Дзявочая тэрыторыя

- 11:57Спартыўныя падзеі

У Рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву адкрываецца аддзяленне жаночага бокса. Падзея важная як для дзеючых спартсменак, так і для дзяўчат, якія толькі выбіраюць, куды направіць сваю энергію. Пра новы напрамак дзейнасці РВАР раскажуць трэнеры аддзялення Аляксандр Шалаеў і Сяргей Крупеніч.

Новая планка

Зараз у вучылішчы праходзяць асноўны і абітурыенцкі зборы. Асноўны — для тых, хто вучыўся ў РВАР, абітурыенцкі — для тых, каго выклікалі на прагляд і хто збіраецца пада­ваць дакументы на залічэнне. Усе спартсмены рыхтуюцца да першынства краіны, якое адбудзецца 17—22 жніўня ў Гродне. Трэніроўкі праходзяць два разы на дзень. Спачатку акцэнт рабілі на агульнафізічнай падрыхтоўцы, потым сканцэнтраваліся на спецыяльнай фізічнай і тэхніка-тактычнай. Спартсмены жывуць у інтэрнаце, забяспечаны трохразовым харчаваннем, два разы на тыдзень ходзяць у лазню і пры неабходнасці ў медыцынскі аднаўленчы цэнтр. Аляксандр Аляксандравіч і Сяргей Васільевіч ужо зараз могуць прыгледзецца і ацаніць сваіх будучых выхаванак. “Я вельмі радуюся, калі ў іх не­шта атрымліваецца, калі яны ідуць на кантакт. Дзяўчаты падыходзяць, цікавяцца, яны не закрытыя. Хлопцы іх падтрымліва­юць, пасля трэніроўкі чакаюць, каб разам паехаць у інтэрнат”, — заўважае Аляксандр Шалаеў. Калектыў малады, усе прыехалі з розных гарадоў краіны, таму пакуль у спартсменаў ідзе этап прыціркі адно да аднаго.

Адкрыццё аддзялення жаночага боксу праходзіла не без сваіх складанасцей. Але ж гэта новае пачынанне, зрабіць усё гладка наўрад ці ў кагосьці атрымалася б. “Мне падабаецца, што будзе такое аддзяленне, нягледзячы на тое, што да нядаўняга часу я скептычна ставіўся да жаночага бокса, — кажа Сяргей Васільевіч. — У 2019 годзе на Сусветных ваенных гульнях ва Ухані (Кітай) я быў капітанам каманды. Мы вазілі туды 8 хлопцаў і 5 дзяўчат. Дзяўчаты мяне прыемна здзівілі, я ўбачыў, што яны праяўляюць характар і баявыя якасці. Пасля гэтага больш павярнуўся ў бок жаночага бокса”. Аляксандр Аляксандравіч працягвае: “Адкрыццё аддзялення жаночага бокса — гэта хутчэй выклік для трэнераў: ці змогуць яны даць адпаведную падрыхтоўку дзяўчатам. Напэўна, трэнеры з абласных вучылішчаў алімпійскага рэзерву таксама хацелі б укамплектаваць свае групы таленавітымі дзяўчатамі, нават калі гэта былі б адзін­кі. Але там няма падобных аддзяленняў. Напэўна, толькі Гомельскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву адзінаборстваў тут вылучаецца, таму што яны ўжо даўно працуюць з дзяўчатамі і жанчынамі, там ёсць вынікі”.

У вучылішчы дзяўчат чакаюць дзве трэніроўкі на дзень: ранішняя, з 8:00 да 10:15, і вячэрняя, з 17:15 да 19:45. Як і на зборах, яны будуць жыць у інтэрнаце, два разы на тыдзень хадзіць у лазню, праўда, харчаванне стане больш частым — 5 разоў на дзень. Аляксандр Шалаеў сваіх выхаванцаў заўсёды настройвае, што ў іх такая ж праца, як і ў бацькоў, толькі яны займаюцца спортам і атрымліваюць адукацыю. Хтосьці сярэднюю, хтосьці сярэднюю спецыяльную, бо пры высокіх выніках у спорце вучні пасля 11 класа маюць магчымасць трапіць у вучылішча на 2 гады. З гэтай адукацыяй выпускнікі могуць ісці працаваць трэнерамі ў дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы.

Аляксандр Шалаеў з Алінай Чайкай.

Абодва трэнеры ўпэўнены, што трэніроўкі дзяўчат і хлопцаў адрознівацца не бу­дуць. Хутчэй за ўсё, работу падзеляць: зранку дзяўчаты займаюцца толькі з дзяўчатамі, а ўвечары — разам з хлопцамі. Для спарынгу спартсменцы лепш быць са спартсменкай, і часам прый­дзецца крыху больш увагі ўдзя­ляць агульнафізічнай падрыхтоўцы дзяўчат, чым хлопцаў. Для гэтага і будуць праводзіцца асобныя трэніроўкі. “Будзем кантактаваць з вучылішчам алімпійскага рэзерву Мінска і Мінскай вобласці, спадзяёмся, з Расіяй. Старшы трэнер Цэнтральнай федэральнай акругі па дзяўчатах — гэта мой першы трэнер, таму ў нас ёсць сувязь”, — расказвае Сяргей Васільевіч.

Новы вопыт

Вопыт работы менавіта з дзяўчатамі ў Аляксандра Шалаева і Сяргея Крупеніча невялікі. Аляксандр Аляксандравіч у РВАР трэніраваў Аліну Чайку, бронзавага прызёра чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў, а Сяргей Васільевіч падчас працы ў БФСТ “Дынама” займаўся з жанчынамі. “У гэтым годзе бу­дзе проба пяра, дзе мы пачнём планамерна працаваць з дзяўчатамі, павышаць іх узровень агульнафізічнай і спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкі. Пастараемся, каб яны дасягнулі больш высокіх вяршынь, чым раней. Як і любы трэнер, я хачу, каб нашы выхаванкі паказвалі вынік, пачынаючы з першынстваў Беларусі, траплялі ў зборныя каманды і прадстаўлялі нашу краіну на міжнародных турнірах. Задачы ставяцца высокія, і мы будзем старацца гэтую планку падтрымлі­ваць”, — кажа Аляксандр Шалаеў. “Уся наша дзейнасць накіравана на тое, каб атры­маць вынік. Мы на гэта спадзяёмся, мы за гэта змагаемся. Пакуль нам трэба знайсці наш алмаз і аграніць яго ў чароўны брыльянт”, — дадае Сяргей Крупеніч.

Карына Анціпіна.

Чаму дзеці прыходзяць у спорт — пытанне цікавае, а чаму дзяўчынкі прыходзяць у “мужчынскі” спорт — яшчэ цікавейшае. Калі трэнеры пытаюцца пра гэта ў выхаванак, то атрымліваюць абсалютна розныя адказы. Камусьці падабаецца сілавы від спорту, хтосьці прыходзіць пазнаёміцца з хлопцам, у кагосьці баявы характар, хтосьці хоча стаць больш моц­най і ўпэўненай у сабе, некаторыя шчыра кажуць, што хочуць проста пахудзець.

Аляксандр Шалаеў наведваў спартыўную залу з дзяцінства. Яго тата — трэнер па боксе — займаўся з хлопчыкам індывідуальна з 4 гадоў. Спачатку гэта было больш падобна да гульні з мэтай далучэння да заняткаў фізкультурай. У 8 гадоў Аляксандр змяніў трэнера, пачаліся выступленні на спаборніцтвах, перамогі. У 23 гады спартсмен выйграў Кубак свету па кікбоксінгу, але, калі паехаў на Кубак Еўропы, траўміраваўся. Пасля некалькіх гадоў аднаўлення пачаліся новыя трэніроўкі, з’явіліся планы, але зноў траўма. Спатрэбілася аперацыя, на 2 гады Аляксандр выпаў з трэніровачнага працэсу. Ён зразумеў, што больш не хоча рызыкаваць і будзе трэніраваць дзяцей. Вопыт ужо быў, бо заняткі боксам Аляксандр Аляксандравіч сумяшчаў з трэнерскай дзейнасцю. Працаваў у СДЮШАР № 3 Магілёва, Магілёўскай абласной СДЮШАР прафсаюзаў “Спартак-35” і мінскай СДЮШАР па боксе.

