Дзень беражлівых

- 11:36Навіны рэгіёнаў

Міжнародны дзень энергазберажэння пачаў адзначацца ўсяго 9 гадоў назад. Аднак мноства людзей у розных краінах свету лічаць гэтую падзею значнай і адзначаюць яе па-рознаму. Ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці прайшлі разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню энергазберажэння, якія прадэманстравалі, што дзеці ведаюць, што такое энергазберажэнне, і разумеюць, чаму важна эканоміць энергію.

Квесты, семінары, акцыі, тэматычныя канферэнцыі, выставы, брэйн-рынгі, вучэбныя заняткі і гадзіны інфармавання — гэта толькі некалькі прыкладаў з шэрага мерапрыемстваў, што адбыліся ва ўстановах адукацыі. У кожным раёне Дзень энергазберажэння прайшоў па-свойму цікава. Так, напрыклад, у эколага-біялагічным цэнтры Дзяржынскага раёна прайшла акцыя па зборы адпрацаваных батарэек “Ёсць зарад”. Таксама на Дзяржыншчыне — у Станькаўскай сярэдняй школе імя Марата Казея — адбылася канферэнцыя пад назвай “Смецце з карысцю”, падчас якой дзеці дзяліліся інфармацыяй аб тым, як можна даць непатрэбным рэчам другое жыццё, аб другаснай пера-працоўцы і правілах утылізацыі. У сярэдняй школе № 4 Дзяржынска энергазберажэнне папулярызавалі з дапамогай спорту — тут адбылася спартландыя “Мама, тата, я — энергазберагальная сям’я!”.

“Патруль беражлівых” з’явіўся ў рамках мерапрыемстваў Дня энергазберажэння на Мядзельшчыне. На працягу тыдня навучэнцы-“патрульныя” наведвалі школы і дзіцячыя сады, расказвалі дзецям пра электрычнасць, правільнае абыходжанне з бытавымі электрапрыборамі і пра тое, як у штодзённым жыцці зберагаць энергію. На памяць аб сустрэчах з патрулём дзецям засталіся каляровыя буклеты “Народная мудрасць: прыказкі і прымаўкі пра беражлівасць і эканомію”, “Азбука беражлівасці”, памяткі “Простыя меры па энергазберажэнні”, агітацыйныя лістоўкі “Захаваем электраэнергію разам”.

У сярэдняй школе № 3 Вілейкі навучэнцы ўзнялі пытанні энергазберажэння падчас эка-дэбатаў “Беражэш рэсурсы — думаеш пра нашчадкаў”. Свой погляд на пытанне выказала ў выступленні і агітбрыгада “Энергаteam”. У Крупскай раённай гімназіі да Міжнароднага дня энергазберажэння былі праведзены вучэбныя заняткі, круглы стол “Дзіўнае энергазберажэнне”, конкурс малюнкаў на тэму “Сімвал дня энергазберажэння”. А на перапынках для школьнікаў дэманстраваліся тэматычныя відэаролікі і мультфільмы.

Міжнародны дзень энергазберажэння навучэнцы адзначылі актыўным удзелам у тэматычных мерапрыемствах. Гэта дае ўпэўненасць, што ў іх фарміруецца сацыяльная пазіцыя па рацыянальным выкарыстанні энергарэсурсаў і беражлівых адносінах да навакольнага асяроддзя.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі,
спорту і турызму Любанскага райвыканкама і МАІРА.