Дзень ведаў для дашкольнікаў

- 16:04Нам пішуць

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава вітаў сваіх выхаванцаў 1 верасня музыкай, кветкамі, усмешкамі. Калі гэты дзень рабіць для дзяцей святочным, то і далей, кожны год, яны будуць яго ўспрымаць з радасцю.

Ва ўстанове адукацыі створана чытальная зала, дзе выхаванцы знаёмяцца з літаратурнымі творамі, пазнаюць новае з дапамогай энцыклапедый, гуляюць на інтэрактыўнай дошцы. Чытальная зала падзелена на наступныя куткі: “Год навукі”, “Беларускія песняры”, “Першы друкар”, “Экскурсія па Беларусі”, “Казкі”, “Літаратура для бацькоў”, “Творы для дзяцей па правілах бяспекі”. 1 верасня нашы старшыя выхаванцы бліжэй пазнаёміліся з дзейнасцю і творчасцю славутых людей Беларусі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Францыска Скарыны.

Выхавальнікі арганізавалі гульню-віктарыну “Знаўцы роднага горада”, прадэманстравалі дзецям відэаролік “500 гадоў гісторыі беларускага кнігадрукавання”, пазнаёмілі з кнігай “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку”.

Актыўна выкарыстоўваюць педагогі ў дзейнасці з выхаванцамі 5—6 гадоў серыю “Старонкі роднай зямлі”. У гэтую серыю ўваходзяць вучэбныя наглядныя дапаможнікі “Твая сталіца: стадыёны і спортпляцоўкі Мінска”, “Твая сталіца: заводы і фабрыкі Мінска”, “Твая сталіца: архітэктура Мінска”, “Твая сталіца: тэатры Мінска”, “Твая сталіца: паркі і скверы Мінска”.

Для лепшага ўспрымання гульнявога матэрыялу выхавальнікі дашкольнай адукацыі зрабілі прэзентацыю, гульню на інтэрактыўнай дошцы і падабралі музычны матэрыял да дапаможніка “Твая сталіца: тэатры Мінска”, што спрыяе пашырэнню і паглыбленню ўяўленняў дзяцей аб беларускіх тэатрах і тэатральнай культуры.

Мы ўпэўнены, што першы ўрок для старшых выхаванцаў стаў яркім і запамінальным.

Марына ЯНУШКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава.