“Дзясятка” па інклюзіі

- 15:07Рознае, Спецыяльная адукацыя

Педагогі ясляў-сада № 6 Смаргоні, дзе ёсць выхаванцы з парушэннямі зроку, вучаць іх бацькоў аб’ектыўна ацэньваць магчымасці сваіх дзяцей, садзейнічаць у раскрыцці іх талентаў. Установа з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па развіцці, навучанні і выхаванні дзяцей з парушэннямі зроку. На базе сада дзейнічае таксама рэспубліканская інавацыйная пляцоўка, дзякуючы чаму да справы выхавання дзяцей далучаюцца не толькі бацькі, але бабулі і дзядулі.

Пераадолець нябачныя бар’еры

“Адпраўным пунктам для ўдзелу ў праекце “Дзясятка па зроку”, які атрымаў грант Прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь, стала моцнае жаданне змяніць сітуацыю да лепшага, — гаворыць загадчыца сада Ірына Фёдараўна Макаранка. — Некалькі гадоў назад я азнаёмілася з матэрыяламі па тэме інклюзіі (якая падразумявае паўнацэннае ўключэнне ў грамадства людзей з АПФР) і паглядзела фільм “Інклюзія для Сэмюэля”. Думкі, адлюстраваныя ў матэрыялах і фільме, былі вельмі блізкімі мне. Я зразумела, што менавіта такіх інклюзіўных падыходаў да навучання і выхавання дзяцей з парушэннямі зроку нашай установе не хапае. На той момант у садзе працавала спецыяльная група для такіх дзяцей. Стварыць інтэграваную групу мы тады былі не гатовы. Далучыць дзяцей з парушэннямі зроку да асяроддзя звычайных дзяцей без папярэдняй падрыхтоўкі таксама было рызыкоўна, яны маглі не прыжыцца ў ім. Да таго ж неабходна было падрыхтаваць да такога суседства бацькоў звычайных дзяцей, не ўсе з іх былі настроены талерантна. Душа балела і за бацькоў асаблівых дзяцей, якія перажывалі, што іх малышам няма месца сярод здаровых равеснікаў. Важна было знайсці шляхі збліжэння для ўсіх дзяцей і бацькоў, пераадолець гэтыя нябачныя бар’еры”.
Праект “Дзясятка па зроку” стварылі Ірына Фёдараўна і яе намеснік па асноўнай дзейнасці Наталля Францаўна Курак. У ім дасканала акрэслена сітуацыя, звязаная з навучаннем і выхаваннем дзяцей з парушэннямі зроку ў Смаргонскім раёне. Сёння ў раёне выхоўваецца 119 дзяцей з аслабленым зрокам, якія наведваюць 9 дзіцячых садоў, а таксама спецыяльную групу ў яслях-садзе № 6. Спецыялістаў-тыфлапедагогаў у горадзе няма, але іх работу могуць выконваць настаўнікі-дэфектолагі, нават калі ў іх іншая спецыялізацыя. Ім толькі неабходна атрымаць адпаведныя веды. У межах праекта аператыўна была наладжана падрыхтоўка спецыялістаў. Для гэтага былі запрошаны трэнеры, кансультанты з ясляў-сада № 32 Маладзечна, дзе назапашаны багаты вопыт выхавання дзяцей з парушэннямі зроку. Яны прыязджалі ў яслі-сад № 6 Смаргоні на працягу 4 месяцаў і праводзілі трэнінгі, майстар-класы, кансультацыі, семінары, практыкумы для педагогаў горада. За гэты перыяд на базе сада былі падрыхтаваны 20 выхавальнікаў і 17 настаўнікаў-дэфектолагаў.
Дзякуючы праекту “Дзясятка па зроку” ў садзе з’явіліся ўмовы для рэабілітацыйнай і сацыяльна-педагагічнай работы з дзецьмі з аслабленым зрокам. Напрыклад, быў створаны сенсорны пакой. У ім ёсць светлавыя прыборы, якія рэкамендаваны дзецям з аслабленым зрокам, і куткі для развіцця маторыкі. Заняткі ў гэтым пакоі праводзяць настаўнік-дэфектолаг і псіхолаг сада. Папярэдне ўрач-афтальмолаг сада дае рэкамендацыі дзецям па карыстанні прыборамі, ён раіць, які апарат лепш за ўсё ўключыць для пэўнага дзіцяці — шар, які круціцца, струменны дождж або тунэль, праз які можна глядзець удалячынь. У гэтым жа пакоі ў кутку для рэлаксацыі ёсць сухі басейн і прыстасаванні для развіцця дробнай маторыкі.
Бацькі заўсёды ў курсе спраў сада, на базе ўстановы адкрыты кансультацыйны пункт, праводзяцца канферэнцыі для бацькоў, і не толькі для сваіх, але і для бацькоў выхаванцаў іншых дзіцячых садоў горада, дзе таксама ёсць дзеці з парушэннямі зроку. Педагогі з захапленнем расказваюць і аб сенсорным пакоі, які кожны з бацькоў можа наведваць разам са сваім дзіцем. На заняткі можна прыходзіць са сваім настаўнікам-дэфектолагам або псіхолагам.
Вядзецца работа і з бацькамі звычайных дзяцей, каб у іх фарміраваліся станоўчыя адносіны да дзяцей з асаблівасцямі, каб дома яны тлумачылі сваім малышам, што ўсе дзеці роўныя і трэба заўсёды дапамагаць адно аднаму.
“Самае галоўнае дасягненне праекта — расфарміраванне ў нашым садзе спецыяльнай групы для дзяцей з парушэннямі зроку, — гаворыць Ірына Фёдараўна. — Цяпер усе выхаванцы наведваюць звычайныя групы. Для дзяцей з парушэннямі зроку створана безбар’ернае асяроддзе ў групах, першая і апошняя прыступкі на лесвіцах пафарбаваны ў жоўты колер, абазначаны бардзюры. Мы спадзяёмся, што ўсе нашы выхаванцы пасля дзіцячага сада стануць навучэнцамі звычайных школ”.
Сёння ўсе жадаючыя могуць наведаць сайт “Зоркія вочкі”, які стварылі педагогі сада, і знайсці там шмат рэкамендацый і цікавай, карыснай для сябе інфармацыі.

