Эканамічная дасведчанасць дашкольнікаў — гэта не цуд

- 11:12Навіны рэгіёнаў

Калі я ўпершыню пачула пра эканамічную дасведчанасць дашкольнікаў, шчыра кажучы, здзівілася: ці не жарт гэта? Таму, каб адкінуць усе сумненні, вырашыла з’ездзіць у дзіцячы яслі-сад № 2 Смалявіч Мінскай вобласці і паглядзець на дашкольнікаў, якія ведаюць, як зберагчы 1000 кВт.гадз. у год, як эканамічна спалучаць агульнае, сярэдняе і камбінаванае асвятленне, а таксама як правільна распараджацца сямейным бюджэтам.

Вялікая справа пачынаецца з малой

Загадчык ясляў-сада Марына Іванаўна Мяшкова, якая ўжо больш за 30 гадоў працуе ў гэтай установе адукацыі, прызнаецца, што цікавасць да эканамічнага выхавання дзетак яна праяўляла заўсёды, практычна з першых дзён работы выхавальнікам: праводзіла з дзецьмі гульні ў гэтым кірунку, звяртала ўвагу дашкольнікаў на эканомію святла, вады і цяпла, развівала першасныя ўяўленні аб грашах. А з 2015 года ў яслях-садзе рэалізоўваецца педагагічны праект “Эканамічная дасведчанасць дашкольнікаў як фактар сацыялізацыі асобы”.

Скептыкі скажуць: эканоміка і дашкольнікі занадта далёкія адно ад аднаго. Але не спяшайцеся рабіць высновы. Любая вялікая справа пачынаецца з дробязей. Так і да эканомікі не падысці без засваення асноў гэтай навукі. Дзеці павінны разумець: каб дастаць грошы з кішэні, іх спачатку трэба туды пакласці.

Каб быць паспяховым у жыцці і прафесіі, неабходна быць эканамічна дасведчаным — і наўрад ці хтосьці стане спрачацца з гэтым. Азнаямленне з асновамі гэтай навукі варта пачынаць ужо ў першым звяне сістэмы адукацыі — дашкольнай установе, бо першыя ўяўленні аб грашах і іх прызначэнні пачынаюць фарміравацца ва ўзросце 4—6 гадоў. Разуменне гэтых базавых асноў стала зыходнай кропкай для адміністрацыі ясляў-сада № 2 Смалявіч пры рэалізацыі праекта па эканамічнай дасведчанасці дашкольнікаў.

Пасеянае зерне ўжо дае свае ўсходы. За час рэалізацыі праекта па эканамічнай дасведчанасці дашкольнікаў, а гэта ўжо два гады, выхавальнікі адзначаюць, што ў дзяцей сфарміраваўся эканамічны кругагляд, выхаванцы авалодалі пачатковымі эканамічнымі ўменнямі, з лёгкасцю аперыруюць базавымі паняццямі фінансавай сферы і нават адрозніваюць эмацыянальныя адносіны ад таварна-грашовых. З шасці груп ясляў-сада праектам ахоплены дзве сярэднія і адна старэйшая (дзеці ад 4 гадоў). Работа ўсяго калектыву накіравана ў першую чаргу на тое, каб эканоміка дзецям была цікавай, а заняткі праходзілі весела і з карысцю.

Прынцып “салёнага агурка”

Увесь праект разлічаны на тры гады. У наступным годзе ён завершыцца, але ідэя беражлівасці, якой, здаецца, прасякнута нават паветра ў дзіцячым садзе, упэўнена, застанецца. Тут смела можна казаць аб знакамітым прынцыпе “салёнага агурка” В.Ф.Шаталава, педагога-наватара, народнага настаўніка СССР, які актыўна ўкараняў гэты метад у сваёй педагагічнай практыцы. Ён сцвярджаў, што вакол дзіцяці трэба стварыць такую абстаноўку, каб яно ўбірала ў сябе, як агурок у банцы з расолам, веды. Калі асяроддзе добрае, то і вынік будзе такім. І няважна, які па памеры быў агурок у расоле, — ён рана ці позна стане салёным.

Так і тут: эканоміка на кожным кроку, яна ва ўсім, у кожным руху. Праз гульні, казкі, пастаноўкі, мюзіклы, гутаркі, заняткі, назіранні дзеці спазнаюць асновы гэтай на першы погляд складанай навукі. Ва ўстанове велізарная роля адводзіцца развіццю прадметна-развіццёвага асяроддзя — асноўнай умовы для фарміравання эканамічнай дасведчанасці. У групах размешчаны цацачныя банкаматы, тэрміналы, касы, прылады для счытвання штрых-кодаў. Дарэчы, педагогі сталі заўважаць, што ў гульні “Магазін” дзеці ўсё часцей расплачваюцца пластыкавымі карткамі, а не наяўнымі грашыма.

