Экскурсія — шлях да прафесійнага самавызначэння

- 11:05Нам пішуць

Агульнавядома, што фарміраванне асобы будучага прафесіянала, які валодае працоўнай мабільнасцю і здольны вытрымліваць канкурэнцыю на рынку працы, мае немалаважнае значэнне для сучаснай сістэмы адукацыі. Выбар прафесіі з’яўляецца адным з адказных момантаў, які вызначае ўвесь далейшы жыццёвы шлях чалавека. Знайсці яго — значыць заняць у грамадстве такое становішча, якое дазваляе максімальна раскрыць здольнасці і магчымасці асобы, гарманічна спалучаючы індывідуальныя патрэбы і інтарэсы з грамадскімі. У Алекшыцкай сярэдняй школе прыйшлі да высновы, што актыўным прафарыентацыйным сродкам з’яўляецца экскурсійная дзейнасць.

Экскурсія на вытворчае прадпрыемства або ўстанову не патрабуе асаблівай падрыхтоўкі, але выконвае важную адукацыйную задачу — знаёміць навучэнцаў з той ці іншай прафесіяй або навучальнай установай, як кажуць, з першых вуснаў. Нашы вучні ўжо пабывалі ў Бераставіцкім райвыканкаме, на Алекшыцкім пасту РАНС, у майстэрнях РСУП “Алекшыцы”, у рэдакцыі “Гродзенскай праўды”, у Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы і інш.

Зімовыя канікулы — гэта мора ўражанняў і цікавых адкрыццяў. Таму гэты час у нашай установе адукацыі заўсёды максімальна выкарыстоўваецца. Менавіта гэтай ідэяй былі апантаны нашы старшакласнікі, якія вырашылі наведаць Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, у якім сёння паспяхова вучацца нашы выпускнікі.

Школьнікаў вельмі гасцінна сустрэлі выкладчыкі рэгіянальнай УВА, яны арганізавалі экскурсію ў музей універсітэта, правялі па вучэбных карпусах, пазнаёмілі з асаблівасцямі адукацыйнага працэсу.

Падчас экскурсіі вучні даведаліся, што ўпершыню гэтая навучальная ўстанова адкрыла свае дзверы для студэнтаў у 1951 годзе. У той час яна нызывалася сельскагаспадарчым інстытутам. У першы год навучання ў ім было ўсяго 2 факультэты — агранамічны і заатэхнічны, якія прынялі 200 чалавек. У наступныя гады намецілася развіццё ўстановы. Ствараліся новыя факультэты, расла колькасць абітурыентаў, якія хацелі вучыцца ў сельскагаспадарчым інстытуце.

Сёння Гродзенскі аграрны ўніверсітэт — буйная рэгіянальная установа, у якой атрымліваюць адукацыю некалькі тысяч студэнтаў на 7 асноўных факультэтах. Тут налічваецца 6 вучэбных карпусоў, 7 студэнцкіх інтэрнатаў, ёсць лабараторыі з сучасным абсталяваннем, камп’ютарныя аўдыторыі. УВА актыўна падтрымлівае і развівае міжнародныя сувязі, наладжвае ўзаемавыгадныя кантакты з універсітэтамі і арганізацыямі Расіі, Украіны, Польшчы, Швецыі, Фінляндыі і іншых краін.

Нечаканым адкрыццём і смачным сюрпрызам стала для старшакласнікаў марожанае ўласнай вытворчасці, якім іх пачаставалі на інжынерна-тэхналагічным факультэце. Яно было згатавана, дарэчы, па ініцыятыве нашай выпускніцы, а цяпер паспяховага выкладчыка УВА, Дзіны Сяргееўны Баброўскай. Яна распавяла аб матывах выбару і перавагах сваёй прафесіі, пажадала школьнікам паспяховай уступнай кампаніі і выказала шчырае пажаданне бачыць у сценах УВА сваіх юных землякоў.

Наведванне аграрнага ўніверсітэта было вельмі пазнавальным. Старшакласнікі па-новаму адкрылі для сябе гэтую навучальную ўстанову, якая рыхтуе прафесійныя кадры для вёскі. Падлеткі зразумелі, што сельская гаспадарка сёння — перспектыўная галіна, якая, дзякуючы маладым пісьменным кадрам, прыносіць не толькі матэрыяльнае, але і маральнае задавальненне. Менавіта гэта робіць чалавека паспяховым.

Ганна АЛЬШЭЎСКАЯ,
класны кіраўнік 10 класа Алекшыцкай сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.