Як роўны да роўнага

У мінулым годзе ў яслях-садзе № 6 Смаргоні быў рэалізаваны кароткатэрміновы праект “Свой сярод сваіх” таксама пры падтрымцы Прадстаўніцтва Міжнароднага дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ). Праект быў накіраваны на далучэнне асаблівых дзяцей да культурна-масавых мерапрыемстваў. Пры яго рэалізацыі выкарыстоўваўся інклюзіўны падыход “роўны — роўнаму”.
“На пачатку такога праекта важна было абмеркаваць з бацькамі магчымасць яго рэалізацыі, канчаткова зразумець, ці пойдуць яны нам насустрач, ці дазволяць праводзіць у садзе мерапрыемствы сумесна з дзецьмі з ЦКРНіР, — адзначыла Ірына Фёдараўна. — Ці будуць згодны нашы бацькі, каб падчас мерапрыемстваў мы аб’ядноўвалі іх дзяцей з выхаванцамі ЦКРНіР, каб іх дзеці рабілі візіт у адказ. Варта адзначыць, што не ўсе бацькі адразу згадзіліся. Некаторыя з іх прапаноўвалі нават аказаць матэрыяльную дапамогу выхаванцам цэнтра, толькі б засцерагчы сваё дзіця ад сустрэч з імі. З такімі бацькамі працавала наша педагог-псіхолаг. Яна праводзіла трэнінгі з бацькамі, і ў рэшце рэшт іх меркаванне змянілася. Не ўсё проста было і з бацькамі выхаванцаў карэкцыйнага цэнтра. Мы запэўнілі іх, што не будзем фатаграфаваць дзяцей і пастараемся зрабіць усё, каб іх дзеці адчулі сябе роўнымі сярод роўных. Было праведзена сумеснае фізкультурнае свята з удзелам бацькоў, прадстаўлена канцэртная праграма “Мы розныя — мы роўныя”, у мерапрыемствах удзельнічалі 27 дзяцей (у тым ліку 11 з ЦКРНіР). Цікавы факт: падчас спартыўнага свята нашы выхаванцы стараліся не апярэдзіць і не абыграць дзяцей з АПФР, каб не пакрыўдзіць іх. У такіх сумесных справах выхоўваюцца ўзаемаразуменне і гатоўнасць прыйсці на дапамогу таму, хто слабейшы, — гэта і было галоўнай мэтай праекта”.

