Дызайнерскі падыход

- 11:47Прафесіяналы, Суразмоўца, Суразмоўца

Урокі працоўнага навучання Алена Акуліч часта праводзіць у касцюмах і сукенках, якія пашыла сама. Лепшай рэкламы для прадмета і не прыдумаеш. 

– З дзяцінства я захап­ляюся дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, маляваннем. У школе атрымала разрад швачкі. Аднак прафесійнае жыццё маё пачалося з паступлення ў Магілёўскі педкаледж, а затым ва ўніверсітэт на спецыяль­насць “Педагогіка і псіхалогія да­школьная”, — прыгадвае Алена Мікалаеўна. — Шмат гадоў я працавала ў дзіцячым садку метадыстам, кіравала школамі развіцця для дашкалят. Але мне заўсёды не хапала работы з больш дарослымі дзецьмі. І я перайшла ў сярэднюю школу № 40 Магілёва, дзе на працягу 10 гадоў у складзе творчай групы педагогаў абласнога рэсурснага цэнтра па працоўным навучанні рыхтую вучняў да алімпіяд. Навучаючы іншых, вучуся і сама — на курсах, метадаб’яднаннях, семінарах.  

Самы хвалюючы момант у рабоце настаўніка працоўнага навучання, калі да яго прыхо­дзяць пяцікласнікі-навабранцы. Алена Мікалаеўна падрабязна расказвае ім пра прадмет, які выкладае, дэманструе кабінет з сучаснай тэхнікай. Тут усталяваны 16 швейных машын, аверлок, прасы, сабрана добрая база тканін і матэрыялаў для дэкаратыўна-прыкладной творчасці, ёсць камп’ютар, ксеракс і тэлевізар. У кожнага вучня індывідуальны стол з разеткай для работы, зроблены па ўласным праекце педагога. Вялікую падтрымку аказвае адміністрацыя школы на чале з Галінай Адамаўнай Барычэўскай. У развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы кабінета абслуговай працы ўкладваюцца не толькі бюджэтныя, але і спонсарскія грошы, сродкі апякунскага савета. 

— На першым уроку я знаёмлю дзяцей з тэхнікай бяспекі пры рабоце з электрапрыборамі, абсталяваннем і прыладамі, што знаходзяцца ў кабінеце, — адзначае педагог. — Многія дзяўчынкі ў 5 класе яшчэ не ўмеюць правільна карыстацца прасам, іголкамі, нажніцамі, часам баяцца ­браць іх у рукі. Спрабую матываваць вучаніц да ручной працы, кажу ім: “На нашых занятках вы навучыцеся шыць, вышываць, рамантаваць адзенне, дагля­даць сябе і сваіх блізкіх, гатаваць ежу. Па вялікім рахунку вы атрымаеце пуцёўку ў жыццё. Вы станеце ўрачамі, педагогамі, інжынерамі, будаўнікамі, але, калі вы будзеце вяртацца з работы дадому, вы працягнеце быць дочкамі, а з часам станеце жонкамі, мамамі і г.д. Упэўнена, што мой прадмет будзе патрэбны вам штодня ўсё астатняе жыццё. Працоўныя навыкі дапамо­гуць сэканоміць грошы, бо можна самому пашыць або адраманта­ваць нейкую рэч. Асабіста я шыю для сябе адзенне, і мае ўжо дарослыя дзеці папаўняюць свой гардэроб стыльнымі і арыгінальнымі дызайнерскімі рэчамі.  

Не важна, з дапамогай якога прадмета ў дзіцяці палепшацца памяць, увага, сінтэз і аналіз, звязаныя з разумовай дзейнасцю. Важна навучыць дзіця разумець, думаць, несці адказнасць за свае дзеянні, ставіць мэту і дасягаць яе самастойна.

Бацькам сваіх вучаніц Алена Мікалаеўна дэманструе зроб­леныя рукамі дзяўчынак швейныя і дэкаратыўныя вырабы. Убачыўшы іх, многія таты і мамы пачынаюць падтрымліваць за­хап­ленні дачок, набываюць ім неабходныя матэрыялы, швейныя машыны. 

На першым месцы ў педагога практычная знач­насць навучання. На ўроках дзяўчынкі шыюць адзенне, падарункі, сумкі і арганайзеры, вырабляюць паштоўкі і сурвэткі, карысныя дробязі. Многія ўдзель­нічаюць у другаснай занятасці і зарабляюць грошы: шыюць камплекты пасцельнай бялізны для бальніц і прытулкаў, чахлы для матаў у спартыўную залу, вучнёўскую форму для ўрокаў працоўнага навучання. 

