Дзіця вучыцца таму, што бачыць

- 11:41Нам пішуць

Бацькі заўсёды хочуць лепшага для свайго дзіцяці: лепш, чым было ў іх, лепш, чым у іншых. І часта пачынаюць шпігаваць дзяцей навучаннямі, указаннямі і пакараннямі. Лаюць, не тлумачачы праблемы. Прымушаюць нешта рабіць, не даючы патрэбнай матывацыі для выканання задачы. І заўсёды кажуць, як трэба жыць. Ці правільна так сябе паводзіць?

Тут дарэчы адзін вядомы выраз: “Хацелі як лепш, а атрымалася як заўсёды”. На самай справе, многія бацькі не разумеюць, чаму дзеці іх не слухаюцца, паводзяць сябе не так, як яны гэтага хацелі б. Адказ просты: многія бацькі забываюць, што менавіта яны з’яўляюцца для свайго дзіцяці галоўным узорам для пераймання.

Самыя яркія прыклады гэтага можна назіраць у дзяцей, якія толькі пачынаюць хадзіць і гаварыць. Не вымаўляючы большасць слоў, дзіця імкнецца адпавядаць бацькоўскай інтанацыі, асабліва хутка капіруючы словы-паразіты. Прымае такую ж позу, лежачы на канапе, ці пачынае прымяраць маміны ўборы, фарбуе вусны.

Часцей можна заўважаць дрэнныя звычкі. Напрыклад, дзіця, якое часта бачыць, як бацькі кураць, само пачынае цягнуцца да цыгарэты і засоўваць яе ў рот. Калі дзіця маленькае, бацькі не заўважаюць у гэтых паводзінах нічога дрэннага. І нават, наадварот, пацяшаюцца і смяюцца, такім чынам паказваючы сваё адабрэнне. Малое, у сваю чаргу, успрымае рэакцыю бацькоў як станоўчую і працягвае перайманне. Малеча з самага дзяцінства капіруе паводзіны бацькоў і іншых дарослых, пераймаючы іх звычкі, манеру размаўляць, многае іншае.

Пацвярджэнне вышэйсказанага я знаходзіла шмат разоў, былі прыклады як добрыя, так і дрэнныя.

Адна жанчына неяк сказала, што за ўсе 10 гадоў яе дачкі яна ні разу яе не пакарала. Як аказалася, усё геніяльнае проста. З дзяўчынкай з самага ранняга дзяцінства размаўлялі, усё-ўсё ёй тлумачылі. Кожны раз гаворачы, чаму нешта рабіць добра, а іншае рабіць дрэнна і якія могуць быць наступствы, даючы сваімі паводзінамі найлепшы прыклад.

Замест таго каб марнаваць шмат сіл і часу на крыкі і сваркі за дрэнны ўчынак свайго дзіцяці, прапаноўваю вам пакінуць яго на 10—15 хвілін. У гэты час вы павінны супакоіцца (глыбока падыхайце, заварыце чай). Калі адчуеце, што гатовы выслухаць дзіця, зрабіце гэта. Падыдзіце да яго і папрасіце расказаць праўду. Бо калі не вы, то хто паверыць вашаму дзіцяці? І паспрабуйце разам з ім прааналізаваць сітуацыю. Знайсці найлепшы выхад з яе. Так вы зберажаце сябе і дзіця ад негатыўных эмоцый і нервовых зрываў, наўзамен атрымаўшы давер з боку вашага малога.

“Выхоўваць дзіця — цяжкая і непасільная задача”, — сцвярджаюць многія бацькі. Цяжка выхоўваць, калі не можаш знайсці падыход, калі няма сіл растлумачыць штосьці, сказаць пра свае пачуцці. Яшчэ цяжэй, калі не спрабуеш зразумець прычыну паводзін. Шмат сіл траціцца марна, дзіця вас не чуе. Хачу нагадаць, што пачаць мяняцца, мяняць сваё жыццё і рабіць яго больш шчаслівым ніколі не позна. Далёка не ўсё залежыць ад акалічнасцей, вельмі многае ў вашых руках, асабліва тое, што тычыцца шчасця вашай сям’і і далейшага дабрабыту вашых дзяцей.

Акружыце сваё дзіця любоўю і клопатам. Дайце яму ўпэўненасць і веру ў самога сябе. Падтрымлівайце ва ўсіх пачынаннях і заўсёды хваліце нават за самыя маленькія дасягненні. Яно заўсёды будзе пераймаць вашы паводзіны, гэтак жа, як і вы, будзе выходзіць са складаных сітуацый, запазычыць вашы жыццёвыя каштоўнасці. Будзьце дастойным прыкладам, і ваша дзіця вырасце добрым чалавекам. Або, як кажа англійская прыказка, не выхоўвайце дзяцей: усё роўна яны будуць падобныя на вас — выхоўвайце сябе.

Марына ЯЦКЕВІЧ,
педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра
Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.