На заняткі ў бацькоўскі ўніверсітэт

У 2012 годзе на базе ўстановы пачаў рэалізоўвацца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі ўзаемадзеяння ўстановы дашкольнай адукацыі і шматпакаленнай сям’і, якая накіравана на фарміраванне маральных каштоўнасцей у дзяцей дашкольнага ўзросту”. Навуковыя кансультанты праекта — загадчык кафедры дашкольнай адукацыі АПА Валянціна Мікалаеўна Шашок і старшы выкладчык кафедры філасофіі і гуманітарных праблем Мінскага гарадскога ІРА Вікторыя Алегаўна Кандрашова.
“Мы зразумелі, што ў нас ёсць незадзейнічаны патэнцыял — бабулі і дзядулі, якія сёння ў большасці сваёй сацыяльна актыўныя людзі. Менавіта зносіны з імі, прадстаўнікамі старэйшых пакаленняў, — гэта самае лепшае выхаваўчае асяроддзе для дзяцей, — гаворыць Ірына Фёдараўна. — І першачарговай нашай задачай было далучэнне старэйшага пакалення да выхавання дзяцей. Паступова мы рыхтавалі да гэтага педагогаў (падчас самых розных сустрэч, гутарак, трэнінгаў, семінараў). Спачатку вырашылі ўключыць у працэс тры сярэднія групы сада. Але ўбачылі, што яны баяцца зрабіць першыя крокі насустрач бабулям і дзядулям, бо адчуваюць няўпэўненасць, можа быць, недахоп ведаў і ўяўленняў аб тым, што ім дас ць такое супрацоўніцтва. Ды і прадстаўнікі старэйшага пакалення, якім сёння ад 52 да 70 гадоў, былі ў разгубленасці і спачатку адмаўляліся ад удзелу ў культурна-масавых мерапрыемствах, не хацелі расказваць, што ім у мінулым давялося перажыць. Але пасля першых удалых сустрэч усё карэнным чынам змянілася. Бабулі і дзядулі “раскрыліся”, вельмі эмацыянальна сталі дзяліцца гісторыямі з мінулага, нават прадэманстравалі свае шматлікія таленты”.
Педагогі імкнуцца так арганізоўваць жыццё дашкольнікаў, каб кожны іх дзень быў напоўнены цікавым зместам, які б яны накіроўвалі на фарміраванне любові да баць-коў, бабуль і дзядуляў, каб дзеці вучыліся паважаць сямейныя традыцыі. Вялікую дапамогу ў гэтым аказвае бібліятэка, сабраная дзякуючы намаганням бацькоў. Самай каштоўнай іх знаходкай з’яўляецца кніга М.А.Андрыянава “Філасофія для дзяцей”.
Ёсць у садзе і сапраўдны “Бацькоўскі ўніверсітэт”, у якім тры кафедры: “Псіхалагічныя сакрэты”, “Кафедра творчых спраў”, “Кафедра сямейных традыцый”.
Кафедра псіхалагічных сакрэтаў уключае ў сябе такія віды работ, як трэнінг, псіхалагічны тэатр, круглы стол, вечар пытанняў і адказаў, дзелавыя гульні і інш. На такіх мерапрыемствах часта абмяркоўваюцца праблемы сям’і. Асабліва дапамагае ў рабоце псіхалагічны экспромт-тэатр, удзельнікі якога разыгрываюць пэўныя тэмы і выконваюць пры гэтым розныя ролі. Галоўнае, каб напрыканцы міні-спектакляў узнятыя праблемы знаходзілі вырашэнне.