— Мы не проста вышываем, а ўпрыгожваем канкрэтны выраб, — гаворыць Алена Мікалаеўна. — Так, у 8 класе за некалькі ўрокаў дзяўчынкі вырабілі стыльныя мяшочкі для гігіенічных прылад, навалачкі для дэкаратыўных падушак, якія аздобілі вышыўкай. У 9 класе выраблялі дробязі для кухні, модныя шоперы, упрыгожваючы іх машыннай і ручной вышыўкай. Кожны выраб мае ўнікальны аўтарскі дызайн. За адзін урок мы можам зрабіць падсвечнік са спад­ручных матэрыялаў, паштоўкі. Вучэбная праграма дазваляе ўкараняць любую творчасць у залежнасці ад інтарэсаў і магчымасцей настаўнікаў і дзяцей. Часта пасля ўрокаў тэхнічнай працы ў хлопчыкаў застаецца распілоўка. Я яе забіраю, і мы з вучаніцамі вырабляем падстаўкі, інтэр’ерныя дошкі з прымяненнем дэкаратыўных тэхнік дэкупаж і дэкапэ, афармляем слоікі для сыпкіх прадуктаў, скрыні, цацкі. 

Алена Мікалаеўна вучыць усё рабіць якасна, стыльна і сучасна. Разам з дзяўчынкамі яна афармляла кабінет для ўдзелу ў гарадскім этапе агляду-конкурсу кабінетаў працоўнага навучання, дзе была атрымана перамога. Так, лабаранцкую зрабілі ў стылі праванс. Для хола школы да Новага года змайстравалі камін, гадзіннік, цацкі-медальёны, падсвечнікі, дэкаратыўныя калоны, лесвічкі. Шмат цікавых работ атрымліваецца з прыроднага матэрыялу: навагоднія ёлкі і калядныя кампазіцыі, арт-аб’екты, пано. Многія з іх займаюць прызавыя месцы на гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх выставах і конкурсах: “Зімовыя сны ў старажытным горадзе”, “Магілёўская скарбонка”, “Калядная зорка”. 

Галоўнае, каб у дзяцей гарэ­лі вочы. Але не ва ўсіх усё адразу атрымліваецца. У та­кім выпадку Алена Мікалаеўна запрашае дзяўчынак на індывідуальныя заняткі. 

— У мяне займалася дзяўчынка, якая па ўсіх прадметах, акрамя працоўнага навучання, была выдатніцай. Ніяк не магла ўключыцца ў работу, — дзеліцца педагог. — Пасля некалькіх індывідуальных заняткаў яна паверыла ў сябе, палюбіла прадмет і сваю выдатную адзнаку заслужыла. 

Калі я кіравала школамі развіцця дзяцей, то бацькоў, якія прыводзілі да мяне малышоў, пераважна хвалявала развіццё іх матэматычных і маўленчых навыкаў. Але адукацыя прадугледжвае развіццё ўсіх разумовых і псіхічных працэсаў, што дасягаецца сродкамі розных прадметаў. Як былы метадыст, упэўнена: не важна, з дапамогай якога прадмета ў дзіцяці палепшацца памяць, увага, успрыманне, сінтэз і аналіз, звязаныя з разумовай дзейнасцю. Важна навучыць дзіця разумець, думаць, несці адказнасць за свае дзеянні, ставіць мэту і дасягаць яе самастойна. Зноў-такі не важна, на якім школьным прадмеце вучань прадэманструе гэтыя навыкі, — яны будуць служыць яму заўсёды. 

Многія вучаніцы ўслед за педагогам пачынаюць шыць сабе адзенне. Для іх гэта становіцца захапленнем, якое часам прыводзіць да перамог на алімпіядах і конкурсах.

Удзельніцы і пераможцы алімпіяд, якіх падрыхтавала Алена Мікалаеўна, паверыўшы ў свае сілы, і ў дарослым жыцці лідзіруюць у розных сферах. Яны ўсебакова развітыя асобы, маюць творчую і прадпрымальніцкую жылку. Пасля заканчэння каледжаў і ўніверсітэтаў яны адкрываюць свае справы, напрыклад, студыі прыгажосці і дызайну, становяцца рамеснікамі, эканамістамі, настаўнікамі. Так, адна дзяўчынка, якая не прапусціла нівод­нага ўрока і факультатыву па працоўным навучанні, стала стаматолагам. У людзей гэтай прафесіі павінна быць добрая маторыка, якую можна развіць праз ручную працу.  

Адзін з раздзелаў курса працоўнага навучання — кулінарыя. У кабінеце Алены Мікалаеўны ёсць кухня, неабходны посуд і сталовыя прыборы. Настаўніца вучыць дзяўчынак гатаваць варэнікі, бутэрброды, салаты, піцы і пірагі, выпякаць і распісваць імбірныя пернікі, упрыгож­ваць тарты, накрываць і сервіраваць стол, выкарыстоўваючы бялізну, якую дзяўчынкі самі шыюць. Пры сервіроўцы стала можна правесці невялікае спаборніцтва: падзя­ліць клас на групы і кожнай даць сваё меню. Самае галоўнае перад гатаванннем — пры­браць працоўнае месца і па­мыць посуд. Кухня пачынаецца з чысціні і ёй заканчваецца. 

Алену Мікалаеўну вельмі радуе, што школьніцы прыходзяць да яе на заняткі не толькі як да настаўніцы, але і як да сябра. Не ўсе адразу ацэньваюць карысць урокаў працоўнага навучання, але пасля заканчэння школы, калі атрыманыя навыкі аказваюцца запатрабаванымі, былыя вучаніцы пішуць словы падзякі любімай настаўніцы.

Надзея ЦЕРАХАВА.