Сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі развіваюцца хуткімі тэмпамі, таму іх выкарыстанне на ўроках не можа абмяжоўвацца простым прымяненнем прэзентацый, відэафрагментаў, Google-тэста або віртуальнага эксперымента. Сённяшні дзень — гэта прастора глабальнай медыяадукацыі.
Як настаўнік беларускай мовы і літаратуры, які на працягу апошніх пяці гадоў інтэнсіўна вывучае і выкарыстоўвае разнастайныя ІКТ на ўроках мовы і літаратуры, хачу падзяліцца пэўнымі напрацоўкамі па гэтым кірунку.
Нашы дзеці растуць ва ўмовах інфармацыйнага грамадства, і школа з традыцыйнымі падыходамі да навучання здаецца вучню занадта сумнай. Каб арыентавацца ў падзеях і быць канкурэнтаздольным на рынку працы, сучаснаму вучню неабходна валодаць такой якасцю, як медыяпісьменнасць. Раней інфармацыю трэба было здабыць, і гэтаму дапамагала школа. Сёння інфармацыі вельмі многа, таму задача настаўніка — навучыць адбіраць патрэбнае, пазбягаць небяспекі маніпуліравання, адрозніваць факты ад меркаванняў, праўду ад дапушчэнняў.
У вучэбных планах па прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” прадстаўлены агульныя мэты і напрамкі ў навучанні, паказаны нормы, веды, якія кожны вучань павінен набыць да канца навучання ў школе. А школа павінна забяспечыць атрыманне навыкаў адэкватных паводзін вучняў у хутка зменлівым сучасным грамадстве, характэрнай асаблівасцю якога з’яўляецца вялікі паток інфармацыі. На першае месца выходзяць метады і ўменні работы з інфармацыяй.
Роля медыяадукацыі — дапамога вучням сучаснага інфармацыйнага грамадства. Яна дае адказы на шэраг актуальных пытанняў: як навучыць дзяцей арыентавацца ў глабальнай інфармацыйнай прасторы, як навучыць іх фарміраваць уласнае меркаванне на аснове інфармацыі, узятай з некалькіх крыніц, і як навучыцца адрозніваць праўду ад хлусні, ці, як цяпер кажуць, ад фэйкаў?
Медыяпісьменнасць — гэта актыўнае або пасіўнае ўспрыманне і выкарыстанне матэрыялаў медыя, уключаючы іх крытычнае асэнсаванне і ўсвядомленую ацэнку, разуменне метадаў, якія выкарыстоўваюць медыя і іх уплыў. Такім чынам, медыяадукацыя — гэта працэс, а медыяпісьменнасць — вынік адпаведнай адукацыйнай практыкі.
Адным з перспектыўных кірункаў фарміравання медыяпісьменнасці з’яўляюцца інтэрактыўныя вучэбныя курсы, якія прадугледжваюць актыўнае ўзаемадзеянне ўсіх удзельнікаў навучання, наяўнасць зваротнай сувязі паміж настаўнікам і вучнямі з дапамогай электроннай пошты. Дыстанцыйнае навучанне мае вялікія перспектывы, паколькі дазваляе выкарыстоўваць адукацыйныя каштоўнасці, назапашаныя ў інтэрнэце. У нашай установе адукацыі дыстанцыйнае навучанне выкарыстоўваецца ўжо з 2009 года, а з 2012 года транслюецца ў рамках дзейнасці абласнога рэсурснага цэнтра.
