Дзяржавы падзеляцца вопытам па далучэнні насельніцтва да масавых заняткаў фізкультурай

- 10:36Інфармацыйная гадзіна

Беларусы за апошнія 5 гадоў сталі больш займацца спортам, паведаміў карэспандэнту БелТА першы намеснік міністра спорту і турызму Беларусі старшыня савета па фізічнай культуры і спорце краін СНД Вячаслаў Дурноў. Пасяджэнне гэтага савета прайшло ў Мінску 7—8 чэрвеня.

“Паводле статыстыкі, за апошнія 5 гадоў колькасць беларусаў, якія займаюцца фізкультурай, вырасла на 5 працэнтаў, а ўсяго лічаць сябе спартыўнымі 22 працэнты насельніцтва. Гэта добрыя лічбы, калі ўлічыць, што таксама ёсць групы малалетніх і пажылых людзей. У выніку атрымліваецца, што спортам займаецца асноўная актыўная частка насельніцтва”, — расказаў Вячаслаў Дурноў. Ён адзначыў, што гэта дасягаецца за кошт папулярызацыі спорту. Немалую ролю адыграла таксама будаўніцтва спартыўных аб’ектаў, у тым ліку даступных дваровых пляцовак ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

На парадку дня пасяджэння савета па фізічнай культуры і спорце краін СНД былі пытанні таго, як выбудаваць работу, каб здаровы лад жыцця ўвайшоў у моду ў грамадзян і стаў нармальнай чалавечай патрэбнасцю. У кожнай краіны ёсць свой цікавы падыход да масавых заняткаў фізкультурай, і гэтыя напрацоўкі цікава пераняць. Удзельнікі пасяджэння падзяліліся вопытам работы па забеспячэнні бяспекі правядзення спартыўных мерапрыемстваў, разглядзелі пытанні, якія тычацца развіцця фізкультурна-аздараўленчай работы сярод сельскага насельніцтва і забеспячэння даступнасці спартыўных збудаванняў, новых форм іх эфектыўнага выкарыстання, а таксама абмеркавалі асаблівасці падрыхтоўкі маладых трэнерскіх кадраў.

Міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Шамко ў сваім уступным слове на адкрыцці пасяджэння адзначыў важнасць спорту ў любой дзяржаве. “У сучасным свеце спорт — частка палітыкі. І прынцыпы, якія першапачаткова былі закладзены (справядлівасць, сумленнасць), часта становяцца залогам інтрыг. Трэба быць заўсёды на дзве галавы вышэй і безагаворачна даказваць сваю перавагу на сусветных памостах”, — сказаў ён.