Эканамічны форум праходзіць у час уражальнага росту глабальнай эканомікі

- 11:11Інфармацыйная гадзіна

Сусветны эканамічны форум (СЭФ) праходзіць у швейцарскіх Альпах, паведамляе ТАСС.

У гэтым годзе форум прымае рэкордную колькасць палітычных лідараў — прыехалі больш за 70 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. У праграме заяўлены прэзідэнты ЗША, Францыі, Бразіліі, Аргенціны, Туніса, Польшчы, Украіны. Адкрыў работу форуму Прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі, які выступіў з праграмнай прамовай. У ёй кіраўнік урада прадставіў Індыю як інвестыцыйны напрамак, які можа канкурыраваць з Кітаем (Сі Цзіньпін адкрываў форум у мінулым годзе).

Дзелавую супольнасць прадстаўляюць больш за 1,9 тысячы вядучых бізнесменаў. У Давосе таксама збіраюцца больш за 200 кіраўнікоў СМІ, каля 500 вядомых дзеячаў культуры і больш за 30 піянераў тэхналогій.

На форуме працуюць больш за 400 сесій, прысвечаных найбольш актуальным праблемам сучаснасці: ад эканомікі і бяспекі да экалогіі і найноўшых навуковых распрацовак. Адзначаецца, што форум праходзіць на фоне самага ўражальнага за апошнія дзесяць гадоў росту глабальнай эканомікі і пазітыўных прагнозаў.