Дзень адчыненых дзвярэй

- 15:04Нам пішуць

У час восеньскіх канікул у музеі сярэдняй школы № 3 Быхава праводзілі Дзень адчыненых дзвярэй. 1 лістапада — гэта дзень, калі школа гасцінна вітала навучэнцаў краязнаўчых гурткоў Быхаўскага цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій і ўсіх тых, хто цікавіцца гісторыяй і культурай роднага краю. Настаўнікі і вучні падрыхтавалі змястоўныя экскурсіі ў школьны этнаграфічны музей і ў музей баявой славы імя Феадосія Смалячкова.

Экскурс у гісторыю музея баявой славы пад назвай “Снайпер з Падгор’я” падрыхтавалі навучэнцы-экскурсаводы пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства педагога дадатковай адукацыі Алены Анатольеўны Ткачовай. Пазнавальны аповед пра Феадосія Смалячкова адразу зацікавіў гасцей. Ніхто не застаўся раўнадушным, бо ўсе пачулі гісторыю пра нялёгкі лёс людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны, пра баявы шлях Героя Савецкага Саюза снайпера Феадосія Смалячкова, пра якога Пятрусь Броўка нават напісаў паэму. Пасля гэтага юныя экскурсаводы правялі агляд тэматычнай выставы “Вялікаму Кастрычніку прысвячаецца…”. Далей чакала экскурсія ў этнаграфічны музей пад назвай “Зямля, дзе пачаўся твой лёс”. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Сяргееўна Пазнякова і юныя экскурсаводы расказалі пра народнае жыццё, народныя промыслы, прылады працы, якімі карысталіся нашы продкі, пра народныя павер’і, святы, быт нашых продкаў.

Канікулярная занятасць — важная акалічнасць у нашым школьным жыцці. Важна, калі вучні не проста адпачываюць перад гаджэтамі, а праз жывыя зносіны пазнаюць гісторыю роднага краю.

Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры педагог дадатковай адукацыі Быхаўскага ЦТКіЭ.