Дзеці актыўна ўключаюцца ў сюжэтна-ролевыя і дыдактычныя гульні, мэта якіх — сфарміраваць беражлівае стаўленне да навакольнага свету, а таксама навучыць дзяцей абдуманаму расходаванню як фінансаў, так і прыродных рэсурсаў. Прыклад адной з такіх гульняў — “Умкі-думкі”. У цэнтр кладуць картку, дзе намаляваны, напрыклад, бюджэт сям’і, а дзецям прапануюць абдумаць, што яны купяць у першую чаргу:

адзін шукае картку з пакупкамі, іншы адпраўляецца плаціць за кватэру, а хтосьці перш за ўсё знаходзіць картку, дзе намалявана мора. Так дзеці вучацца расстаўляць фінансавыя прыярытэты.

Уменні абдумана прымаць рашэнні ўжо спатрэбіліся дзецям у жыцці. Мама аднаго з выхаванцаў расказала, што, калі аднойчы яе чатырохгадовага сына запрасілі на дзень нараджэння, Дзмітрый адразу задумаўся пра падарунак: “Машыну, як у мяне, я не змагу падарыць — гэта дорага. А я яшчэ не зарабляю грошы. Затое магу намаляваць малюнак для сябра”.

Яшчэ адзін дзейсны сродак выхавання беражлівасці, пачуцця меры, шчодрасці і працавітасці — эканамічныя казкі. У яслях-садзе ўпэўнены, што кожная казка — гэта міні-праграма эканамічнай адукацыі.

— Лягчэй за ўсё дзецям данесці інфармацыю менавіта праз казкі і гульні, — лічыць Марына Іванаўна Мяшкова. — Бацькі не заўсёды звяртаюць увагу дзяцей на схаваны сэнс казак, мяркуючы, што і так усё зразумела. Але з дзіцем трэба кожную ідэю прагаварыць, зрабіць сумесныя высновы. Разнастайнасць эканамічных сітуацый дазваляе прыдумляць мноства сюжэтаў, дзе галоўныя героі вучаць дзяцей разумна падыходзіць да вырашэння фінансавых пытанняў, выкарыстання прыродных багаццяў.

Для большай нагляднасці ў садзе змайстравалі дыдактычныя лялькі, якіх завуць Цяплоша, Берагоша, Электроша, Кропелька і Эканоміка. Яны дапамагаюць дарослым увесці дзяцей у складаны свет эканамічных адносін.

Але эканоміка непарыўна звязана і з такімі не зусім прыемнымі паняццямі, як “сквапнасць”, “прагнасць”, “нажыва” і “транжырства”. На словах дзеці з цяжкасцю ўспрымаюць новыя паняцці, а калі яны вобразна аформлены ў выглядзе тэкстыльных непрыгожых і нават брыдкіх лялек, якіх завуць Прагная Фёкла і Міхась Транжыра, то, будзьце ўпэўнены, дзеці назаўсёды іх запомняць.

Старэйшыя выхаванцы знаёмы і з такімі паняццямі, як “сусветныя грошы”, “рэклама”. Разам з бацькамі выхавальнікі дзіцячага сада арганізавалі банк сусветных грошай, дзе дзецям наглядна дэманструецца валюта іншых краін, а таксама адзіная грашовая адзінка краін Еўрасаюза. Каб дашкольнікі запомнілі прадукцыю прадпрыемстваў свайго горада і краіны ў цэлым, на ўпакоўцы бутафорскіх прадуктаў выхавальнікі зрабілі наклейкі з сімвалам Смалявіч або “Зроблена ў Беларусі”.

— Калі прапанаваць нашым дзецям зрабіць тавар сваімі рукамі — вылепіць, змайстраваць з канструктара або намаляваць карціну, а потым прыдумаць рэкламу сваёй прадукцыі, то мы ўбачым, якія разумныя эканамісты і маркетолагі могуць у будучыні атрымацца з нашых выхаванцаў, — з гонарам дадае Марына Іванаўна. — Дзеці вылучаць толькі самыя каштоўныя характарыстыкі свайго тавару і пераканаўча дакажуць, што ён лепшы і неабходны ў гаспадарцы.

Дзеці ў дапамогу бацькам: плануем бюджэт разам

Дарослыя нярэдка адгароджваюць дзяцей, асабліва дашкольнікаў, ад удзелу ў эканамічным жыцці сям’і, лічачы, што не варта забіваць галаву дзіцяці грашовымі праблемамі. А потым самі дзівяцца, што дачка ці сын нічога не ведае, не шануе грошы, хвалююцца, як ён будзе жыць самастойна. Нярэдка ў магазіне даводзіцца назіраць такую карціну: дзіця настойліва просіць купіць яму цукеркі. Адказ бацькоў, як правіла, гучыць коратка: “Гэта дорага”, “Табе гэта не трэба”.

