Дырэктар Раздзялавіцкай школы: «Наша дзейнасць накіравана на выхаванне ў вучнях любові і павагі да Радзімы»

- 14:11Пресс-тур «Настаўніцкай»

Аграгарадок Раздзялавічы, што ў Ганцавіцкім раёне, адметны сваёй гаворкай і культурнымі здабыткамі. Жыхары гэтага палескага куточка вельмі шануюць свае традыцыі і захоўваюць сувязь пакаленняў, што мы і ўбачылі ў мясцовай школе. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 У фае Раздзялавіцкай школы сустракала шыкоўная выстава вышытых ручнікоў, карцін і твораў мясцовага майстра — рэз­чыка па дрэве Георгія Дубоўскага. У школе старанна захоўваюць і развіваюць таленты мясцовых майстрых. Іх вышыўка прыцягвае яркасцю колераў і стылем выканання — буйныя кветкі і густы арнамент прымушаюць спыніцца і разгледзець дэталі.

Але дырэктар Віктар Міхайлавіч Супрун запрашае працяг­нуць знаёмства са сваёй навучальнай установай. Тэмай гаворкі стала духоўна-маральнае выхаванне, таму кіраўнік звяртае нашу ўвагу на галерэю “Педагагічная слава” з інфармацыяй пра настаўнікаў, якія прысвяцілі сваё прафесійнае жыццё Раздзялавіцкай школе. Такое шанаванне педагогаў фарміруе павагу да самай высакароднай прафесіі і з’яўляецца добрым стымулам стаць настаўнікам для падрастаючага пакалення.

“Уся наша дзейнасць накіравана на выхаванне ў нашых вучнях чалавечнасці, міласэрнасці, любові і павагі да сваёй Радзімы, яе гісторыі, мовы і культуры”, — адзна­чыў Віктар Міхайлавіч. І за гэтымі, як можа падацца, пафаснымі словамі стаіць штодзённая карпатлівая праца ўсяго педагагічнага калектыву.

У канцы калідора нас чакала інтэрактыўная музейная экспазіцыя, дзе прадстаўлена інфармацыя пра факты генацыду мірнага насельніцтва ў Ганцавіцкім раёне і на тэрыторыі Беларусі. А дырэктар працягваў: “Высокамаральнага чалавека нельга ўявіць без такіх якасцей, як патрыятызм, гонар за сваю краіну, яе гісторыю і культуру. Мы стварылі і развіваем музейны куток (у пачатку навучальнага года з’явіліся дзве новыя інсталяцыі), праводзім тут тэматычныя мерапрыемствы з удзелам не толькі нашых вучняў. Сюды прыходзяць бацькі, работнікі суседніх арганізацый, прыязджаюць дзеці з навакольных школ. У нас працуе выдатны кіраўнік па ваенна-патрыя­тычным выхаванні М.В.Кісялевіч, дзейнічае школа юнага экскурсавода. 

З’яўляемся актыўнымі ўдзель­нікамі (і ўладальнікамі дыпломаў) рэспубліканскага праекта “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”. Нашы вучні прадукцыйна займаюцца даследчай работай. Дзякуючы ім, адноўлены старонкі жыцця вязняў Асвенціма Ліпінскай Акуліны Сцяпанаўны, Новікава Івана Васільевіча, савецкага лётчыка, загінуўшага каля Раздзялавіч у першыя дні вайны, нашых землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя даследаванні таксама адзначаны дып­ломамі як на раёне, так і ў вобласці”.

Ад сябе хачу дадаць, што без мастацкага таленту настаўніцы працоўнага навучання Наталлі Канстанцінаўны Шэсцюк уражанні ад убачанага ў музейным кутку былі б іншымі. У прыватнасці, педагог зрабіла вялікі (амаль на ўсю сцяну) тэматычны малюнак на тэму трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны, які, канечне, дабаўляе эмоцый. 