Кафедра творчых спраў — гэта “сямейныя майстэрні”, а таксама гурткі, дзе з дзецьмі займаюцца бабулі. Яны вучаць будучых гаспадынь гатаваць, вязаць, вышываць. Бабулі арганізавалі міні-музей сямейных каштоўнасцей і сямейных рэліквій, у які прынеслі з дому дзівосныя рэчы. І дзядулі таксама падключыліся — вядуць заняткі ў майстэрнях, шчыруюць разам з унукамі, напрыклад, робяць шпакоўні. Рамонтная брыгада дзядуляў працуе і ў групах, надае ім прывабны выгляд, рамантуе мэблю.
На кафедры сямейных традыцый ідзе абмен вопытам па сямейным выхаванні, адбываецца кансультаванне, як педагогаў, так і бацькоў, ладзяцца дыскусіі, круглыя сталы, КВЗ, вячоркі, працуе клуб “Сямейнае гняздо”. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца святы, дзе сустракаюцца тры пакаленні. Старэйшыя расказваюць аб традыцыях сям’і, аб сваіх бабулях і дзядулях, пра народныя святы і абрады.
У рамках праекта педагогі распрацавалі шмат тэматычных кансультацый, памяткі, буклеты для бацькоў і прабацькоў. Сумесна з бацькамі яны стварылі зборнік прыказак і прымавак пра выхаванне маральных якасцей у сям’і, а таксама генеалагічнае дрэва, фотаальбомы “Гісторыя адной сям’і”; прэзентацыі “Падарожжа ў мінулае і будучае сям’і”, “Традыцыі нашай сям’і”. Бацькі і прабацькі пішуць творчыя сачыненні пра сваіх дзяцей і ўнукаў, а малышы таксама ў апавяданнях выказваюць пра дарослых лепшыя словы: “Сем — Я”, “Мой тата”, “Лепшая ў свеце бабуля”, “Мой дзед — гэта крута”, “Наша дружная сям’я”. Лепшыя работы ўвайшлі ў зборнік твораў “Пад дахам дома майго”. Увогуле, дзеці часта выказваюць добрыя словы ў адрас сваіх бацькоў і старэйшага пакалення. А яшчэ дзякуючы такім мерапрыемствам, па словах бабуль, іх дзеці сталі прыслухоўвацца да парад па выхаванні ўнукаў. І што зусім нечакана — бабулі пачалі сябраваць, хадзіць адна да адной у госці.
“Ёсць яшчэ адна цікавая форма работы з сям’ёй — бацькоўскі педсавет, — гаворыць Ірына Фёдараўна. — Дарослыя загадзя атрымліваюць тэму па маральным выхаванні і ўсёй сям’ёй працуюць над ёй, збіраюць матэрыял, а затым на бацькоўскім педсавеце выказваюць свае думкі адносна пэўных праблем. Да сямейнага праекта ўжо далучыліся іншыя групы нашага сада. Таксама разам з намі ў ім удзельнічаюць дашкольная ўстанова ў Жыткавічах і ДЦРД Смаргоні. У гэтых калектывах крыху іншыя акцэнты ў рабоце, але ёсць галоўная ўмова, неабходная для працы ў падобным праекце: актыўны ўдзел у жыцці ўстановы старэйшага пакалення і бацькоў, іх партнёрскае ўзаемадзеянне з педагогамі, заснаванае на прынцыпах павагі і ўзаемаразумення”.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.