“Я заўважаю, што барацьба ў Беларусі даволі папулярная сярод дзяўчынак. Бокс толькі пачынае прыцягваць да сябе ўвагу, — разважае Аляксандр Аляксандравіч. — Псіхалогія ў дзяўчат больш спецыфічная, з хлопцамі прасцей. Прыходзіцца часам быць больш мяккім, часам больш жорсткім. Вядома, бываюць слёзы, камусьці патрэбен перапынак, каб падумаць, камусьці трэба пагаварыць з трэнерам. Але ў той жа час яны дастаткова бескампрамісныя, у некаторых момантах паказваюць нават больш сур’ёзны характар, чым хлопцы. Сярод дзяўчат ёсць даволі агрэсіўныя, амбіцыйныя, у іх вялікае жаданне і матывацыя нешта рабіць. Часам хлопцы чагосьці саромеюцца, а дзяўчаты спрабуюць, з пачуццём страху, але імкнуцца пераадолець сябе, паказаць, што яны не слабы пол, і ісці на роўных з хлопцамі. Эмоцыі пасля перамог значна мацнейшыя, чым у мужчын. Вельмі часта я бачу, як дзяўчаты нават на першынстве краіны плачуць, абдымаюць трэнера, кажуць шмат слоў падзякі. Для іх гэты момант вельмі каштоўны. Калі я працаваў з Алінай Чайкай, мы выйгралі першынство Беларусі, хоць яна была маладзейшай за сваіх саперніц. У яе былі слёзы радасці, яна мяне абняла, падзякавала. Як трэнеру мне вельмі прыемна, што выхаванцы паважаюць і цэняць маю работу”.

Новае месца

Адна з абітурыентак РВАР — Карына Анціпіна — якраз зараз знаходзіцца ў вучылі­шчы на зборах. Паступаць сюды вырашыла, бо тут больш магчымасцей, чым яна мела ў родным Салігорску. Новыя трэнеры, новыя спаборніцтвы і новыя сапернікі.

Карына прыйшла ў бокс 6 гадоў назад. Да гэтага займалася баскетболам, футболам, лёгкай атлетыкай, але здароўе не дазволіла працягнуць. Пераключыцца на бокс прапанаваў тата. Напэўна, зразумеў, што бойкаму характару дачкі падыдзе менавіта гэты від спорту. “Спачатку трэнер не хацеў мяне браць, казаў, што дзяўчаты прыходзяць, каб пасмяяцца з хлопцамі. Тата ўгаварыў яго за мной паназіраць. Праз месяц Анатоль Антонавіч Тулай сказаў мне купляць пальчаткі. Я вельмі ўдзячна, што ён паверыў у мяне”, — расказвае Карына.

Іншыя спартсмены (хлопцы) паставіліся да Карыны добра. Калі бачылі, што ў яе нешта не атрымліваецца, дапамагалі. З сябрамі было крыху складаней. Некаторыя дзяўчаты казалі будучай чэмпіёнцы, што гэта ўсё глупства, што не трэба марнаваць час. Са­праўдныя сябры такога б сабе не дазволілі, таму яны ў жыцці Карыны засталіся толькі ва ўспамінах. Тыя, хто яе падтрымліваў, і зараз працягваюць мець зносіны са спартсменкай. Дарэчы, большасць з іх — хлопцы.

Удараў на рынгу Карына не баіцца, да гэтага яна і рыхтуецца на занятках. Больш страшна прайграць і не апраўдаць надзеі трэнера. Пасля пройгрышу на чэмпіянаце Еўропы сярод юніёраў дзяўчына была настолькі разбітая, што тыдзень не хадзіла на заняткі. Трэнер тактычна не ўмешваўся. Карына пачакала, адышла і зразумела, што ўжо хочацца ў залу. Вярнулася. У вагавой катэгорыі спартсменкі (69 кілаграмаў) выступае не так шмат беларусак, таму практыкі дзяўчыне не хапае. Пакуль у яе скарбонцы пяць перамог на рэспубліканскіх спаборніцтвах, але ж у планах пакарыць міжнародную арэну і стаць майстрам спорту міжнароднага класа. “Думаю, выступаць я буду да 22—23 гадоў. Мне хочацца стварыць сям’ю, нарадзіць дзіця і стаць добрай мамай, але загадваць я не люблю. Няхай усё ідзе сваім ходам”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Аляксандра Шалаева і Карыны Анціпінай.