У Раздзялавіцкай школе наладжана супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой. “Асновы духоўнасці нашы вучні спасцігаюць падчас факультатыўных заняткаў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, на сустрэчах з айцом Аляксандрам, настаяцелем прыхода Прасвятой Багаро­дзіцы. Ужо традыцыйнымі сталі духоўныя размовы напярэдадні такіх свят, як Дзень маці, Раство Хрыстова, Вялікдзень. Айцец Аляксандр — часты госць на пасяджэннях вучнёўска-бацькоўскага клуба, дыялогавых пляцоўках, прысвечаных сям’і, унутрысямейным адносінам, адносінам паміж пакаленнямі, а таксама на занятках рэспубліканскага праекта “Баць­коўскі ўніверсітэт”, — адзначыў Віктар Міхайлавіч.

“Выхаванне маральных якасцей навучэнца немагчыма без узаема­дзеяння з сям’ёй. На працягу 8 гадоў у нашай школе працуе бацькоўскі клуб “Радасць зносін”, у пералік задач якога ўваходзіць гарманізацыя адносін паміж бацькамі і дзецьмі, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця, умацаванне ўнутрысямейных адносін. Сярод мерапрыемстваў клуба: бацькоўскія гасцёўні, майстар-класы, кафэ добрага настрою, дыялогавыя пляцоўкі, выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У рамках клуба рэалізуецца праект “Разам у будучыню”, мэта якога — папярэджанне злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх”, — падключылася да размовы намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Нона Мікалаеўна Валуевіч.

Выхаванню міласэрнасці, спагады спрыяе валанцёрская і даб­рачынная дзейнасць. У школе дзейнічае валанцёрскі атрад “Доб­рае сэрца”, кірункамі дзейнасці якога з’ўляецца дапамога адзі­нокім людзям, догляд тэрыторыі памятных месцаў, звязаных з па­дзеямі Вялікай Айчыннай вайны, арганізацыя дабрачынных акцый, каляднага кірмашу.

А візітоўкай Раздзялавіцкай школы з’яўляецца работа па аднаўленні, рэканструкцыі элементаў матэрыяльнай і духоўнай спадчыны продкаў, жыхароў Раз­дзялавіч. І спадчына гэта абсалютна непаўторная.

Сведчанне таму — своеасаб­лівы палескі дыялект, мясцовая вопратка, абрады, танцы і песні. “Стараннямі нашых вучняў рэканструяваны жаночы касцюм XIX і пачатку XX стагоддзя (у свой час даследчая работа атрымала дыплом I ступені на абласным этапе конкурсу “Радавод”). Матывы народнага касцюма выкарыстоўваюцца ўдзельнікамі аб’яднання “Умелыя ручкі” пры падрыхтоўцы калекцый касцюмаў на раённы фестываль “Арт-подыум”.

На працягу 10 гадоў удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Радавод”, кіраўніком якога з’яўляецца Наталля Канстанцінаўна Шэсцюк, зай­маюцца адраджэннем народных аўтэнтычных абрадаў нашай мясцовасці — “Купалле”, “Дзяды”, “Вяночак”. Абрад “Дзяды” занесены ў спіс матэрыяльнай спадчыны рэс­публіканскага значэння. Канечне, творчы калектыў “Радавод” мае багаты спіс рознага кшталту ўзнагарод”, — не без гонару заўважыла Нона Мікалаеўна.

Трэба адзначыць, што гонар педагога поўнасцю раздзяляем, бо нашай увазе была прадстаўлена частка творчай дзейнасці калектыву — некалькі танцавальных нумароў. Глядзець на прыгожых дзяўчат у адметных народных касцюмах было прыемна і вельмі цікава. Заварожвалі знаёмыя і не вельмі танцавальныя рухі, музыка. А ад вышыўкі на спадніцах і кофтах, якія стракацелі ў музычных рытмах, вачэй было не адарваць.

Ужо пасля падчас размовы высветлілася, што ўсё пашыта і вышыта рукамі мам і бабуль. Дзесьці падключаліся і самі дзяўчаты, бо вышыўка была нават на абутку! Стала зразумела, што ў гэтых краях умеюць не проста трымаць іголку з ніткай, тут ствараюць мастацкія шэдэўры.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА