Экажыццё “зялёнай” гімназіі

- 11:42Выхаваўчая прастора

У 2018 годзе ў Беларусі на базе “зялёных” школ былі створаны клубы экалагічнага маніторынгу. Гэты праект рэалізоўвае ПРААН на сродкі ЕС і пры партнёрстве Мінпрыроды. Першай у Гродзенскай вобласці выйграла конкурс на стварэнне такога клуба гімназія Смаргоні. Як на справе клуб мяняе жыццё яго ўдзельнікаў, самой гімназіі і гараджан у цэлым, мы даведаліся, завітаўшы сюды ў госці. Днямі ў гімназіі прайшла сустрэча, якая ўпершыню сабрала разам прадстаўнікоў усіх клубаў экалагічнага маніторынгу Беларусі і дазволіла ўбачыць першыя крокі ў рамках рэалізацыі праекта. Далучыліся да гасцей і запрошаныя эксперты, а таксама прадстаўнікі грамадскіх экалагічных арганізацый і экаініцыятыў.

Гімназічныя ініцыятывы

Красамоўна абазначыла статус “зялёнай” школы  і расказала пра імкненне гімназістаў жыць у чыстым горадзе велапаркоўка каля ўвахода ва ўстанову. Даўжынёй на ўвесь двор, гэтая пляцоўка так і не змясціла ўсе веласіпеды навучэнцаў. Фае гімназіі стала месцам збору выкарыстаных бата­рэек. Аказваецца, гэта частка цэлага праекта. Ініцыятыўная група гімназістаў пад кіраўніцтвам дзесяцікласніцы Святланы Дудко арганізавала збор батарэек, прыцягнула да ініцыятывы мясцовую ЖКГ, разам са сваёй камандай праводзіла класныя гадзіны, баць­коўскія сходы, а для дадатковай матывацыі нават паставіла спектакль “Аднойчы на сметніку” па ўласным сцэнарыі, таму падчас выніковай акцыі “Батарэйка, здавайся!” навучэнцам удалося сабраць у горадзе амаль 30 кг выкарыстаных батарэек.

Не абышло гімназію і новае захапленне жыхароў Беларусі зборам накрывак ад ПЭТ- бутэлек, сродкі ад продажу якіх іду ць на дапамогу хворым дзецям. Ва ўстанове беражліва ставяцца і да паперы, якую пакідаюць у спецыяльных скрынках і потым здаюць на пунк­ты збору макулатуры. Такія скрынкі ёсць у кожным кабінеце, уключаючы дырэктарскі.

Навошта ўсё гэта робіцца, у гімназіі ведаюць і дзеці, і дарослыя, дзякуючы навучэнцам установы. Так, у адну з субот напрыканцы мая гімназісты правялі PR- акцыю “Школьны ЭКАд вор” для навучэнцаў сваёй установы, жыхароў горада, гасцей з навучальных устаноў Оршы, Асіповіч, Мінска, а таксама з грамадскіх аб’яднанняў Смаргоншчыны і сталічнага Цэнтра экалагічных рашэнняў. У гульнявой інтэрактыўнай форме хлопчыкі і дзяўчынкі расказвалі і паказвалі на прыкладах не толькі як правільна сартаваць смецце, але і як эканоміць энергію ў сябе дома, навучылі вызначаць колькасць нітратаў у кало­дзежнай вадзе. Тут жа прайшоў “Кругазварот рэчаў”, дзе можна было памяняцца рэчамі са свайго гардэроба. Навучэнцы правялі для гасцей экскурсіі па тэрыторыі каля гімназіі, паказалі розных птушак і мноства цікавых раслін — пры ўстанове ёсць кавалачак няскошанага дзікага лугу, дзе гімназісты праводзяць свае назіранні.

На перапынках можна здзейсніць “Падарожжа па Экаландыі”. Гэтая анлайн-гульня таксама распрацавана ў гімназіі і ўяўляе сабой квест па віртуальнай кватэры, задача якога — знайсці спосабы эканоміі вады і энергарэсурсаў.

Не менш робіцца і ў рэальнасці: усюды ва ўстанове ёсць датчыкі, якія адсочваюць прысутнасць людзей і аўтаматычна выключаюць святло, калі нікога няма, створана “зялёная” карта бытавых адходаў, на якой паказана размяшчэнне 34 кантэйнераў для ПЭТ-бутэ­лек, 70 кантэйнераў для шкла і 29 кантэйнераў для паперы ў Смаргоні, ладзяцца акцыі супраць выкарыстання пластыкавых пакетаў, ініцыятыва “Кропля рубель беражэ”(эканомія вады дома) і іншыя праекты.

У гімназіі актыўна вядзецца і даследчая дзейнасць навучэнцаў. У прыватнасці, іх праекты па вывучэнні мясцовых птушак сталі дапамогай для “Аховы птушак Бацькаўшчыны” і ўлічваюцца пры аналізе стану іх папуляцый у Беларусі і ў Еўропе ў цэлым.

На сустрэчы былі агучаны прыклады жаночага актывізму ў вырашэнні экалагічных праблем. Так, разам са сваёй настаўніцай геаграфіі Т.М.Санюк навучэнцы стварылі атлас роднага раёна (першы ў Беларусі), які стаў вынікам паходаў гімназічнага клуба VITA.

“Створаны ён быў без камп’ютара, ад рукі ў ім намаляваны 22 карты — тэматычныя, з поўным апісаннем прыроды Смаргонскага раёна. Гэта і геалагічная будова, і рэльефы, і рэкі, і азёры, і лясныя масівы, і заказнікі, — гаворыць Тамара Міхайлаўна. — Нашым атласам зацікавілася інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, з дапамогай якой мы растыражавалі наш атлас і раздалі экзэмпляры школам і арганізацыям раёна. Сёння яго выкарыстоўваюць школьнікі на ўроках геаграфіі, з ім жа ходзяць у турыстычныя паходы, таксама атлас запатрабаваны ў студэнтаў”.

Ірына Рамуальдаўна Клявец, настаўніца біялогіі гімназіі і каардынатар па “зялёных” школах праекта “Экаманіторынг”, расказала пра сваю галоўную ініцыятыву — комплекснае даследаванне заказніка “Блакітныя азёры”, што на Смаргоншчыне: “Гэты ландшафтна-батанічны заказнік да 1996 года быў закрытай тэрыторыяй, ён нават не быў пазначаны ні на адной карце. І гэта пры тым, што на тэрыторыі заказніка ў 776 га сустракаюцца практычна ўсе экасістэмы Беларусі. Але ніякіх звестак пра іх ні­дзе не было, і мы з дзецьмі самі займаліся даследаваннем гэтай тэрыторыі. Праз пару гадоў да нас падключыліся вучоныя з Гро­дзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, потым і з Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі. На тэрыторыі заказніка мы з дзецьмі даследавалі арнітафаўну, вывучылі батанічную біяразнастайнасць, акрамя таго, зрабілі глебавыя карты, вымералі глыбіні ўсіх азёр, вывучылі іх іхтыяфаўну, правялі хімічныя аналізы сапрапелевых адкладаў. У выніку нашых даследаванняў былі зроблены карты і перададзены ў інспекцыю аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. У многім прырода заказніка аказалася ўнікальнай, з рэдкімі відамі раслін, многія з якіх мала дзе сустракаюцца. Але гэтую тэрыторыю гара­джане пачалі выкарыстоў­ваць для адпачынку, што пагражала захаванню рэдкіх раслін і інш. І, па нашай прапанове, інспекцыяй аховы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя былі пастаўлены шлагбаумы, а на адным з азёр абсталявана спецыяльнае месца (са сметніцамі) для адпачынку гараджан. Гэта было толькі пачаткам работы ў кірунку захавання біяразнастайнасці”.

