Дзяржава зацікаўлена ў фарсіраваным развіцці IT-сферы

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на адкрыцці XXVII Міжнароднага форуму па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях “ТІБО-2021”.

У цырымоніі адкрыцця форуму таксама прынялі ўдзел першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Канстанцін Шульган, прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, ІТ-кампаній, навукоўцы, замежныя госці.

“Дзяржава зацікаўлена ў фарсіраваным развіцці IT-сферы, інтэграцыі працэсаў кіравання дзяржавай з найноўшымі тэхналагічнымі рашэннямі. У гэтай сферы заўсёды будзе максімальная падтрымка ўрада і дзяржорганаў”, — сказаў Раман Галоўчанка.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, хуткасць асваення новых тэхналогій — гэта аснова эканамічнага развіцця, яна дае глабальныя перавагі на су­светным узроўні. “Сёння ў якасці такіх пераваг выступаюць інфармацыйныя тэхналогіі і тэмпы іх укаранення ў традыцыйныя працэсы. Вынікі такога развіцця дазваляюць забяспечыць новую якасць жыцця для людзей, вялікі аб’ём магчымасцей і служаць асновай для трансфармацыі эканомікі і сістэмы дзяржаўнага кіравання… Вы­значаючы гэты кірунак як першарадную задачу, Беларусь стварыла на­дзейную інфраструктурную аснову для лічбавых пераўтварэнняў. Як вынік гэтай працы — 32-е месца ў рэйтынгу Міжнароднага саюза электрасувязі па развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. І гэта лепшы паказчык сярод краін СНД”, — растлумачыў прэм’ер-міністр.

Беларусь дасягнула значных вы­нікаў у развіцці тэхналогій электроннага ўрада. У найбліжэйшы час грамадзяне змогуць пераканацца ў выгадзе прапанаваных рашэнняў на практыцы. “Азнаёміцца з імі ўжывую, дакрануцца, паглядзець можна ўжо сёння на гэтай выставе. У першую чаргу гаворка ідзе аб біяметрычных дакументах, якія сведчаць асобу, ID-картах, выдача якіх пачнецца з 1 верасня бягучага года. Дзякуючы ім, значна спросціцца ўзаемадзеянне паміж бізнесам і дзяржавай, зменшацца бюракратычныя патрабаванні для аказання дзяржаўных паслуг. Па сутнасці, гэта новы этап у развіцці лічбавізацыі рэспублікі з пераходам на новыя стандарты абслугоўвання насельніцтва”, — дадаў ён.

“Разам з тым мы не збіраемся спыняцца на дасягнутых выніках, нашымі найбліжэйшымі задачамі з’яўляюцца ўкараненне тэхналогій сувязі пятага пакалення, мабільнага электроннага лічбавага подпісу, маштабіраванне разумных гарадоў, развіццё праектаў электроннай адукацыі, аховы здароўя і шэрага іншых тэхналогій, — падкрэсліў Раман Галоўчанка. — Усведамляючы важнасць лічбавай трансфармацыі эканомікі, мы традыцыйна ствараем умовы для арганізацыі дыя­логу ўсіх зацікаўленых у развіцці IT-сферы, у тым ліку шляхам правядзення па ініцыятыве ўрада гэтага форуму. Пляцоўка форуму — гэта магчымасць падвесці вынікі працы, прэзентаваць вынікі лічбавага развіцця, знайсці новых партнёраў, кліентаў, а таксама выпрацаваць новыя цікавыя ідэі”, — падсумаваў прэм’ер-міністр.

Цэнтральную экспазіцыю на выставе займае стэнд “Беларусь — краіна лічбавых магчымасцей”. Там прадстаўлены інавацыйныя распрацоўкі дзяржаўных органаў і беларускіх ІТ-кампаній у сферы інфармацыйных тэхналогій, а таксама магчымасці іх эфектыўнага прымянення ў розных сферах дзейнасці.

У гэтым годзе ўдзельнікамі форуму сталі больш за 100 арганізацый з Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Расійскай Федэрацыі, Узбекістана і інш.

Акрамя індывідуальных стэндаў кампаній, на выставачнай экспазіцыі прадстаўлены калектыўныя стэнды міністэрстваў адукацыі, прамысловасці, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ТАА “Мінскі гарадскі тэхнапарк”, АНО “Санкт-Пецярбургскі цэнтр падтрымкі экспарту”, а таксама спецыяльныя раздзелы “Адукацыйная алея”, “Арэна інавацый”, “100 ідэй для Беларусі”.

У час форуму “ТІБО-2021” адбу­дзецца падвядзенне вынікаў конкурсу “Інтэрнэт-прэмія “ТІБО-2021”, конкурсу стартапаў Belarus ICT Startup Award, а таксама беларускі нацыянальны адборачны этап V Міжнароднай Scratch-алімпіяды па крэатыўным праграмаванні сярод школьнікаў.