Дыстанцыйная школа ліцэя — гэта курсы па вучэбных прадметах, а таксама шэраг іншых курсаў, якія створаны ў асяроддзі Moodle. Адзін з іх — створаны мной курс “Беларуская мова і літаратура”. Ён уключае тры праграмныя курсы па мове (“Практыкум па беларускай мове”, “Беларуская мова. Падрыхтоўка да ЦТ”, “Практыкум па арфаграфіі беларускай мовы”), і адзін — па літаратуры (“Беларуская літаратура. 11 клас”). Курсы ўключаюць тэарэтычны матэрыял па асноўных тэмах беларускай мовы праз прэзентацыі, тэкставы тэарэтычны матэрыял. Вучням таксама прапаноўваюцца заданні для самаправеркі і заданні, якія правяраюцца настаўнікам. Гэта разнастайныя віды дыктантаў, практыкаванняў, а таксама тэсты. У тэстах прапаноўваюцца заданні на выбар з ліку варыянтаў некалькіх правільных адказаў, заданні на суаднясенне, на адпавед-насць, на выбар аднаго правільнага адказу, заданні, у якіх патрабуецца ўпісаць адказ. Упэўнена, такая форма работы, як дыстанцыйнае навучанне, садзейнічае фарміраванню медыяпісьменнасці, паколькі патрабуе работы вучняў з выдаленымі крыніцамі, уменнем шукаць, адбіраць і аналізаваць інфармацыю для адказу на заданні.
Фарміраванне медыяпісьменнасці ў вучняў адбываецца і праз выкарыстанне магчымасцей створанага мною блога “Роднае слова. Вывучаем беларускую мову і літаратуру” (https://rodnaeslova.blogspot.com.by/). Рэсурс ствараўся як пляцоўка для ўзаемадзеяння паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу і дае магчымасць размяшчэння вучэбнай інфармацыі, тэставых заданняў, займальных практыкаванняў, відэаматэрыялаў у дапаўненне да існуючых падручнікаў па мове і літаратуры. Спынімся на тых момантах, якія непасрэдна адносяцца да медыяадукацыі.
У блогу ёсць старонка “Творчыя працы вучняў”, якая змяшчае творчы прадукт ліцэістаў. Так, на ўроках беларускай літаратуры ў 11 класе пры вывучэнні жыццёвага і творчага шляху Васіля Быкава ў якасці дамашняга задання было прапанавана стварыць міні-праект з выкарыстаннем інфармацыі ў інтэрнэт-прасторы. Акцэнт быў зроблены на тым, каб вучні асвятлялі ў сваіх праектах не ўсе аспекты жыцця і творчасці пісьменніка, а спыніліся на нейкім адным моманце: асвяціць ваенныя гады, разгледзець пэўны перыяд творчасці, спыніцца на канкрэтным творы. Была праведзена папярэдняя работа з вучнямі. Як патлумачыла настаўніца, прыступаючы да пошуку інфармацыі, варта асэнсаваць, якая менавіта інфармацыя патрэбна. Прапанавала задаць некалькі пытанняў: што хачу даведацца; што ведаю пра гэтыя факты, падзеі; у якіх крыніцах буду шукаць інфармацыю; хто аўтар; наколькі актуальная інфармацыя; ці ўказана дата публікацыі; пра што расказвае аўтар; чаму ён выкарыстоўвае гэтыя сродкі (словы, фатаграфіі, вобразы); што ад мяне хоча аўтар; інфармацыя ўтрымлівае факты або інтэрпрэтацыі; я магу давяраць гэтай інфармацыі; што я высветліў; што я думаю пра гэта; ці атрымаў адказы на свае пытанні; чаму навучыўся, выконваючы гэтую работу? Такім чынам, вучу не проста “гугліць”, але і ацэньваць атрыманае і прымаць правільнае рашэнне. Гэта і з’яўляецца актуальнай адукацыйнай задачай. У выніку кожны вучань прэзентаваў свой праект, найлепшыя работы былі размешчаны на старонцы блога з указаннем аўтара.
Старонка “Гэта цікава” таксама створана з дапамогай ліцэістаў, якія атрымалі заданне падабраць відэаматэрыялы да гэтай старонкі. Папярэдняя работа была праведзена такая ж, як і пры выкананні творчых праектаў па творчасці Васіля Быкава.