Наталля Станіславаўна Салагуб, выкладчык БДПУ імя Максіма Танка, і сёння захапляецца такімі картамі (стварае іх са студэнтамі выпускных курсаў), таму прапанавала не спыняць работу ў гэтым кірунку: “Калі вы працягнеце далей вашы даследаванні, складзяце рознатэрміновыя карты, прасочыце дынаміку змяненняў біяцэнозу, то зможаце даказаць грамадскасці, што ландшафты трансфармуюцца, высветліце тут шкоду антрапагеннага ўздзеяння і распрацуеце для органаў улады рэкамендацыі для паляпшэння сітуацыі. Гэта будзе больш эфектыўна, чым тое, калі вы прыйдзеце да іх і проста агучыце праблемы”.

Прыемна, што менавіта гэта ў планах юных даследчыкаў, бо, насамрэч, прырода заказніка пад пагрозай: побач з ім — буйны завод, тут пастаянна ідуць вырубкі, знахо­дзяцца небяспечныя высакавольтныя лініі.

Дырэктар гімназіі І.А.Дурэйка была галоўным ініцыятарам праекта па стварэнні пляцоўкі па правілах дарожнага руху, які фінансаваўся ПРААН на 10 тысяч еўра. Зараз яна распачала праект “Роўныя магчымасці ў вырашэнні экалагічных праблем” і атрымала грант на яго рэалізацыю ад фонду “Новая Еўразія”.

Як адна з самых актыўных асацыіраваных навучальных устаноў ЮНЕСКА гімназія Смаргоні апошнія два гады адзіная прадстаўляе Рэспубліку Беларусь на Міжнародным маладзёжным форуме “Адна планета — адна будучыня”, які праходзіць у Ханты-Мансійску і ў якім пра свае экалагічныя ініцыятывы расказвае каля паўтара дзясятка краін.

Паспяхова рэалізоўваецца праект гімназіі Green bridge — ён больш лідарскі, але, дзякуючы актыўнаму далучэнню да яго юных біёлагаў, атрымаў экалагічную накіраванасць.

“Кожны з нас разумее, што сфарміраваць экалагічна адказныя паводзіны нельга разавымі мерапрыемствамі. Патрэбна сістэма. Толькі так можна атрымліваць вынікі”, — абгрунтоўвае такую актыўную работу ў экалагічным кірунку сваёй навучальнай установы Ірына Анатольеўна Дурэйка.

Да вырашэння — разам

Знайсці паплечнікаў і памочнікаў гімназісты спадзяюцца якраз у сваім клубе экалагічнага маніторынгу, бо ён аб’яднаў прадстаўнікоў розных арганізацый. Так, членамі клуба сталі члены абласнога каардынацыйнага экалагічнага савета, упраўлення адукацыі Смаргонскага раённага выканкама, Смаргонскай гаррайінспекцыі аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, грамадскіх арганізацый (“Жыццё без меж”, “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, “Смаргонскія ініцыятывы”), прадпрыемстваў горада, Рэспубліканскага турыстычнага спартыўнага саюза, прадстаўнікоў бізнес-ініцыятывы Смаргонскага раёна, а таксама жыхароў пенсіённага ўзросту і, канечне, навучэнцаў, іх бацькоў і педагогаў.

