Экскурсія ў спецыяльнасць

- 14:42Нам пішуць

Выбар прафесіі — адзін з самых адказных і складаных этапаў у жыцці кожнага маладога чалавека. Прафесій шмат, а выбар трэба зрабіць на карысць адной. Каб не памыліцца ў асабістым выбары, неабходна загадзя знаёміцца з прафесіямі. Значная роля ў гэтай справе належыць экскурсіям прафарыентацыйнай накіраванасці, падчас якіх можна атрымаць шмат карыснай інфармацыі, сарыентавацца пры выбары прафесіі і навучальнай установы.

Для старшакласнікаў Паляцкішскай сярэдняй школы былі арганізаваны экскурсіі ў Воранаўскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях і Воранаўскі раённы аддзел Следчага камітэта.

Падчас наведвання РАНС інспектар Андрэй Вінцкевіч расказаў аб прычынах узнікнення пажараў, сродках пажаратушэння і правілах проціпажарнай бяспекі, правёў аглядную экскурсію па тэрыторыі. Школьнікам была прадэманстравана пажарная аварыйна-ратавальная тэхніка. Вучні атрымалі пэўнае ўяўленне аб прафесіі ратавальніка-пажарнага, прымерылі баявы касцюм, паслухалі расказ аб прыёмах тушэння агню і захаванні правілаў паводзін у экстрэмальных сітуацыях. Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях начальнік каравула Дзмітрый Бігонь і камандзір аддзялення Андрэй Масюль прадэманстравалі работу гідраўлічнага інструмента “holmatro”. Напрыканцы экскурсіі Андрэй Вінцкевіч расказаў школьнікам аб асаблівасцях уступнай кампаніі ва ўстановы МНС Рэспублікі Беларусь.

Аб спецыфіцы работы следчага школьнікі даведаліся падчас экскурсіі ў Воранаўскі раённы аддзел Следчага камітэта. Начальнік аддзела падпалкоўнік юстыцыі Аляксей Аляксандравіч Кашлей расказаў вучням аб тым, з чаго пачынаецца работа на месцы злачынства, якія катэгорыі спраў расследуюцца, прадэманстраваў школьнікам тэхнічныя сродкі, што выкарыстоўваюць следчыя аддзела. А.А.Кашлей паведаміў школьнікам, што прафесію следчага можна атрымаць у Акадэміі МУС на следча-экспертным факультэце, расказаў аб асаблівасцях уступнай кампаніі ў гэтую навучальную ўстанову.

Праведзеныя экскурсіі былі цікавымі і змястоўнымі. Прафарыентацыйная экскурсія — гэта дапамога школьнікам у выбары асабістага прафесійнага шляху.

Іван ГАБІС,
класны кіраўнік 10 класа Паляцкішскай сярэдняй школы
Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.