Сярэдняй школе № 3 Мінска, якая перасягнула 100-гадовы юбілей, у красавіку гэтага года прысвоена імя яе выпускніка Героя Савецкага Саюза К.А.Шабана, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Экскурс у мінулае
У лютым гэтага года ва ўстанове адукацыі адкрыўся пасля рэканструкцыі школьны музей, які расказвае пра гісторыю школы і мікрараёна Грушаўка, пра жыццё і подзвіг аднаго з яе вучняў — Героя Савецкага Саюза К.А.Шабана. Сёння экспазіцыя музея захоўвае каля 500 арыгінальных экспанатаў.
Сярод іх — арыгінал пасведчання Казіміра Аркадзьевіча, арыгіналы фотаздымкаў 1940—1950-х гадоў, гімнасцёрка, якая належыць абаронцу Брэсцкай крэпасці Герою Савецкага Саюза П.М.Гаўрылаву. Інтэрактыўная экспазіцыя “Рукамі чапаць” дазваляе наведвальнікам узяць у рукі і ўважліва разгледзець той ці іншы экспанат. Напрыклад, альбом з фотаздымкамі продкаў-франтавікоў цяперашніх вучняў і выпускнікоў, савецкую каску, ваенны кацялок, супрацьтанкавую гільзу.
Асноўная частка школьнай музейнай экспазіцыі прысвечана К.А.Шабану. Тут расказваецца пра яго дзіцячыя гады, вучобу, ваенныя подзвігі, за якія лётчык-знішчальнік быў узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны I ступені, ордэнам Аляксандра Неўскага. Званне Героя Савецкага Саюза лейтэнанту Шабану прысвоілі ў жніўні 1944 года, на той момант ён здзейсніў больш за 100 баявых вылетаў.
Асобныя стэнды знаёмяць з Мінскім падполлем, партызанскім рухам, гісторыяй вызвалення сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наведвальнікі даведваюцца аб дзейнасці на чыгуначнай таварнай станцыі падпольнай камсамольска-маладзёжнай групы “Непакорныя”, у якую ўваходзілі вучні 3-й школы. У гады вайны яны здабывалі зброю, боепрыпасы, дакументы, медыкаменты, абутак, адзенне, соль, прадукты харчавання для партызан, а таксама дапамагалі збегчы з канцлагераў дзясяткам ваеннапалонных, здзяйснялі дыверсіі на чыгунцы, заводах, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, падпольныя газеты.
Як вынікае з гісторыка-архіўнай даведкі, сярэдняя школа № 3 адкрылася ў 1918 годзе на базе прыватнай гімназіі, якая існавала раней. У 1936 годзе ўстанова адукацыі пераехала ў новы будынак у мікрараёне Грушаўка, які быў забудаваны драўлянымі дамамі, баракамі (многія з іх з’явіліся на карце горада яшчэ ў канцы XIX стагоддзя). Тут была ўскраіна горада, вядомая як пасёлак чыгуначнікаў.
Сёння вывучэннем гісторыі школы і раёна, папаўненнем музейных фондаў займаюцца навучэнцы клуба “Пошук”. Таксама яны праводзяць экскурсіі для гасцей школы, знаёмяць іх з асноўнымі гістарычнымі вехамі ў жыцці ўстановы адукацыі.
Рэсурсны цэнтр “Гармонія”
У 70-я гады мінулага стагоддзя сярэдняя школа № 3 была адной з першых у краіне ўстаноў адукацыі з музычна-харавым ухілам. Лепшыя традыцыі і напрацоўкі педагогаў страчаны не былі. Наадварот, сёння ў школе актыўна развіваецца эстэтычнае выхаванне. Сучасныя музычныя і харавыя калектывы сталі пераемнікамі сваіх папярэднікаў. Акрамя таго, да эстэтычнага складніка дадаліся народная творчасць і дэкаратыўна-прыкладны кірунак: саломапляценне і выцінанка.
— Каля 10 гадоў назад мы вырашылі аднавіць лепшыя традыцыі музычна-харавой адукацыі, якія перайшлі нам у спадчыну, і вярнуць творчым калектывам званне “ўзорны”, — гаворыць дырэктар школы Наталля Хамякова. — І ў нас гэта атрымалася. Сёння ў школе працуюць 8 творчых калектываў. Сярод іх дзіцячы ўзорны хор “Апрель”, узорная студыя “Добры настрой”, хор для малодшых школьнікаў “Красавічок”, тэатральная студыя “Ілюзія”, калектыў гітарыстаў, лялечны тэатр “Батлейка”, ансамбль народнай песні “Бліскавіца”, аркестр настаўнікаў “Экспромт”. Сёння эстэтычную адукацыю атрымліваюць каля паловы нашых навучэнцаў.
Улічваючы шматгадовы вопыт педагогаў і дасягненні ў сферы эстэтычнага выхавання, у 2020 годзе на базе школы пачаў працаваць рэсурсны цэнтр эстэтычнай накіраванасці “Гармонія”. Сёння ў яго складзе высокакваліфікаваны педагагічны калектыў з 14 чалавек. Сярод іх — кіраўнік узорнага хору “Апрель” настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі з 18-гадовым стажам Святлана Хадакова, настаўніца музыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, уладальнік нагруднага знака “Выдатнік адукацыі”, член Беларускага саюза музычных дзеячаў Ала Галакціёнава.
