Ecobus у Шчорсах

- 15:55Нам пішуць

Аграгарадку Шчорсы і яго дзіцячаму-саду — сярэдняй школе так шанцуе на цікавых людзей і гасцей, што навучэнцам гэтай установы можа пазайздросціць нават гарадская моладзь. Нядзіўна, што столькі цікавых сустрэч дорыць лёс Шчорсам, бо гэта сапраўды цікавае месца, якое вабіць сваёй гісторыяй.

Ганна Булда, заснавальнік мясцовага культурна-асветніцкага фонду “Шчорсы і Храптовічы”, прапанавала запрасіць у школу студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў з праектам “Ecobus” і арганізаваць сумесны суботнік па ўборцы парку, які адносіцца да спадчыны Храптовіч. Юнакі і дзяўчаты даўно захоплены праектнай дзейнасцю экалагічнай накіраванасці, а некаторыя з іх нават паспелі папрацаваць у якасці валанцёраў у аграгарадку Шчорсы летам гэтага года. У школе з радасцю прынялі прапанову, і ў адзін з нядаўніх снежаньсіх дзён тут сустракалі гасцей з Мінска.

Пачалося мерапрыемства з вясёлага флэш-мобу, які надаў пазітыўны настрой сустрэчы: школьнікі і педагогі з задавальненнем паўтаралі рухі, прапанаваныя студэнтамі, весяліліся ад душы. Увазе прысутных была прапанавана лекцыя пра тое, як важна клапаціцца пра экалогію і выхоўваць у сабе правільныя экалагічныя звычкі. Акрамя таго, студэнты расказалі, як экалагічна сустрэць Новы год. Лекцыя была вельмі нестандартнай, з гумарам, даспадобы сучаснай моладзі. Школьнікі папрацавалі на розных станцыях, дзе выконвалі цікавыя заданні экалагічнага характару, затым быў арганізаваны майстар-клас па стварэнні вырабаў са смецця — упаковак, пустых каробак. Навучэнцам вельмі спадабалася мерапрыемства, якое праходзіла ў нязмушанай абстаноўцы, весела і цікава.

Фіналам сустрэчы стаў сумесны суботнік па ўборцы тэрыторыі парку ад смецця, які прынёс масу станоўчых эмоцый. Завяршыўся ён салодкім сталом, які арганізавала Г.Булда.

Госці пакінулі Шчорсы задаволенымі і з велізарным жаданнем далей сумеснымі намаганнямі вяртаць парку былую прыгажосць.

Вераніка АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Шчорсаўскага дзіцячага сада —сярэдняй школы.