванне; ад 6 да 10 гадзін — двухразовае; больш за 10 гадзін — трохразовае.

Каб ежа падабалася ўсім школьнікам, распрацавана двухтыднёвае меню з улікам смакавых пераваг па выніках анкетавання дзяцей і іх бацькоў. На працягу эксперымента ўносіліся змены і карэктывы. А самае галоўнае — школьнікі і іх бацькі могуць зрабіць выбар: абед 1 (без супу) або абед 2 (з супам).

У рамках праекта прааналізавана ўмяшчальнасць сталовай і прынята рашэнне аб пашырэнні плошчы абедзеннай залы за кошт пераносу буфета ў асобнае памяшканне. Была набыта мэбля для стварэння дадатковых пасадачных месцаў у абедзеннай зале, да таго ж арганізавана музычнае суправаджэнне прыёму ежы, устаноўлены тэлевізары. Абсталяваны новы буфет і асобнае памяшканне для харчавання работнікаў школы. У штатны расклад уведзена стаўка «Адміністратар», у абавязкі якога ўваходзіць каардынацыя дзеянняў дзяжурных сталовай, рэгуляванне патокаў дзяцей пры іх перамяшчэнні, каардынацыя дзеянняў работнікаў сталовай для прадухілення стоўпатварэння.

Надзея ЦЕРАХАВА