Дыстанцыйная адукацыя, тэхналогія ўберызацыі, мабільнае навучанне

- 11:34Адукацыйная прастора

Сучасныя тэндэнцыі развіцця сістэмы адукацыі накіраваны на комплексную мадэрнізацыю адукацыйнага працэсу, лічбавізацыю дзейнасці ўстаноў адукацыі і імклівы пераход да электроннага навучання. Стратэгія  развіцця сістэмы адукацыі Мінска адпавядае патрэбам часу, і самыя смелыя праекты паступова становяцца рэальнай адукацыйнай практыкай. Аб асноўных напрамках развіцця сістэмы адукацыі сталіцы ў сферы ІКТ нашаму карэспандэнту расказвае начальнік Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Наталля Валянцінаўна САКАЛОВА.

— Пабудова лічбавага грамадства патрабуе сур’ёзнага асэнсавання, інавацыйных падыходаў да кіравання гэтым складаным працэсам, тэхнічнай аснашчанасці ўстаноў, новай якасці падрыхтоўкі кадраў. Прыкладам сістэмнага выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у практыцы работы ўстаноў адукацыі можа служыць рэалізацыя з верасня 2013 года праекта “Электронная школа”, які стаў зыходнай кропкай для ўвасаблення ідэі “Разумнай школы”. Праект рэалізоўваецца па двух асноўных напрамках: укараненне электроннай карты навучэнца і ўкараненне анлайн-сэрвісаў — электроннага дзённіка і электроннага журнала. Карта навучэнца выкарыстоўваецца як пропуск (уваход ва ўстанову адукацыі, рэгістрацыя ў камп’ютарным класе), чытацкі білет (аўтаматызацыя работы ў бібліятэцы), праязны дакумент, плацежны сродак (аплата гарачага харчавання). З гэтага навучальнага года электронная карта з’явіцца і ў навучэнцаў сістэмы прафтэхадукацыі. Электронныя журналы і дзённікі навучэнцаў з’яўляюцца прататыпам іх папяровых аналагаў. У цяперашні час яны дзейнічаюць у 122 школах, гімназіях горада. Актуальнасць укаранення анлайн-сэрвісаў абумоўлена неабходнасцю аўтаматызацыі кіраўніцкіх працэсаў устаноў адукацыі.

Актуальным бачыцца і далейшае развіццё інфармацыйнай адукацыйнай прасторы, якое дазваляе забяспечваць хуткі і своечасовы рух патокаў інфармацыі паміж усімі ўдзель­нікамі адукацыйнага працэсу Мінска.

Цэнтрам інфармацыйных тэхналогій рэалізуецца інавацыйны праект па стварэнні і ўкараненні новага інфармацыйнага рэсурсу для навучэнцаў: інфармацыйна-адукацыйны інтэрнэт-партал Вучань.by. Гэты сэрвіс закліканы стаць апорнай пляцоўкай для навучэнцаў, дзе яны змогуць атрымліваць актуальную інфармацыю і дадатковы матэрыял па тэмах вучэбных прадметаў, самастойна рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання, выву­чаць карысныя адукацыйныя артыкулы па актуальных напрамках развіцця інфармацыйнага грамадства ў краіне і за яе межамі і інш.

Акрамя таго, інтэрнэт-рэсурс будзе свое­асаблівым навігатарам для навучэнцаў, які змяшчае інфармацыю аб гарадскіх конкурсах, праектах, алімпіядах, канферэнцыях; прынцыпах здаровага ладу жыцця; дзеяннях у надзвычайных сітуацыях; правілах дарожнага руху, бяспекі жыццядзейнасці; уступнай кампаніі пры паступленні ў сярэднія спе­цыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы; рабоце музеяў, выстаў і іншых гарадскіх мерапрыемствах. Спадзяёмся, інтэрнэт-партал стане неад’емнай часткай у структуры інфармацыйнай адукацыйнай прасторы горада.

У адказ на чаканні педагогаў у атрыманні якасных адукацыйных паслуг наш інстытут таксама імкнецца ўдасканальваць сваю дзейнасць, выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі і розныя рашэнні, якія спрашчаюць кіраванне ўзаемаадносінамі, забяспечваюць доступ да інфармацыі і максімальна аператыўную яе апрацоўку. Акрамя таго, інфарматызацыя становіцца важным складнікам аптымізацыі працэсаў унутры інстытута. Лагічным працягам гэтых тэндэнцый выступае рэалізацыя праекта “Апрабацыя мадэлі кіруемага развіцця электронных сэрвісаў для павышэння якасці прадастаўлення адукацыйных паслуг ва ўстанове дадатковай адукацыі дарослых”.  Рэалізацыя гэтага праекта павысіць даступнасць адукацыі і якасць аказання адукацыйных паслуг, забяспечыць аддаленае абслугоўванне спажыўцоў гэтых паслуг, а таксама безбар’ернае адукацыйнае асяроддзе, будзе садзейнічаць стварэнню і развіццю сістэмы аказання адкрытых і даступных электронных адукацыйных паслуг установам адукацыі.