Адсутнасць вопыту ў размеркаванні сямейных даходаў, недатычнасць да рэалізацыі сямейнага бюджэту прыводзіць да таго, што ў далейшым у часткі моладзі з’яўляецца тэндэнцыя завышаць уласныя веды аб падрыхтаванасці да жыцця. Хаця нескладана, стоячы з дзіцем перад прылаўкам, знайсці хвіліну свайго часу і расказаць, што 1 рубель меншы, чым 2, а банан прынясе больш карысці, чым шакаладка, ды і каштуе танней… З такіх, здавалася б, простых для дарослага крокаў і пачынаецца эканамічная дасведчанасць.

— Дзейнасць бацькоў, іх стаўленне да грошай і рэчаў засвойваюцца дзецьмі асабліва моцна. Задачы, звязаныя з рознай гаспадарчай дзейнасцю, бацькам даводзіцца вырашаць штодня, — тлумачыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Л.Н.Нішчык. — Неабходна ўзяць за правіла запрашаць да планавання і ажыццяўлення гэтых задач сваіх дзяцей. Тады для іх лягчэйшым стане будучае самастойнае жыццё, планаванне фінансаў і працоўная дзейнасць. Для гэтага бацькі павінны размяркоўваць хатнія абавязкі, у тым ліку на дзяцей, прадумваць разам з імі рэжым дня, разам вырашаць, з чаго складаецца даход сям’і і куды трацяцца фінансавыя сродкі.

У яслях-садзе выкарыстоўваюць разнастайныя формы работы з бацькамі. Гэта эканамічныя гутаркі, заняткі, дзелавыя гульні, кансультацыі, бацькоўскія сходы, стэндавая інфармацыя і нават гульня ў КВЗ з удзелам мам і татаў. Для бацькоў прапануецца серыя развіццёвых мультфільмаў “Азбука грошай цётачкі Савы”. Сумесны прагляд урокаў “Асцярожна: грошы!”, “Крэдыты і дэпазіты”, “Уменне эканоміць”, “Патрэбы і магчымасці” вучаць дзяцей самастойна распараджацца грашыма, дапамагаюць разабрацца з паняццем “эканамічная бяспека сям’і”, расказваюць, як утаймаваць свае запатрабаванні. Практыка паказвае, што ў многіх бацькоў выхаванне заканчваецца фразай “Грошы на дрэвах не растуць”. Але фінансавая дасведчанасць мае на ўвазе не проста размовы, а рэальныя дзеянні. Дзецям трэба бачыць наглядныя прыклады, інакш выніку можна не чакаць. Пэўную дапамогу ў спазнанні таямніц сямейнага бюджэту акажуць розныя дзелавыя гульні сумесна з бацькамі. Мам і татаў просяць таксама не забываць аб такім важным моманце, як даручэнні, звязаныя з грашыма: схадзіць у магазін, самастойна купіць прадукты і прынесці назад рэшту. Гэта важны і пераломны момант для кожнага дзіцяці — калі ён бачыць, што яму давяраюць!

Не забываюць у яслях-садзе і аб самым важным складніку: каб чаму-небудзь навучыць дзіця, неабходна яго зацікавіць. А цікавяць дзяцей перш за ўсё гульні і казкі. На гэта і быў зроблены ўпор ва ўстанове. Выхаванцы нават паставілі эканамічны мюзікл, дзе хітрая ліса не хацела рыхтавацца да зімы і патраціла ўсе грошы на новы кажушок. А воўк, наадварот, падышоў да пытання зімоўкі грунтоўна: замяніў у доме батарэі, паставіў шклопакеты, уцяпліў сцены. Так дзеці наглядна патлумачылі, хто ў выніку апынуўся ў лепшых умовах.

Сёння бацькі з гонарам дзеляцца прыемнымі назіраннямі: дзеці сталі сачыць за тым, каб дарма не палілася святло ў доме, зачыняць кран з вадой, пры размеркаванні сямейнага бюджэту вызначаць, што першаснае, а што другаснае, звяртаць увагу на цэны ў магазіне. Вось у такіх базавых паняццях і заключаецца эканоміка для дашкольнікаў. Потым гэтыя веды стануць упэўненай асновай для больш важных эканамічных навыкаў.

На пытанне, якую параду Марына Іванаўна Мяшкова дае бацькам дашкольнікаў, адказвае: “Няма нічога прасцейшага! Парада адна: часцей размаўляйце са сваімі дзецьмі, расказвайце пра ўсё на свеце, бярыце з сабой у магазін, на пошту і абавязкова тлумачце, навошта і як усё арганізавана!”

Настасся КУЧУР.
Фота аўтара.