Дзень нацыянальнай чароўнасці

- 14:19Нам пішуць

Дзень роднай мовы для кожнай нацыі, кожнага народа асаблівы, бо няма народа без мовы, няма мовы без носьбіта. Каб спрыяць фарміраванню станоўчай матывацыі да вывучэння беларускай мовы, пашыраць межы яе выкарыстання педагогі і навучэнцы Пачаевіцкай сярэдняй школы Чашніцкага раёна наладзілі свята ў сваёй школе. Яно ахапіла вялікае кола бацькоў, настаўнікаў, вучняў. Мы лічым, што беларуская мова мае непараўнальную чароўнасць, сакавітае гучанне, спецыфічны каларыт, гэта ўнікальная мова, самая мілагучная і самая старажытная сярод славянскіх моў. 

Педагогі і навучэнцы ў гэты дзень размаўлялі на роднай мове. Дзень пачаўся з урачыстай лінейкі, дзе вучні чыталі вершы, прысвечаныя роднай мове, праінсцэніравалі верш К.Цвіркі “ У кнігарні”. Прайшоў конкурс “Хвілінка творчасці”. Навучэнцы 5-11 класаў пісалі віншавальныя паштоўкі, у якіх віншавалі родную мову – імянінніцу са святам.Дзяўчаты ў беларускім нацыянальным адзенні бралі інтэрв’ю ў вучняў, настаўнікаў, бацькоў аб тым, як жыве родная мова ў нашай школе, нагадвалі аб свяце і прасілі напісаць свае любімыя словы, з якіх потым была наладжана выстава. Дзеці прынялі актыўны ўдзел у абласным конкурсе па састаўленні прэзентацыі да вершаў нашага славутага земляка Рыгора Барадуліна. Цікавым для навучэнцаў 5-7 класаў аказаўся займальны матэрыял, які быў размешчаны ў фае школы. Аматары беларускай мовы і літаратуры шчыравалі там увесь дзень.Усе разам прыйшлі да выніку, што кожнае слова і вобраз роднай мовы валодаюць магутнай, магічнай сілай – гэта таямніца скарбаў продкаў, да якой трэба ставіцца ўдумліва, уважліва, спасцігаць яе з першых дзён жыцця і да скону.Нам у спадчыну засталася мова продкаў-беларусаў – жывая і непаўторная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. Дык давайце будзем берагчы яе, вывучаць і карыстацца ёю. Хай заўсёды гучыць мова роднай зямлі, мова беларускага народа!

Жанна ІЎКО,
настаўніца вышэйшай катэгорыі
Пачаевіцкай сярэдняй школы Чашніцкага раёна.