— Адзін з эфектыўных напрамкаў фарміравання інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці сучаснага педагога — дыстанцыйнае навучанне. Якое развіццё атрымала яно ў сталіцы?

— Для педагогаў горада дзейнічае сістэма дыстанцыйнага навучання МГІРА на платформе Moodle (http://do.minsk.edu.by).  Тут размешчаны, пастаянна ўдасканальваюцца і дапрацоўваюцца тэматыкі павышэння кваліфікацыі ў завочнай (дыстанцыйнай) форме, распрацаваныя структурнымі падраздзяленнямі інстытута. У сістэме ёсць магчымасць удзельнічаць у навукова-практычных канферэнцыях, мерапрыемствах міжкурсавога перыяду, атрымліваць анлайн-кансультацыі. Рэалізавана магчымасць праходжання камп’ютарнага тэсціравання ў рамках кваліфікацыйнага экзамену пры праходжанні атэстацыі на прысваенне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Таксама рэалізавана функцыя аплаты адукацыйных паслуг, якія прадастаўляюцца інстытутам (інтэрнэт-алімпіяды для навучэнцаў), з дапамогай сістэмы электронных плацяжоў. З мэтай далейшага развіцця і ўдасканалення сістэмы дыстанцыйнага навучання з 2018 года ў інстытуце рэалізуецца інавацыйны праект “Гарадская сістэма дыстанцыйнага навучання як сродак інтэнсіфікацыі адукацыйнага працэсу”. У межах праекта будзе распрацавана функцыянальная мадэль развіцця сістэмы дыстанцыйнага навучання горада, якая дазволіць сфарміраваць агульны падыход да пабудовы і размяшчэння дыстанцыйных курсаў, наладжваючы яго на канкрэтныя задачы з мэтай атрымання найбольш зручных і карысных для навучэнцаў форм прадстаўлення ведаў без значных выдаткаў на распрацоўку кожнага асобнага курса.

Выкарыстанне ўсёй разнастайнасці інавацыйных тэхналогій у галіне лічбавай трансфармацыі патрабуе ад сучаснага педагога новых ведаў і ўменняў. Што вы сёння прапаноўваеце настаўнікам? Якая работа право­дзіцца ў гэтым кірунку супрацоўнікамі цэнтра?

— Вельмі высокая хуткасць змяненняў у інфармацыйным асяроддзі і развіццё тэхналогій сталі каталізатарам эвалюцыі бесперапыннай прафесійнай адукацыі на базе інстытута. З гэтай мэтай супрацоўнікі нашага цэнтра праводзяць павышэнне кваліфікацыі, мерапрыемствы ў міжкурсавы перыяд у сферы інфарматызацыі адукацыі на аснове тэхналогіі ўберызацыі. Тэхналогія ўберызацыі — гэта даволі новы трэнд у адукацыі, які прадугледжвае персаналізаванае навучанне на працягу ўсяго жыцця з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій, пастаяннае, самаматываванае імкненне да ведаў па асабістых або прафесійных прычынах. Яно не толькі с­прыяе актыўнай пазіцыі сацыяльнай інтэграцыі і асобаснага развіцця, але і самазабеспячэнню, а таксама канкурэнтаздольнасці.

Разгледзім алгарытм выкарыстання гэтай тэхналогіі больш падрабязна. У першую чаргу кожнаму педагагічнаму работніку прапануецца прайсці web-анкетаванне для выбару тэматыкі павышэння кваліфікацыі, арганізаванага на сайце цэнтра http://iso.minsk.edu.by/ru/main.aspx?guid=3461.

Пры гэтым кожны педагог можа таксама выбраць форму навучання, колькасць гадзін на вывучэнне выбранай праграмы павышэння кваліфікацыі.

