Дзень энергазберажэння — нагода даведацца больш

- 16:21Нам пішуць

Штогод у Беларусі 11 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень энергазберажэння. У гэты дзень, пачынаючы з 2008 года, мерапрыемствы па энергазберажэнні праводзяцца і ў іншых краінах па ініцыятыве міжнароднай экалагічнай сеткі “Школьны праект па выкарыстанні рэсурсаў і энергіі”.

З мэтай развіцця цікавасці да праблемы рацыянальнага выкарыстання энергіі і энергарэсурсаў, а таксама прапаганды ідэй энергазберажэння сярод школьнікаў у Рэплеўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе 15 лістапада было праведзена агульнашкольнае мерапрыемства “Дзень энергазберажэння — нагода даведацца больш”. Навучэнцы 8 класа, якія наведваюць факультатыўныя заняткі “Вучымся эканоміі і беражлівасці”, кіраўніком якіх з’яўляецца настаўнік інфарматыкі І.Я.Малчанава, падзяліліся простымі энергазберагальнымі парадамі, што не патрабуюць вялікіх укладанняў і атрыманы доследным шляхам. Навучэнцы расказалі пра тое, як можна значна знізіць патрэбу ў энергіі, проста перагледзеўшы ў штодзённым жыцці свае звычкі і паводзіны. І гэта зусім не азначае пагаршэнне жыццёвага стандарту ці адмаўленне ад камфорту. Нават наадварот, скарыстаўшыся прапанаванымі парадамі, можна рэальна сэканоміць грошы, сілы і нервы.

Наталля СЫЧЭЎНІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Рэплеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці.