Дзіцячыя слёзы

- 15:05Нам пішуць

Дзіцячыя слёзы … Ні адзін неабыякавы чалавек не пройдзе міма, дзіцяці, якое плача. І калі прычына плачу разбітая каленках або зламаная цацка, не бяда. Можна супакоіць. Але як супакоіць дзіця, якое пакрыўдзіла жыццё? Таму што яна ў яго, як у казцы: чым далей, тым страшней.

Дом без гарачай вады, газу, прыстойнай мэблі, пасцельнай бялізны, дзе шпалеры вісяць маркотнымі лахманамі на сценах, а ў брудныя вокны не можа прабіцца праменьчык сонца. А мама з татам п’юць. І дзіця не вінаватае, што з’явілася на свет менавіта тут і яму даводзіцца жыць з бацькамі, якія за сябе адказаць не могуць, не кажучы ўжо пра тое, каб трымаць адказ за дзяцей.

За 14 гадоў работы выхавальніцай у Свіслацкім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры бачыла не адну сотню абяздоленых дзяцей з рознымі лёсамі, але з амаль аднолькавай пустэчай у душы і смуткам у вачах. Вельмі часта ўспамінаю першы год работы, на мой погляд, самы складаны. Памятаю свайго першага выхаванца. Хлопчыку было гадоў 8, калі яго з сястрой прывезлі да нас у цэнтр. Дома засталася маці-п’яніца, бацькі хлапчук ніколі не бачыў. Цацак дома не было. Што там цацкі — што такое сапраўдная ежа, дзеці даведаліся толькі ў прытулку.

Пры першай сустрэчы я папрасіла хлопчыка расказаць пра сябе. Было шмат нецэнзурных слоў, ухмылак. Гэта быў першы мой досвед зносін з такімі дзецьмі. А далей — перажыванні, а раптам я зрабіла нешта не так, а хлапчук мае патрэбу ў маёй дапамозе?

Дзіця павольна распавядала пра сваё жыццё. Паступова тон размовы мяняўся.Хлапчук упершыню сустрэў дарослага чалавека, якому ён быў цікавы, які не падманваў і не казаў, што ўсё ў яго жыцці будзе добра, а вучыў жыць у тым, што яму дасталася, жыць так, каб заставацца Чалавекам. Я зразумела, што зрабіла тое, што лічыла патрэбным: аказала падтрымку і прыняла ўдзел у жыцці маленькага чалавека. Для яго гэта таксама быў першы вопыт прыняцця сябе, як асобы. І вельмі прыемна было даведацца, што з гэтага недаверлівага дзіцяці вырас паўнавартасны член грамадства.

Калі ўдалося дапамагчы свайму выхаванцу, атрымала задавальненне, але разам з тым мне было сумна. Добра ад таго, што змагла дапамагчы, змагла растапіць лёд у чужой дзіцячай душы. А сумна таму, што ў мяне ўсё ў парадку, пасля работы я спяшаюся ў свой чысцюткі і правільны маленькі свет, да сям’і, а дзеці засталіся ў прытулку, які на паўгода стаў для іх домам.

Яшчэ памятаю дзяўчынку 7 гадоў, якая паступіла ў аддзяленне нашага цэнтра не таму, што бацькі злоўжывалі алкагольнымі напіткамі і не клапаціліся пра здароўе дзіцяці. Дзяўчынку змясцілі па той прычыне, што мама пастаянна лячыла дачку ад розных хвароб (дыягназы медыцынскімі работнікамі не былі ўстаноўлены), карміла дзяўчынку дыетычнай ежай, бо лічыла, што ў яе алергія на многія прадукты, у школу ў 6 гадоў не адпусціла, баялася, што будзе часта хварэць. Акрамя таго, мама не працавала — і ёй не хапала грошай на ўтрыманне дзіцяці. Сёння гэтая дзяўчынка жыве ў замяшчальнай сям’і, не хварэе, вучыцца добра, развіваецца і марыць …

Кожнае дзіця ў нашым цэнтры — гэта асоблівы лёс. Лёс складаны і заблытаны. Але ўсе дзеці аднолькавыя тым, што кожны з іх хоча быць шчаслівым: мець добрых маму і тату, быць сытым і ахайным, спаць у чыстым ложачку, гуляць з любімымі цацкамі, слухаць казкі, хадзіць на прагулкі. А самае галоўнае, кожнае дзіця хоча адчуваць любоў, клопат, разуменне і дапамогу з боку самых блізкіх і родных людзей. І вельмі важна здолець нам, дарослым, своечасова працягнуць руку дапамогі і падарыць гэтым дзецям шчасліваю краіну Дзяцінства.

Таццяна БЕЛІЦКАЯ,
выхавальнік Свіслацкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.