Дырэктар Стралічаўскай школы: сваю прафесійную дзей­насць будую на даверы, адкрытасці і справядлівасці

- 12:08Интервью, Образование, Школа управления

Стралічаўская сярэдняя школа імя У.М.Марчанкі знаходзіцца за сем кіламетраў ад Хойнікаў. Дагледжаны будынак і прыгожыя клумбы сведчаць пра цвёрдую руку гаспадара. У дырэктара Аляксандра Вяргейчыка ўсё пад кантролем. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Аляксандр Леанідавіч, школьныя кветнікі заўсёды сустракаюць багаццем колераў і арыгінальнымі формамі. Але ружы на Гомельшчыне — па-за канкурэнцыяй.

— Клімат у нас для іх спрыяльны. Ды і работнікі ўкладваюць душу ў клумбы, таму і вынік такі маем. (Кус­ты руж у дзень майго прыезду проста захаплялі багаццем кветак. — Заўвага аўтара.)

— На пасадзе дырэктара вы з 2009 года і ў школу прыйшлі са спартыўнай сферы. Складана было адаптавацца?

— Не вельмі. Дапамаглі спартыўная загартоўка і кіраўніцкі вопыт, які пас­пеў набыць на той час. Акрамя таго, я родам з Хойнікаў, таму добра разумею норавы мясцовых жыхароў. Пасля заканчэння інстытута фізічнай культуры працаваў дырэктарам стадыёна ў раённым цэнтра. Затым 13 гадоў быў старшынёй спартыўнага камітэта Хойніцкага раёна, пасля — трэнерам у спартыўнай школе. Педагагічная дзейнасць настолькі захапіла, што калі запрасілі працаваць у Казелужскую сярэднюю школу, то з задавальненнем пагадзіўся. Праз некаторы час з’явіліся поспехі, якія і сталі зыходным пунк­там для дырэктарства ў школе. І вось ужо на працягу 14 гадоў з’яўляюся кіраўніком Стралічаўскай школы.

— Наколькі змяніўся функцыянал дырэктара з тых часоў?

— Вельмі пашырыўся. Сёння дырэктару школы даводзіцца выра­шаць вялікую колькасць пытанняў. На ім і арганізатарская, і каардынуючая, і кант­ралюючая функцыі. Пас­таянна неабходна планаваць і аналіза­ваць уласную дзейнасць і работу свайго калектыву, вызначаць найважнейшыя напрамкі, стратэгію развіцця. Сёння дырэктару школы неабходна мець юрыдычныя веды, разбірацца ў будаўніцтве, быць фінансава дасведчаным і ўмець правільна і своечасова заўважаць патрэбы педагагічнага і вучнёўскага калектываў. Няпростыя часы для дырэктара — падрыхтоўка да рамонту і непасрэдна сам рамонт.

— Пагаджуся. Вельмі часта даводзіцца чуць пра цяжкасці, якія ўзнікаюць падчас гэтага няпростага працэсу. А для маладых дырэктараў нават касметычны рамонт іншым разам ператвараецца ў катастрофу.

— Аўтарытэтнаму дырэктару, канечне, прасцей падрыхтавацца і правесці рамонтныя работы ў навучальнай установе. Кіраўнік школы — асоба публічная, таму вядомая ў горадзе і раёне. Калі ён сваёй працай заслужыў павагу, то дамовіцца з будаўнічымі арганізацыя­мі, іх прадстаўнікамі значна прасцей. У гэтым пытанні рэпутацыя мае вялікае значэнне. З іншага боку, трэба і самому ўмець выконваць пэўныя будаўнічыя работы. У нашым калектыве не толькі выдатныя педагогі, але і майстры ў фарбаванні падлогі, паклейцы шпалер, аздабленні сцен у рэкрэацыях і на лесвіцах. Напрыклад, настаўніца працоўнага навучання Кацярына Віктараўна Каленчанка — сапраўдная мастачка. Вы ўжо бачылі нашы шыкоўныя яблыкі на сценах у сталовай (яблыкі, насамрэч, шыкоўныя, вялікія і вельмі падобныя да сапраўдных. — Заўвага аўтара.) і яркія малюнкі на лесвічных пралётах. Мы многае ўмеем і робім самі. Наша педагагічная каманда вельмі згуртаваная.

Стралічаўская сярэдняя школа, адноўленая пасля трынаццацігадовага закрыцця, звязанага з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС, зноў адчыніла свае дзверы 31 снежня 2003 года. У 2004 годзе школе было прысвоена імя гераічнага земляка Уладзіміра Мікітавіча Марчанкі.

Сёння ў школе вучыцца больш за 90 вучняў, для якіх створаны камфортныя ўмовы для навучання і выхавання. У навучальнай установе дзейнічае школьны музей “Спадчына” (кіраўнік Святлана Мікалаеўна Дыгун), на базе якога вядзецца адукацыйна-асветніцкая і выхаваўчая работа. Сабраныя экспанаты, дакументы, фота дапамагаюць выхоўваць у дзецях паважлівае стаўленне да культурных традыцый рэгіёна, павагу да гістарычнага мінулага нашай краіны.

— Пакуль мы з вамі хадзілі па школьных калідорах і класах, заўважыла, што ў вас не проста чыста і ўтульна — многае адрамантавана і абноўлена.

— Канечне, мы рыхтаваліся да новага навучальнага года: пафарбавалі фасад школы, зрабілі касметычны рамонт у спартыўнай зале, вучэбных кабінетах, сталовай. Абнавілі і кухню, бо сёлета далучыліся да сістэмы харчавання дзяцей па новых правілах. Увогуле, пытанні рамонту трэба прадумваць зага­дзя. Як мінімум з пачатку навучальнага года заняцца праектнай дакументацыяй, палічыць колькасць неабходных будаўнічых матэрыялаў (той жа фарбы, напрыклад), бо калі вы задумаецеся пра рамонт у маі, то нічога не паспееце.

— Сапраўды, разлічыць бюджэт рамонтных работ — справа не з лёгкіх. Пачынаючаму дырэктару давядзецца перагледзець шмат дакументацыі і правесці не адну кансультацыю з вопытнымі калегамі. Дарэчы, наконт дакументацыі: што на вашым рабочым стале заўсёды пад рукой?

— План работы. У школу я прыяз­джаю ў пачатку восьмай. Урокі пачынаюцца з 9.00, і да гэтага часу паспяваю абысці ўсю школу. І першым пунктам з’яўляецца сталовая. Арганізацыі харчавання заўсёды ўдзя­ляем шмат увагі. У нас выдатны кухар, хапае пасадачных месцаў для ўсіх навучэнцаў. Ра­зам з тым штодзённы маніторынг дапамагае зрабіць харчаванне дзяцей яшчэ лепшым. Акрамя таго, такі ранні прыход у школу дазваляе аператыўна вырашаць гаспадарчыя пытанні.

У працяг размовы пра партфель дакументаў хочацца адзначыць наступнае. Канечне, асабліва важнымі для кіраўніка школы з’яўляюцца нарматыўныя дакументы Міністэрства адукацыі. Безумоўна, на маім стале ёсць Кодэкс аб адукацыі, інструктыўна-метадычныя пісьмы, загады і рашэнні галоўнага ўпраўлення і аддзела адукацыі, унутраныя дакументы. У школьнай кіраўніцкай дзейнасці важна не забываць пра спецыфічныя санітарныя нормы і правілы, інструкцыю аб супрацьпажарнай бяспецы, што з’яўляецца асновай для стварэння бяспечных умоў ва ўстанове адукацыі. Дзякуючы прафесіяналізму маіх намеснікаў і сакратара мы спраўляемся з дакументаабаротам.

Пра педагога-арганізатара Аляксандра Савіцкага добра ведаюць не толькі ў Хойніках, але і ў Гомелі. Гэта чалавек-аркестр, які з лёгкасцю любога навучыць выразна чытаць вершы, спяваць, іграць у тэатральнай пастаноўцы, пераможна жартаваць на КВЗ. А яшчэ Аляксандр Міхайлавіч — выдатны школьны сцэнарыст. Усе арганізаваныя ім святы праходзяць на ўра. Нядзіўна, што на занятках у яго заўсёды аншлаг. Навучэнцы ведаюць, што там будзе не проста весела. Для іх гэта магчымасць творчага самавыяўлення.

— Аляксандр Леанідавіч, якіх правіл прытрымліваецеся, кіруючы педагагічным і вучнёўскім калектывамі?

— Сваю прафесійную дзей­насць найперш будую на даверы, адкрытасці і справядлівасці. Дзверы майго кабінета заўсёды адчынены. Узаемапавага, падтрымка і добрая парада ў няпростых сітуацыях умацоўваюць прафесійныя і чалавечыя сувязі. Наша школа вясковая. Тут усе добра веда­юць адно аднаго і ўсе навідавоку, таму мы імкнёмся трымаць высокую педагагічную планку. Я штодня сустракаю вучняў і калег перад пачаткам урокаў, каб упэўніцца, што ўсе ідуць вучыцца і працаваць у добрым настроі. Канечне, асабісты прыклад дырэктара таксама мае значэнне, таму заўсёды імкнуся адпавядаць пасадзе: дзелавы знешні выгляд і бадзёры працоўны настрой кіраўніка матывуюць і настаўнікаў, і вучняў, і бацькоў.