Магчымасць рознай інтэрпрэтацыі складае велізарны дыдактычны патэнцыял для развіцця медыяпісьменнасці вучняў. Выкарыстанне медыятэкстаў на ўроках дае магчымасць навучання пэўным адносінам да атрыманай інфармацыі, выяўленню ў ёй схаванага сэнсу, разуменню светапогляду аўтара. На такіх матэрыялах вельмі зручна вучыць школьнікаў аргументацыі і фарміраваць уменне не толькі слухаць, але і чуць апанента, адным словам, развіваць крытычнае мысленне.
Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Назоўнік” прапаноўваю вучням прагледзець адзін з рэкламных іміджавых ролікаў пра беларускую мову ад Белтэлерадыёкампаніі (старонка “Відэа” ў блогу) і выпісаць усе назоўнікі, якія яны пачулі і ўбачылі. Вучні аналізавалі, што яны азначаюць, потым складалі рэкламны тэкст, выкарыстоўваючы гэтыя назоўнікі, гэта значыць, агучвалі рэкламны ролік.
Выкарыстанне на ўроку мультымедыйных сродкаў — гэта яшчэ не зусім медыяадукацыя. Прысутнасць на ўроку літаратуры іншых твораў мастацтва не дае падставы называць такія заняткі ўрокамі навучання медыяпісьменнасці, бо тут адсутнічае самы істотны яе кампанент — супастаўленне трох творчых пазіцый: аўтараў, суб’ектаў і аб’ектаў менавіта літаратурнага твора. Таму выкарыстанне на ўроках літаратуры прагляду мастацкіх фільмаў або спектакляў па творах, якія вывучаюцца, павінна быць накіравана на фарміраванне крытычнага мыслення праз супастаўленне. Напрыклад, пры вывучэнні аповесці В.Быкава “Сотнікаў” дэманструю на ўроку фрагмент фільма “Узыходжанне” рэжысёра Л.Шапіцькі (11 клас). Каштоўнасць такога ўрока — у абмеркаванні. На ўроку арганізуецца дыскусія пра адрозненні меркаванняў і норм Сотнікава і Рыбака, В.Быкава і Л.Шапіцькі. Таксама прапаноўваю вучням знайсці рэцэнзіі і каментарыі да фільма, прааналізаваць іх, згадзіцца або паспрачацца з выказаным.
Фарміраванне медыяпісьменнасці можа адбывацца пры арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці. У мінулым годзе на Абласным конкурсе навукова-даследчых работ “Хрустальная альфа” дыплом ІІІ ступені атрымала работа вучаніц 11 класа Алесі Сяцько і Вольгі Калянкевіч “Неалагізмы ў сучасных беларускамоўных СМІ”. Перад намі стаяла задача выявіць лексемы, новыя для сучаснай беларускай літаратурнай мовы, не зафіксаваныя ў апошніх выданнях акадэмічных слоўнікаў. Было прааналізавана 495 экзэмпляраў беларускамоўных газет “Звязда”, “Настаўніцкая газета”, “ЛіМ”; выпісаны новыя словы, правераны на іх адсутнасць у слоўніку новых слоў В.У.Уласевіч, Н.М.Даўгулевіч за 2013 год. Вынікам працы стала складанне слоўніка неалагізмаў, зафіксаваных у беларускамоўных СМІ з 2015 па люты 2016 года, які ўключае 75 найменняў новых слоў. Работа садзейнічала фарміраванню навыкаў работы з друкаванымі СМІ: пошуку, аналізу, адбору, аб’яднанню, дэфініцыі і інш.
Фарміраванне медыяпісьменнасці вучняў на ўроках беларускай мовы і літаратуры не толькі мэтазгоднае, але і карыснае для вучняў, якія ўступаюць у сучасны тэхналагізаваны свет. Як сказаў канадскі філосаф і літаратурны крытык Маршал Маклюэн: “Адукацыя — гэта самаабарона грамадства супраць шкоды, якую прыносіць медыя”. Медыяпісьменнасць з’яўляецца дзейсным інструментам для гэтай самаабароны.
Святлана БУЙ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Слонімскага раённага ліцэя.