Дзяцінства ў піянерскім гальштуку

- 12:22Нам пішуць

Дзяцінства — самая незабыўная пара. Мы верылі ў шчаслівую будучыню, у тое, што заўтра будзе лепш, чым сёння. Няхай наша ўспрыманне свету было наіўным, але гэта было нашым жыццём, якое мы пражывалі. Ярка. Цікава. Напоўнена. Дзень, калі нас прынялі ў піянеры, я добра памятаю і сёння. Красавік. Лужынкі, яшчэ пакрытыя лядком. Я шлёпаю па ім у школу ў новых боціках (запомнілася нават гэта!). Наш кабінет прама па калідоры маленькай, утульнай, драўлянай школы. На нас — піянерская форма і гальштукі, адпрасаваныя мамамі (бо мы без практыкі лёгка маглі спаліць іх пяшчотны шоўк прасам).

Набліжаецца хвалюючы момант. Наша першая настаўніца выстройвае нас парамі, і мы, спяшаючыся і падштурхоўваючы адно аднаго, выходзім на лінейку, прысвечаную гэтаму важнаму мерапрыемству… “Я … , уступаючы ў рады Усесаюзнай піянерскай арганізацыі, перад тварам сваіх таварышаў урачыста абяцаю…” Словы клятвы піянераў да гэтага часу памятаю на памяць. І ўрачыстую радасць моманту, калі важатыя падыходзяць да кожнага з нас і павязваюць на грудзях гальштук, а сэрца гатова выскачыць з грудзей ад хвалявання і гордасці. Вось і збылося… Цяпер ты аўтаматычна стаў больш сталым. Цяпер для цябе акцябраты, да якіх ты належаў яшчэ ўчора, — малеча, і яе неабходна абараняць.

А потым пачалося новае жыццё, якое складалася з шэрага бясконцых важных спраў. Сумаваць не было калі: справаздача аб рабоце ў I чвэрці, удзел у аперацыі “Мільён Радзіме” (сабралі 600 кг макулатуры). Колькі энтузіязму было ў нас! Як весела было ўсім разам збіраць непатрэбныя (а часам і патрэбныя некаму) жалязякі і бачыць, як на вачах расце гара металалому! А дома стосы газет і часопісаў беражліва збіралі і перавязвалі шпагатам, каб кожны мог унесці сваю лепту ў збор макулатуры і не падвесці свой атрад. Заставацца неабыякавымі нас вучылі аперацыі “Клопат” (рабілі кармушкі для птушак), “Жыві, кніга!” (падклейвалі кнігі ў школьнай бібліятэцы), “Цімураўцы” (наведвалі ветэранаў вайны, прыносілі дровы ў хату, хадзілі ў магазін за прадуктамі), “Важатыя” (наведвалі падшэфных акцябрат). Праводзіліся піянерскія зборы “Юныя героі-антыфашысты ў нашай краіне і за мяжой”, “Наша Радзіма — СССР”, урокі мужнасці, класная гадзіна, прысвечаная тэме асваення космасу… Усяго і не пералічыш. Вельмі важным мне падаецца тое, што ў нас выхоўвалі сувязь пакаленняў. Мы рэгулярна хадзілі да сваіх падшэфных акцябрат. Спаборнічалі мы і паміж сабой: звёнамі, атрадамі. Але ніколі ў гэтым спаборніцтве не было імкнення штурхнуць слабага. Заўсёды прысутнічаў дзіўны дух таварыства ў звяне, атрадзе, дружыне. Нас вучылі наведваць хворых, падцягваць адстаючых, несці адказнасць за тых, хто побач. А яшчэ былі піянерскія вогнішчы, гульня “Зарніца”…

Гаварыць аб сваім піянерскім дзяцінстве магу вельмі доўга. Успамінаю гэты час з вялікай цеплынёй і светлай радасцю. На заклік піянера “Будзь гатовы!” мы адказвалі “Заўсёды гатовы!”, падняўшы руку над галавой у піянерскім салюце. І мы сапраўды гатовы былі не сядзець на месцы, кудысьці бегчы, штосьці рабіць, дасягаць новых вышынь. Нам быў аказаны такі давер, арганізавана так многа важных і карысных спраў. Прайшоў час. Вядома, усё мяняецца. Памянялася з таго часу і піянерыя. Але радасна бачыць, што яна і сёння на добрым рахунку. Колькі цікавых праектаў, акцый, свят і падзей адбываецца ў цяперашніх піянераў!

Удзел у розных акцыях, праектах, конкурсах аб’ядноўвае і гуртуе піянерскую дружыну. Наша дружына імя Ю.А.Дубелара налічвае 72 піянеры і акцябронкі. У іх піянерская жыццё крыху не такое, як было ў нас, але таксама яркае і цікавае. Рыхтуючыся да чарговага піянерскага конкурсу, гляджу на сваіх піянераў — і мяне радуе бляск у іх вачах. Радуе, што яны з гордасцю завязваюць піянерскія гальштукі, апранаюць парадную форму сцяганоснай групы. І вельмі хочацца, каб іх піянерскае дзяцінства доўжылася як мага даўжэй.

І.С.ЕМЯЛЬЯНАВА,
педагог-арганізатар Сялецкага дзіцячага-сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.