У гэтую пятніцу намеснікі міністраў адукацыі і гандлю наведалі гандлёвыя кропкі Мінска і Стоўбцаў (Мінская вобласць), каб паглядзець, ці забяспечаны школьнік-2013 усім неабходным. У поле зроку трапілі як адзенне, абутак, так і школьныя пісьмовыя і канцылярскія прылады.
Акрамя двух міністэрстваў, у рэйдзе-аглядзе прымалі ўдзел прадстаўнікі канцэрна “Беллегпрам” (аб’ядноўвае прадпрыемствы лёгкай прамысловасці нашай краіны), Белкаапсаюза і Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама. Дэлегацыя наведала ГУМ, два школьныя мінскія кірмашы, якія якраз пачалі сваю дзейнасць, і магазін “Дзіцячы свет” у Стоўбцах.
“У прынцыпе, сёння прадстаўлены вельмі шырокі асартымент вопраткі як для дзяўчат, так і для хлопцаў. Выбар ёсць. Тыя аб’ёмы, якія гандаль павінен быў забраць да школьнага сезона, ён забраў”, — адзначыў намеснік міністра гандлю В.Л.Драгун. Аднак гаворка ішла не толькі пра лічбавыя паказчыкі. Самым складаным і ўжо традыцыйным застаецца пытанне наконт адзення дзелавога стылю: колер і мадэль. Для хлопцаў часцей за ўсё гэта строгі цёмны касцюм: чорны, шэры, карычневы.
“Трэба, каб колеравая гама была прадстаўлена больш ярка”, — адзначыў намеснік міністра адукацыі В.А.Будкевіч. Было падкрэслена, што для школьнікаў варта шыць і святочнае адзенне. “Ёсць шмат значных мерапрыемстваў на працягу навучальнага года, калі можна апрануць гэты касцюм: Першага верасня, апошні званок, выпускны” — рэзюмаваў ён. Менавіта святочныя, нештодзённыя касцюмы старшакласнікам прыходзіцца выбіраць у дарослай секцыі. “Трэба, каб для школьнікаў быў увесь узроставы рад такой вопраткі, ад малых да вялікіх памераў”, — завяршыў думку В.А.Будкевіч.
Тое самае можна сказаць і пра асартымент для дзяўчынак. Вельмі часта, каб па-святочнаму апрануцца, сукенкі шыюць індывідуальна. “Трэба, каб для дзяўчат было тое, што мы бачым у модных часопісах: тканіна, расфарбоўка — усё гэта павінна прысутнічаць”. Наогул, дзелавы стыль намеснік міністра адукацыі бачыць не толькі ў чорна-шэрых колерах. “Дзелавы стыль — ён строгі, аднак сучасны і, самае галоўнае, модны. Для дзяцей патрэбны і яркія колеры”.
В.А.Будкевіч гаварыў і пра свабоду школ, гімназій, ліцэяў у вызначэнні свайго карпаратыўнага дзелавога стылю, які будзе вылучаць гэтую навучальную ўстанову сярод іншых. “Гэта вырашае непасрэдна школа, яна вызначае нейкі характар знешняга выгляду. Гэта можа быць шалік, камізэлька, няхай нават бардовага, зялёнага альбо іншага колеру. Прымуць яны рашэнне хадзіць у бардовых кашулях — няхай ходзяць. Нічога дрэннага ў гэтым не бачу. Галоўнае, каб гэта быў не спартыўны стыль: футболка, шорты, джынсы…”
Асаблівую ўвагу намеснік міністра адукацыі засяродзіў на магчымасці падабраць адзенне школьнікам, у якіх нестандартная фігура: поўненькія і невысокія, высокія і худзенькія. Канечне, каб выйсці з такой сітуацыі, бацькі куплялі касцюм на памер большы, чым звычайна носіць школьнік, каб затым “падагнаць” пад фігуру свайго дзіцяці. Намесніка міністра запэўнілі, што зараз ёсць мадэлі, якія могуць рэгулявацца ў аб’ёме таліі. Да таго ж да дзвюх існуючых паўнотных груп дабавілі яшчэ дзве. Ёсць і яшчэ адно выйсце: індывідуальны заказ. Як расказаў намеснік міністра гандлю В.Л.Драгун, 33 арганізацыі “Беллегпрама”, якія выконваюць дзяржзаказ — шыюць школьнае адзенне і вырабляюць школьныя прылады — прымуць яго. Для гэтага неабавязкова ісці ў фірму-вытворцу, тым больш што не кожны ведае, колькі фірм у нас займаецца пашывам.