Другой прыступкай уберызацыі з’яў­ляецца засваенне педагогамі тэматык праграмы павышэння кваліфікацыі. Праграмы навучання педагогаў, якія прадстаўляе цэнтр, уключаюць пытанні выкарыстання новых трэндаў у сучаснай адукацыі, такіх як сацыяльныя медыя (сацыяльны сэрвіс Facebook, воблачныя сэрвісы і інструменты Google, вэб-сайт Wiki, падкасты для распаўсюджвання гукавых файлаў або відэа ў сетцы інтэрнэт, блогі, відэахостынг Youtube, воблачныя тэхналогіі), перавернутае навучанне, гейміфікацыя (навучанне з дапамогай адукацыйных гульняў, напрыклад, гульня, якая імітуе працэс змены клімату, або медыцынская гульня па вырашэнні праблемы экалогіі, ёсць эканамічныя гульні накшталт “як ад­крыць свой бізнес”, гульні, дзе можна змагацца на арэне сусветнай дыпламатыі з дапамогай адукацыйных квестаў), дапоўненая і віртуальная рэальнасць (поўнае пагружэнне ў адукацыйны працэс, візуалізуючы ключавыя моманты пройдзенага матэрыялу), 3D-тэхналогіі (вывучэнне малекулярнай будовы хімічных рэчываў, трохмерных біялагічных мадэлей пабудовы чалавека, гісторыі англамоўных краін, геаметрычны доказ формул скарочанага множання), Smart-навучанне, заснаванае на ўжыванні мабільных прылад у адукацыйным працэсе. Гэтыя трэнды валодаюць адаптыўнасцю, інтэрактыўнасцю і нагляднасцю, што мае на ўвазе складаныя і цікавыя механікі ўзаемадзеяння з вучэбным кантэнтам, такія як распрацоўка ўрокаў з выкарыстаннем новых інфармацыйных тэхналогій.

Наступнай прыступкай з’яўляецца актыўнае выкарыстанне ў працэсе навучання сістэмы дыстанцыйнага навучання, дзе су­працоўнікамі цэнтра распрацаваны курсы па праграмах павышэння кваліфікацыі. Гэтыя курсы ўключаюць як тэарэтычны лекцыйны і практычны матэрыял непасрэдна па вучэбна-тэматычным плане, так і дадатковы матэрыял для вывучэння ў працэсе павышэння кваліфікацыі. Такая арганізацыя адукацыйнага працэсу спрыяе выбудоўванню персанальнай адукацыйнай траекторыі педагога, паколькі кожны слухач мае магчымасць, акрамя абавязковых да вывучэння матэрыя­лаў, выбраць найбольш цікавыя і карысныя для выкарыстання ў прафесійнай дзейнасці.

Чацвёртай прыступкай уберызацыі з’яўляецца правядзенне выніковай атэстацыі па выніках паспяховага асваення пра­грамы навучання і ўручэнне пасведчанняў дзяржаўнага ўзору. Такім чынам, арганізацыя павышэння кваліфікацыі спрыяе фарміраванню педагога новага тыпу, матываванага да распрацоўкі і прасоўвання ініцыятыў, якія паляпшаюць адукацыйны працэс з дапамогай лічбавых тэхналогій.

— Наталля Валянцінаўна, раскажыце, калі ласка, якія сёння ІТ-тэхналогіі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў педагогаў.

— Педагогі разумеюць, што спалучэнне лічбавых тэхналогій і рэсурсаў дае больш магчымасцей для паляпшэння якасці навучання і выкладання, чым усе папярэднія адукацыйныя тэхналогіі. Лічбавыя вучэбныя матэрыялы адрозніваюцца ад традыцыйных сваёй магчымасцю кіраваць імі. Назаву некалькі трэндаў, якія сёння асабліва запатрабаваны.

Па-першае, канцэпцыя SMART у адукацыі прадугледжвае стварэнне інтэлектуальнага асяроддзя бесперапыннага развіцця кампетэнтнасцей удзельнікаў адукацыйнага працэсу, уключаючы мерапрыемствы фармальнага і нефармальнага працэсу навучання. Тэхнічнай базай рэалізацыі такой адукацыі з’яўляецца ўвесь існуючы парк прылад, які належыць як навучэнцам, так і ўстановам адукацыі: смарт-дошкі, смарт-падручнікі, смарт-праектары, планшэты, ноўтбукі, праграмнае забеспячэнне для стварэння і распаўсюджвання адукацыйнага кантэнту, якое мае інтэрактыўны і камунікатыўны характар. Шэраг іншых тэхналогій, перш за ўсё розныя віды Social Media і тэхналогіі Data Mining, таксама выкарыстоўваецца ў сегменце смарт-адукацыі. Новая форма падачы матэрыялу з дапамогай інтэрактыўнага абсталявання (інтэрактыўныя дошкі SMART Boards, інтэрактыўныя дысплэі Sympodium) уяўляе сабой прэзентацыю, створаную дакладчыкам падчас свайго выступлення — прэзентацыю, створаную ў рэжыме рэальнага часу. На інтэрактыўных дошках SMART Boards можна пісаць спецыяльным маркерам, дэманстраваць вучэбны матэрыял, рабіць пісьмовыя каментарыі па-над малюнкамі на экране. Пры гэтым усё напісанае на інтэрактыўнай дошцы перадаецца навучэнцам, захоўваецца на магнітных носьбітах, раздрукоўваецца, дасылаецца па электроннай пошце.

