Дзень гармоніі і прыгажосці

- 14:22Нам пішуць

Педагогі Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна да падрыхтоўкі святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да розных знамянальных дат, падыходзяць вельмі адказна і творча. Напярэдадні 8 Сакавіка ва ўстанове прайшоў дзень гармоніі і прыгажосці.

У рамках мерапрыемства працавала выстава “Падарунак любімай матулі”, дзе былі прадстаўлены работы вучняў 1 — 11 класаў. Кожны школьнік вельмі стараўся парадаваць сваю маму. Юным майстрам спатрэбілася шмат працы, уседлівасці і фантазіі для стварэння адметных работ з кававага зерня, ватных дыскаў, сталовых сурвэтак, СD-дыскаў, грэцкіх арэхаў, гарбузовага насення, каляровай паперы, макароны і інш. Некаторыя вучні не абмежаваліся адной работай. Вырабы здзіўлялі каляровай гамай, тэхнікай выканання і назвамі: “Чароўная галінка”, “Анёлкі”, “Абуджэнне вясны”, “Кветка вясны”, “Кававая фантазія”, “Каралеўскі кактус”, “Нявеста”, “Першацветы”, “Шчаслівая сямейка” і інш. Цудоўным дапаўненнем да выставы стаў конкурс малюнкаў “Матуля мілая, мама мая!”. Малодшыя школьнікі з асаблівай пяшчотай аднесліся да іх стварэння. На дзіцячых малюнках мамы атрымаліся добрымі, ласкавымі, прыгожымі, клапатлівымі, загадкавымі…
Вучні 8 — 9 класаў старанна ўпрыгожылі школьную залу да канцэртнай праграмы “Услаўляем нашых дарагіх мам”. Тут былі і паветраныя шары, і святочныя гірлянды, і насценныя газеты-віншаванні ад старшакласнікаў, і пахучыя свечкі на сталах. Усё стварала святочную абстаноўку. Удзельнікі школьнага клуба джэнтльменаў віталі мам, бабуль і запрошаных гасцей. Вучні радавалі іх музычнымі нумарамі, чытаннем вершаў і ўрыўкаў з сачыненняў, тэатралізаванымі сцэнкамі.
Асаблівым падарункам для мам стала прэзентацыя “І як жа мы падобныя адно на аднаго…”, для стварэння якой спатрэбіліся 74 фотаздымкі. Мамы замілавана глядзелі на сваіх дзяцей, падобных на іх знешнасцю, жэстамі, характарам. Завяршыўся вечар чаяпіццем.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.