— Дарэчы, як будуеце адносіны з баць­камі?

— Гэтак жа, як і з настаўнікамі і вучнямі. Я заўсёды адкрыты да размовы. Нават калі сустракаю бацькоў на вуліцы, у магазіне, то заўсёды адказ­ваю на ўсе іх пытанні, заўвагі і прапановы. Тут важна быць шчырым і цярп­лівым. Акрамя таго, шмат работы з бацькамі (асветніцкай, растлумачальнай) праводзім у межах рэалізацыі праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Заўсёды запрашаем іх на ўсе школьныя святы, рэгулярна арганізоўваем бацькоўскія сходы.

Кабінет настаўніцы працоўнага навучання Кацярыны Каленчанка — гэта творчая майстэрня, дзе ўсе паліцы застаўлены вырабамі дзяцей. Кацярына Віктараўна — чалавек творчы і цікаўны, таму ўвесь час асвойвае новыя тэхнікі, а пасля вучыць ім сваіх дзяцей і калег. Яе вучаніца Таццяна Дзяргай стала пераможцай абласнога конкурсу творчых работ навучэнцаў памяці В.В.Гузава “Гэтая дзіўная шкатулка”. Дзяўчына прадставіла шкатулку як арт-аб’ект.

— Вы строгі кіраўнік?

— Працоўная дысцыпліна мае вялікае значэнне. Але гаворка не пра татальны кантроль. У кожнага ёсць свае прафесійныя абавязкі, і, калі яны выконваюцца, пытанняў ніякіх не ўзнікае. Увогуле хачу адзначыць, што ў нашай школе працуе высокапрафесійны, стабільны і аўтарытэтны калектыў. На сёння гэта дваццаць чалавек. Яшчэ пяць настаўніц знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску. Усе імкнуцца працаваць на вынік. Аднак педагагічная дзейнасць патрабуе вялікай самааддачы, таму, калі здараецца, што нехта засмучаецца, на дапамогу прыходзяць жарты ад дырэктара. Працуе! Мы каманда. Калі нешта трэба зрабіць, то заўсёды робім гэта разам. Ра­зам рыхтуемся да конкурсаў, алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, педагагічных майстар-класаў. Разам перажы­ваем і радуемся.

— Каторы раз пераконваюся, што кад­ры вырашаюць усё.

— Так. І нам ёсць кім ганарыцца. У прыватнасці, пераможцай раённага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” стала наша настаўніца пачатковых класаў Аксана Іванаўна Курленка.

Калектыў школы пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Аляксандра Міхайлавіча Савіцкага атрымаў дыплом II ступені ў абласным аглядзе-конкурсе Дзядоў Марозаў і Снягурак “Ёлка-фэст — 2022”.

Настаўніца працоўнага навучання Кацярына Віктараўна Каленчанка правяла два майстар-класы ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі на абласных семінарах па працоўным навучанні.

У школе рэалізуецца праект “Стралічава — здаровы гарадок”, які прапагандуе і фарміруе здаровы лад жыцця не толькі ў навучэнцаў і педагогаў школы, але і жыхароў аграгарадка. У рамках праекта праводзяцца акцыі, сустрэчы, велапрабегі, спартыўныя спаборніцтвы.

Стралічаўская сярэдняя школа імя У.М.Марчанкі — гэта яшчэ і калектыў творчых навучэнцаў, якія ўдзельнічаюць у конкурсах рознага ўзроўню.

У 2022/2023 навучальным го­дзе Раман Ільясевіч стаў пераможцам трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Грамадазнаўства” (дыплом III ступені). Навучэнцы нашай школы станавіліся дыпламантамі абласнога сезона гульняў сярод каманд КВЗ (дыплом III ступені), абласнога этапу рэспуб­ліканскага конкурсу “Дасягненні гісторыі: асобы і падзеі” (дыплом II ступені), конкурсу “Мая бяспечная будучыня”, абласной акцыі “Лета бяспекі” і інш.

— Жадаю не збаўляць абароты і ў новым навучальным годзе! Дзякуй за размову!

 Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара