Дзіцячыя эксперыменты і доследы ў садзе

- 12:18Віцебск

ВЫСОЦКАЯ Вольга Мікалаеўна,
выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Полацка.

Стаж работы — 7 гадоў. Скончыла Полацкі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя. Фізічнае выхаванне”. Потым скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя. Лагапедыя”.

Намінацыя “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”

Кожны яе выхаванец — маленькі даследчык, які з радасцю і здзіўленнем адкрывае для сябе навакольны свет. Важна не даць гэтаму імкненню згаснуць: чым больш насычанай і разнастайнай будзе педагагічная дзейнасць, тым больш паспяхова будуць развівацца здольнасці выхаванцаў. Дзіця ў штодзённым жыцці сутыкаецца са многімі з’явамі, але не можа спазнаць іх самастойна, менавіта таму вялікая роля належыць даследчай дзейнасці, якая дазваляе выхаванцам рабіць свае маленькія “адкрыцці”.

Асаблівую ўвагу пры арганізацыі работы па фарміраванні ўстойлівай цікавасці да даследчай дзейнасці Вольга Мікалаеўна ўдзяляе дзіцячаму эксперыментаванню і доследам. Менавіта падчас эксперыментальнай дзейнасці ў дзяцей выяўляецца патрэба ў новых ведах, уражаннях, якая суправаджаецца высокім эмацыянальным уздымам. Непасрэдны кантакт з прадметамі або матэрыяламі, элементарныя доследы з імі дапамагаюць выхаванцам даведацца пра уласцівасці, якасці прадметаў, абуджаюць дапытлівасць.

Падчас доследна-эксперыментальнай дзейнасці ў дзяцей фарміруюцца ўменні назіраць, разважаць, параўноўваць, адказваць на пытанні, рабіць высновы, знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі. Зносіны і сумесная дзейнасць з выхаванцамі дазваляюць развіваць у дзяцей уменне ставіць мэту, дзейнічаць пераймальна. А ў сумеснай дзейнасці з равеснікамі дзіця вучыцца пераносіць свае ўменні на практыку: абараняць свой пункт гледжання, спрачацца, даказваць. Вялікая роля ў рабоце выхавальніка адводзіцца пазнавальным гутаркам з дзецьмі, дзе выхаванцы вучацца не толькі адказваць на пытанні і выказваць свой пункт гледжання, але і задаваць пытанні равеснікам. Выкарыстанне метаду мадэлявання ў рабоце з выхаванцамі дазваляе ў нагляднай форме перадаць схаваныя ўласцівасці і сувязі навакольных аб’ектаў і сумесна зафіксаваць вынікі даследчай дзейнасці.

Для паспяховай рэалізацыі пастаўленых задач па развіцці пазнавальнай цікавасці да даследчай дзейнасці выхаванцаў Вольга Мікалаеўна распрацавала і выкарыстоўвае аўтарскі комплекс дыдактычных дапаможнікаў, які ўключае відэаматэрыялы, створаныя метадам сторытэлінгу, якія ўяўляюць сабой пазнавальны расказ пра ход эксперыментаў, інтэрактыўную папку “Багаж ведаў”. Вольга Мікалаеўна ўдзяляе вялікую ўвагу стварэнню прадметна-развіццёвага асяроддзя. У групе быў абсталяваны куток “Юны даследчык”. Усе матэрыялы ў гэтым кутку спрыяюць задавальненню патрэбы дзяцей у адкрыцці новых ведаў. Вельмі важна выклікаць у дзяцей цікавасць да праблем і падтрымаць яе, каб вырашыць усе пастаўленыя задачы.

Доследы ў дзяцей заўсёды выклікаюць шчырую цікавасць і нагадваюць фокусы. Выхаванцы адчуваюць радасць ад сваіх “адкрыццяў”. Таму і заняткі педагог называе “Заняткі-адкрыцці”, “Цудоўныя адкрыцці”, “Школа чараўніцтва”. Дзеці запрошаны не проста ў групу, а ў “Цудоўную лабараторыю”, інстытут “Пазнай”, лабараторыю “Эўрыка”. Выхаванцы тут пераўвасабляюцца і іграюць ролі лабарантаў, даследчыкаў, вучоных і навуковых супрацоўнікаў.

З’явы, якія назіраюцца, Вольга Мікалаеўна з дзецьмі фіксуе пасля кожнага доследу, каб зробленыя “адкрыцці” лепш запомніліся выхаванцам. У час назірання ў асноўным актывізуецца зрокавая памяць, а пры фіксацыі з’яў — нюхальная, слыхавая, рухальная, тактыльная. Такім чынам, у час фіксацыі вынікаў Вольга Мікалаеўна звяртае ўвагу выхаванцаў на неабходнасць аналізаваць з’яву, вылучаць галоўнае, каб найбольш поўна адлюстраваць вынікі ў дзённіках. У сваёй рабоце выхавальніца выкарыстоўвае разнастайныя спосабы фіксацыі эксперыментаў і доследаў: каляндар надвор’я, каляндар прыроды, дзённік назіранняў, замалёўванне аб’екта і інш. Калі ў дзяцей ужо сфарміравалася мадэль правядзення эксперыментальнай дзейнасці, яны могуць самі правесці доследы, праверыць свае здагадкі, адчуць сябе даследчыкамі.

У далейшай рабоце над пастаўленымі задачамі Вольга Мікалаеўна стала актыўна ўключаць бацькоў у сумесную дзейнасць з дзецьмі, бо дзіцяці важна, каб бацькі падтрымлівалі яго пачынанні. Для вывучэння адносін бацькоў да эксперыментальнай дзейнасці было праведзена анкетаванне, падчас якога яны вызначылі, што гэтая тэма з’яўляецца цікавай і актуальнай для многіх. Акрамя таго, многія бацькі заўважылі, што дзеці сталі праяўляць больш увагі да розных аб’ектаў і з’яў навакольнага свету, спрабуюць самастойна вывучаць іх. Зыходзячы з вынікаў гэтага апытання, былі распрацаваны індывідуальныя і групавыя кансультацыі, а таксама праведзена канферэнцыя на тэму “Маленькія першаадкрывальнікі”.

Эфектыўная работа дапамагла дзецям стаць больш ініцыятыўнымі, разняволенымі, знаходзіць новыя спосабы атрымання інфармацыі, а потым працаваць з ёй, гэта значыць развіваць свае даследчыцкія здольнасці. Дзеці сталі вельмі цікаўнымі (задаюць многа пытанняў пра прычыны з’яў, якія адбываюцца), актыўнымі (сталі ініцыятарамі правядзення шэрага доследаў, пачалі прымяняць атрыманы вопыт у самастойнай гульнявой дзейнасці), пашырыліся іх слоўнікавы запас, уяўленні пра фізічныя ўласцівасці прадметаў і з’яў навакольнай рэчаіснасці. Эксперыментаванне як спецыяльна арганізаваная дзейнасць спрыяе станаўленню цэласнай карціны свету дашкольніка і асноў культурнага пазнання ім навакольнага свету.