Варта звярнуцца ў гандлёвую арганізацыю, якая аформіць заказ і накіруе яго на прадпрыемства. Праўда, звяртацца з такім заказам трэба хаця б за месяц-паўтара. Вопыт такога супрацоўніцтва ўжо ёсць. І не толькі з прыватнымі асобамі, а паміж гімназіямі і прадпрыемствамі. Прадпрыемствы выконваюць заказы ў той памерна-роставай шкале і тым асартыменце, які выбрала школа.
Яшчэ адно пытанне, якое патрабуе ўдасканалення, — адзенне для старшакласнікаў. Некаторым юнакам, каб падабраць касцюм, трэба ісці ў дарослы аддзел, дзе ўжо зусім іншы кошт. “Многія бацькі гавораць, што для старшакласнікаў трэба крыху змяніць памерную лінейку. 46 памер — гэта недастаткова, хаця б 48 і нават 50”, — выказаў сваё бачанне намеснік міністра адукацыі В.А.Будкевіч.
Намесніка міністра адукацыі цікавіла і якасць тканіны, з якой шыецца адзенне для школьнікаў. “Вельмі многа сінтэтыкі. Зразумела, што яна не такая ўспрымальная да знешніх фактараў, больш практычная, аднак летам у ёй горача, а зімой холадна”, — зазначыў В.А.Будкевіч. Большым попытам, па назіраннях работніткаў ГУМа, карыстаецца адзенне са змешаных тканін: шэрсць, бавоўна з сінтэтыкай, полівіскоза. На гэта ўплывае і кошт. “Можна пашыць касцюм і з натуральнай тканіны, аднак ён будзе вельмі дарагі. Таму выбіраецца залатая сярэдзіна”, — падагульніў намеснік міністра гандлю В.Л.Драгун. Аднак, напрыклад, шарсцяное адзенне паступова знаходзіць свайго пакупніка, хоць і не зусім хуткімі тэмпамі. Каля 10% пакупнікоў набываюць менавіта такое адзенне для школьнікаў.
Школьнае адзенне, якое мы бачым у магазінах, праходзіць своеасаблівы адбор. Айчынныя вытворцы адзення і абутку за зіму фарміруюць свае калекцыі для школьнікаў. Вясной у Палацы моладзі праходзіць паказ гэтых мадэлей. Каардынацыйны савет, куды ўваходзяць прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Міністэрства гандлю, Міністэрства аховы здароўя, канцэрна “Беллегпрам” (фірмы-вытворцы) і выкладчыкі, ставяць адзнакі кожнай мадэлі. Па выніках дэфіле вызначаецца мадэльны рад, які і запускаецца ў вытворчасць.
Сёлета ў магазінах прадстаўлена 270 мадэлей дзелавога стылю для дзяўчат і 250 — для хлопцаў. Безумоўна, у раёне такога шырокага асартыменту не будзе па аб’ектыўных прычынах, аднак у бацькоў ёсць магчымасць заказаць у спажывецкааперацыях тую мадэль, якую яны выберуць па каталогу.
Па звестках Міністэрства гандлю, дзіця, якое вучыцца ў пачатковай школе, бацькі могуць сабраць у школу (адзенне, абутак, школьна-пісьмовыя і іншыя канцылярскія прылады) за 870 тысяч — 3 млн 800 тысяч рублёў. Каб падрыхтаваць школьніка 5—11 класаў да навучальнага года, спатрэбіцца мінімум 1 млн 60 тысяч, максімум — 4 млн 200 тысяч рублёў.
Айчынная прамысловасць разлічвае не толькі на беларускіх школьнікаў. “Традыцыйна наш вытворца выпускае на 20% больш прадукцыі, чым патрабуе рынак, з улікам таго, што да нас могуць прыехаць госці”, — растлумачыў В.Л.Драгун.
Намесніка міністра адукацыі В.А.Будкевіча цікавіла і забяспечанасць школьнымі пісьмовымі і канцылярскімі таварамі. Папярова-белавая прадукцыя — гэта сшыткі, альбомы, блокі для малявання, для чарчэння — у асноўным беларускага паходжання. Што да іншых канцылярскіх прылад, то большасць прывазныя. З нашага толькі прадукцыя Калінкавіцкага завода бытавой хіміі (акварэльныя фарбы, гуаш, пластылін).
У многіх магазінах цалкам збяруць школьны камплект, і не трэба бегаць па некалькіх кропках. Да таго ж да 31 жніўня будуць працаваць 760 школьных кірмашоў, з якіх 560 можна наведаць і ў выхадныя. Для продажу адзення, абутку і іншых неабходных тавараў па ўсёй краіне арганізавана каля дзвюх тысяч выстаў-продажаў. Таму, калі хто яшчэ не паспеў падрыхтавацца да новага навучальнага года, ёсць час.