Дырэктар. Цяпер ужо гімназіі № 43 Мінска

- 11:12Людзі адукацыі

Рашэннем Мінгарвыканкама ад 15 студзеня бягучага года сярэдняя школа № 2 Мінска перайменавана ў гімназію № 43. Усе фармальнасці, звязаныя з гэтай падзеяй, адбудуцца да 1 верасня, у тым ліку набор у 1-я класы, уступныя іспыты ў 5-я і 10-я класы. Вучні 6—8, а таксама 11 класаў будуць працягваць навучанне ва ўстанове адукацыі без іспытаў. Мы гутарым з дырэктарам установы Марыяй Фёдараўнай Кавалеўскай, выдатнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Марыя Фёдараўна неаднаразова была ўзнагароджана на раённым, гарадскім і рэспубліканскім узроўні, у тым ліку Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яна ўваходзіць у склад калегіі ўпраўлення адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска, а таксама прэзідыума Фрунзенскага РК прафсаюзаў і праўлення раённага грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”.
“З чаго ўсё пачалося? Аднойчы мяне, трэцякласніцу, настаўніца папрасіла праверыць верш у аднакласнікаў і ацаніць іх адказы. Які гэта быў гонар за такі давер! — узгадвае Марыя Фёдараўна. — Пачуццё задавальнення заўсёды мяне апаноўвае, калі ўдаецца адарыць кагосьці разумнай і слушнай парадай. За плячыма 35 гадоў бесперапыннага педагагічнага стажу. Большасць з іх працавала настаўніцай пачатковых класаў і настаўніцай беларускай мовы і літаратуры — спачатку ў сярэдняй школе № 126 Мінска, дзе мяне потым прызначылі намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а ў 2002 годзе — дырэктарам. У 2010 годзе я стала дырэктарам школы-новабудоўлі № 2.Задача кіраўніка, на мой погляд, — ствараць камфортнае адукацыйнае асяроддзе для калектыву і, зразумела, для вучняў. Прыйсці ў школу толькі для таго, каб фармальна адбыць урокі і пайсці дадому, — гэта тое, чаго я не дазваляю сабе і не прымаю ў калег. Настаўніку неабходна пастаянна пашыраць свой кругагляд і набываць веды па прадмеце, інакш ён адстане ад сваіх вучняў, яны не будуць яго паважаць і слухаць”.
Па выніках работы за 2015 год сярэдняя школа № 2 заняла другое месца ў Фрунзенскім раёне Мінска сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Педагогі ўстановы з самага яе адкрыцця ўкараняюць прагрэсіўныя новаўвядзенні. Зараз школа з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па апрабацыі мадэлі фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці навучэнцаў у рамках дзейнасці ўстановы як сацыякультурнага цэнтра.
Школьнікі дэманструюць высокія вынікі як на рэспубліканскім, так і на міжнародным узроўні. Так, Андрэй Эктаў, пераможца Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ, двойчы быў узнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. На XI Міжнароднай алімпіядзе па рускай мове для навучэнцаў школ з рускай мовай навучання краін СНД, Балтыі, Грузіі, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі навучэнец сярэдняй школы № 2 Арсеній Сіўцоў атрымаў дыплом пераможца ў намінацыі “Краіназнаўства”, дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Юны аратар”. Гэты ж вучань з’яўляецца пераможцы і ХІІ Міжнароднай алімпіяды.
Першае месца на гарадскім турніры “Юны матэматык” заняла навучэнка 4 класа Дар’я Пагоцкая. Марыя Загароўская перамагла на гарадскім фестывалі праектна-даследчых работ навучэнцаў пачатковых класаў у намінацыі “Мае першыя адкрыцці”. Першакласніца Уладзіслава Бажанава — пераможца гарадской інтэрнэт-алімпіяды па матэматыцы LOGIC.BY. І гэты пералік можна працягваць.
У 2012 года на базе школы адкрыўся міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі Фрунзенскага раёна. Адначасова ў сценах установы пачаў працаваць цэнтр па стральбе з пнеўматычнай зброі. На базе цэнтра ладзіцца і пазакласная работа. У 2014 годзе навучэнцы школы на ўзроўні рэспублікі занялі 1 месца ў ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. На працягу двух гадоў парадна-цырыманіяльны атрад установы з’яўляецца лепшым у горадзе ў намінацыях “Плац-парад” і “Атрад барабаншчыкаў”. Вядома школа і сваім музеем гонару і славы воінаў-інтэрнацыяналістаў.
“Амаль усе нашы выпускнікі паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, — адзначае Марыя Фёдараўна. — Я мару, каб гімназія № 43 стала адной з самых лепшых у сталіцы. Вельмі разлічваю ў гэтым плане на падтрымку бацькоў, якія з радасцю ўспрынялі навіну аб змене статусу ўстановы”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.