Па-другое, тэхналогіі мабільнага навучання (mobile learning, m-learning) — гэта тэхналогіі выкарыстання мабільных сэрвісаў як адасоблена, так і ў сукупнасці з іншымі інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі незалежна ад месца і часу. Дзякуючы выкарыстанню мабільных тэхналогій, прадстаўленне навучэнцаў аб патэнцыяле іх электронных прылад пашыраецца і з’яўляецца магчымасць задзейнічаць смартфоны і планшэты ў працэсе навучання.

Мабільнымі могуць быць як прылады, так і навучэнцы (яны могуць знаходзіцца ў класе або за яго межамі, перамяшчацца па класе або па школе, працаваць у розных камандах) і сам працэс навучання. Асноўная мэта мабільнага навучання — зрабіць працэс навучання гнуткім, даступным і персаналізаваным. Тэхнічныя і функцыянальныя магчымасці мабільнага навучання могуць прымяняцца для вывучэння новага матэрыялу (доступ да электронных падручнікаў і прайграванне аўдыя- і відэафайлаў пашыраюць магчымасці адукацыйнага працэсу, асабліва для навучання моўным прадметам; для правядзення тэсціравання, пісьмовых работ і самастойнага кантролю ведаў; для арганізацыі сумеснай або праектнай работы (месэнджары, камандныя анлайн-дошкі, воблачныя сховішчы, а таксама вэбінары ў сістэме курса дазваляюць хутка і эфектыўна абменьвацца інфармацыяй).

У цяперашні час дапоўненая рэаль­насць — тэхналогія, якая актыўна развіваецца і ўкараняецца ў адукацыйны працэс як у Беларусі, так і за мяжой. Яна можа быць вызначана як тэхналогія накладвання віртуальнай (лічбавай) інфармацыі на бачны аб’ект. У якасці асновы (маркера) можа выступаць малюнак, фотаздымак, схема ці іншы бачны аб’ект. З дапамогай спецыяльных праграм на аснову дадаюцца віртуальныя аб’екты: спасылкі на вэб-старонкі, відэа, тэкст, графіка, анімацыі і 3D-аб’екты. Дапоўненая рэальнасць счытваецца з маркера звычайна з дапамогай лічбавых прылад — смартфонаў, планшэтаў ці спецыялізаваных акуляраў або шлема. Можна адзначыць такія перавагі прымянення дапоўненай рэальнасці ў адукацыйным асяроддзі, як павышэнне матывацыі; павелічэнне канцэнтрацыі ўвагі; задаволенасць працэсам навучання; даступнасць інфармацыі; інтэрактыўнасць навучання; паляпшэнне развіцця прасторавых здольнасцей, памяці. Маючы ў сваім распараджэнні і ў навучэнцаў мабільныя прылады, педагог можа выкарыстоўваць дадаткі, якія выкарыстоўваюць сродкі дапоўненай рэальнасці на ўроках пры вывучэнні прадметаў прыродазнаўчанавуковага цыкла (матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, астраноміі, геаграфіі), замежнай мовы.

Яшчэ адзін напрамак — адукацыйная робататэхніка — новая прадукцыйная тэхналогія, заснаваная на ўжыванні рабатызаваных прылад з канструктара, інтэгруе веды па фізіцы, матэматыцы і інфарматыцы, якая спрыяе ўключэнню навучэнцаў рознага ўзро­сту ў працэс творчай, праектнай і вучэбна-даследчай дзейнасці. 

Лічбавыя тэхналогіі актыўна праніка­юць на ўсе ўзроўні сістэмы адукацыі і спрыя­юць больш эфектыўнаму ўключэнню вучняў у адукацыйны працэс, а таксама садзейнічаюць персаналізацыі навучання з дапамогай прадастаўлення ўдзельнікам адукацыйнага працэсу матэрыялаў, якія адпавядаюць іх узроў­ню ведаў і інтарэсам.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.