Адной з першых праблем, вырашэннем якой заняліся члены клуба, стаў веларух у Смаргоні. Як расказала І.А.Дурэйка, у гімназію прыязджаюць на веласіпедах 97 навучэнцаў — кожны восьмы. Гімназісты сёння добра разумеюць перавагі актыўнага ладу жыцця. Штомесяц побач з установай даварваюцца новыя стойкі, і кожны раз іх не хапае. Але 2/3 колькасці гімназістаў, што прыязджаюць на веласіпедах, — гэта навучэнцы 5—8 класаў, а, згодна з Правіламі дарожнага руху, свабодна перамяшчацца па дарогах можна толькі з 14 гадоў. Да гэтага ўзросту дзеці могуць ездзіць толькі па спецыяльна абсталяваных зонах. Аднак у Смаргоні няма веладарожак, таму дзецям даводзіцца перамяшчацца па тратуарах, пешаходных і жылых зонах, што выклікае небяспеку сутыкнення з пешаходамі. Акрамя таго, усюды — высокія бардзюры. Члены клуба правялі сацыялагічнае анлайн-апытанне сярод гараджан і высветлілі, што большасць дарослых гатова перасесці з аўтамабіля на веласіпед, калі ў горадзе будуць веладарожкі і велапаркоўкі.

“Безумоўна, гэта зменшыла б колькасць шкодных выкідаў у атмасферу. Мы падлічылі, што колькасць СО², якая выкідваецца ў атмасферу, зменшыцца на 314 кг толькі ў разліку на паездку — да школы і дадому — і пры сярэдняй адлегласці 8 км. Таму разам са старшынёй Рэспубліканскага турыстычнага спартыўнага саюза мы рыхтуем зварот да ўлад горада, каб акцэнтаваць увагу на згаданай праблеме і пастарацца яе вырашыць”, — адзначыла дырэктар гімназіі.

Ігар Пятровіч Счасны, начальнік упраўлення адукацыі Смаргонскага райвыканкама, прыехаў на сустрэчу ў гімназію якраз пасля наведвання некалькіх школ горада. “Карціна ўсюды адна: веласіпедаў вельмі шмат. Гэта радуе, — сказаў ён і дадаў: — Сёлета наш горад збіраецца прыняць абласныя “Дажынкі”, таму цэнтр і цэнтральная вуліца рэканструююцца і бу­дзе створана безбар’ернае асяроддзе. Да лістапада ў Смаргоні з’явіцца таксама велапешаходная дарожка. Ёсць планы зрабіць веладарожку і ўздоўж аб’язной дарогі. Таму прасоўванне ў гэтым кірунку будзе”.

Пра поспехі праекта “Экаманіторынг” у краіне ў цэлым расказала яго кіраўнік Вольга Міхайлаўна Чаброўская. Па яе словах, у Беларусі створаны 18 пілотных пляцовак праекта, на кожнай з якіх з’явіцца абсталяванне для маніторынгу паветра. Такім чынам, паводле звестак з усіх гэтых пляцовак, будзе створана сетка маніторынгавых даных па якасці атмасфернага паветра, і яны будуць выкарыстоўвацца Белгідраметэацэнтрам як афіцыйныя крыніцы. Для тых, хто хоча далучыцца да праекта, але не мае абсталявання, арганізацыя таксама знайшла выйсце: “Можна вызначаць стан навакольнага асяроддзя па стане хвоі, па лішайніках і г.д., — гаворыць Вольга Чаброўская. — Усе знойдзеныя спосабы мы распаўсюджваем па краіне, каб любая ўстанова, якая хоча прыняць удзел у адсочванні стану вады, глебы, атмасфернага паветра, магла рабіць гэта нават без складанага абсталявання і ведала, куды накіроўваць сабраную інфармацыю, каб вынікі былі заўважаны і пры неабходнасці прыняты меры па паляпшэнні экалагічнай сітуацыі ў пэўнай мясцовасці.

У рамках нашага праекта мы прымаем удзел і ў рэалізацыі вучэбных праграм. Так, у супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі Беларусі і з Гродзенскім універсітэтам імя Янкі Купалы распрацоўваецца праграма па Орхускай канвенцыі. Акрамя таго, мы распрацоўваем курсы павышэння кваліфікацыі па праграме “Зялёная школа” для педагогаў, якая будзе ажыццяўляцца Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі”.

Святлана НІКІФАРАВА.