Дыялог пра галоўнае

- 9:15Насустрач рэферэндуму

У Поразаўскай сярэдняй школе прайшла дыялогавая пляцоўка па пытаннях абмеркавання змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Мэтай сустрэчы старшакласнікаў, прадстаўнікоў бацькоўскай грамадскасці, педагогаў з першым сакратаром Свіслацкага раённага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі стала не цытаванне праекта Канстытуцыі, а абмеркаванне яго асноўных палажэнняў.

Алена Алегаўна Саўко, першы сакратар райкама БРСМ, заклікала ўсіх да дыялогу. Усе разам прыгадалі гісторыю Асноўнага закона, адзначылі даты яго пераўтварэнняў. Большасць старшакласнікаў даволі добра арыентуюцца не толькі ў гісторыі самага важнага дакумента, але і ў змяненнях і дапаўненнях, прапанаваных для ўнясення ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Усім удзельнікам сустрэчы імпануе імкненне да захавання гістарычнай памяці і праўды аб гераічным подзвігу беларускага народа пры абароне Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Праяўленне патрыятызму навучэнцы лічаць сваім абавязкам.

Важным аспектам, на думку прысутных, з’яўляецца выключэнне ваеннай агрэсіі з боку Беларусі, захаванне традыцыйных каштоўнасцей, моўная і этнічная цярпімасць, узважаны падыход у адносінах з суседзямі.

Усе яшчэ раз пераканаліся ў меркаванні: у праекце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь захоўваецца цэнтральная, асноўная роля чалавека — найвышэйшай каштоўнасці дзяржавы.

Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.

Алеся БАРАНКЕВІЧ,
загадчыца Быхаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета:

— Згодна з артыкулам 32 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні. У абноўленай рэдакцыі Асноўнага закона гэты артыкул прапанавана дапоўніць фразай: “рыхтаваць да грамадска карыснай працы, прывіваць культуру і павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі”.

Новая рэдакцыя актуальная як ніколі. Менавіта законныя прадстаўнікі непаўналетніх могуць на сваім асабістым прыкладзе паказаць важнасць грамадска карыснай працы, сфарміраваць павагу да людзей працы, прывіць працавітасць, беражлівасць, імкненне да стварэння грамадска карысных прадуктаў, дапамагчы вызначыцца з выбарам прафесіі. Навыкі самаабслугоўвання, жаданне дапамагчы па гаспадарцы павінны быць закладзены ў сям’і. Не адзінкавыя выпадкі, калі гэтыя функцыі бацькі перакладаюць на ўстанову адукацыі.

Як маці лічу важным, што бацькі маюць права і абавязаны не толькі выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці, навучанні, але і прывіваць культуру і павагу да законаў і традыцый сваёй краіны. Гэта перш за ўсё разуменне, што закон адзіны для ўсіх, што за парушэнне правоў іншага чалавека ты абавязаны несці адказнасць. Тады законапаслухмяныя бацькі стануць прыкладам для дзіцяці.

Павага да традыцый сваёй краіны пачынаецца там, дзе ёсць павага да сваіх каранёў, традыцый сваёй сям’і. У кожнага эмацыянальна сталага чалавека існуе прыхільнасць да пэўнага кутка краіны, бацькоўскага дома, роднай вуліцы, вёскі, горада. Гэтая прыхільнасць узнікае з пачуцця бяспекі, якое дзіця адчувала ў бацькоўскім доме. Таму так важна сфарміраваць у нашых грамадзян дакладную ўстаноўку, што без здаровай моцнай сям’і не будзе павагі да дзяржавы, яе асноў і традыцый.