Творчы калектыў актыўна дзеліцца назапашаным вопытам з калегамі, праводзіць семінары, майстар-класы, удзельнічае ў канферэнцыях. Напрыклад, настаўнік па класе гітары вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Мікіта Седзянкоў праводзіць семінар “Камп’ютарная музыка” на курсах павышэння кваліфікацыі ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі, з’яўляецца аўтарам праграм дадатковай адукацыі “Шумавы аркестр” і “Камп’ютарная музыка”. На яго занятках у школе навучэнцы 7—9 класаў вывучаюць гісторыю і тэорыю сучаснай музыкі (сальфеджыа) з выкарыстаннем мабільнага дадатку Мuѕіс theory helper. Педагог перакананы, што ў адукацыйным працэсе з цяперашнімі падлеткамі неабходна выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі — так вучыцца лягчэй і цікавей, таму старшакласнікаў педагог вучыць асновам камп’ютарнай аранжыроўкі.
Установа адукацыі — пляцоўка для правядзення раённых і гарадскіх мерапрыемстваў. У гэтым годзе школа стала арганізатарам III адкрытага конкурсу “Грушаўскі эскіз”, у якім прынялі ўдзел 18 юных гітарыстаў з Мінска.
— Конкурс — гэта важная сацыякультурная падзея. Ён не толькі дапамагае выявіць адораных навучэнцаў, але і ацаніць узровень прафесіяналізму педагогаў. Спрыяе наладжванню творчай камунікацыі настаўнікаў па абмене вопытам, метадамі навучання, ацэначнымі крытэрыямі, пашырэнню рэпертуару, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце кіраўнік рэсурснага цэнтра “Гармонія” і аркестра настаўнікаў “Экспромт” Надзея Мікуц. — Навіной гэтага года стаў старт праекта “Культура пачынаецца з мяне!”. Яго мэта — павысіць культурна-этычны ўзровень навучэнцаў. Маладыя аматары музыкі прайшлі этычнае тэсціраванне, наведалі тэматычныя лекцыі і інтэрактыўныя майстар-класы, музеі і тэатры. Сярод вучняў 4-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Маскоўскага раёна Мінска мы правялі першую алімпіяду па сальфеджыа. Штогод рэсурсны цэнтр актыўна супрацоўнічае з кафедрай акадэмічных харавых спеваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Студэнты праходзяць у школе практыку, дапамагаюць праводзіць усе значныя выступленні, канцэрты, конкурсы.
Добры настрой
Больш за 100 вучняў асвойваюць асновы саломапляцення і выцінанкі на факультатыўных занятках і ва ўзорнай студыі “Добры настрой”, якой больш за 5 гадоў кіруе педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Валянціна Пазднякова. Сёлета педагог атрымала званне “Народны майстар”.
Вучаніцы Валянціны Васільеўны Ганна Гардзяйчук і Вікторыя Бародзіч — члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці ў галіне выцінанкі. Валянціна Васільеўна — аўтар пяці персанальных выстаў. Сярод яе навучэнцаў — сем аўтараў персанальных выстаў у рамках гарадскога праекта “Маладыя таленты сталіцы”. Многія навучэнцы студыі — удзельнікі і пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў.
Авалоданне навыкамі саломапляцення і выцінанкі, упэўнена настаўніца, узбагачае інтэлект і душу дзяцей, дапамагае бачыць прыгажосць народнага мастацтва, берагчы і прымнажаць народныя традыцыі, нацыянальную культуру, праяўляць патрыятычныя пачуцці і любоў да сваёй Радзімы.
На працягу дзесяцігоддзяў беражліва захоўваючы і прымнажаючы лепшыя традыцыі эстэтычнага выхавання, педкалектыў дадае навацыі: шмат увагі ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню школьнікаў, узаемадзеянню школы і сям’і.
Бацькоўскія ўніверсітэты
З 2020 года ва ўстанове адукацыі створаны філіял кафедры сацыяльнай і сямейнай псіхалогіі Інстытута псіхалогіі БДПУ. Педагогі школы імкнуцца далучаць бацькоў да школьнага жыцця дзяцей, праводзячы сумесныя святы, бацькоўскія лекцыі і сустрэчы. У межах гэтага супрацоўніцтва штомесяц з кастрычніка па май у школе функцыянуе бацькоўскі клуб “Сустрэча”. Для бацькоў дыпламаваныя спецыялісты-псіхолагі праводзяць анлайн-лекцыі і кансультацыі па актуальных пытаннях, якія ўзнікаюць на розных этапах сталення дзіцяці.
— Выкладчыкі даюць практычныя тэхнікі і методыкі. Сярод іх — практыкі рэлаксацыі, візуалізацыі, тэрапеўтычныя метады, элементы арт-тэрапіі, — гаворыць школьны псіхолаг Наталля Бажэлка. — Напрыклад, каб дапамагчы падлеткам спраўляцца з трывожнасцю, панічнымі атакамі, спецыялісты прапануюць выкарыстоўваць тэхніку “54321”, якая дапамагае спыніць паток трывожных думак і пераключыць увагу з негатыву на пазітыў. Прапануецца вызначыць вакол сябе 5 візуальных аб’ектаў, якія радуюць вока, затым знайсці 4 прыемныя сенсорныя адчуванні, потым прыслухацца да трох розных гукаў і г.д. Методыка шасці малюнкаў, аб якой даведваюцца бацькі, дапамагае дзіцяці знайсці ў сабе шэсць унутраных рэсурсаў.
З бацькамі псіхолагі гавораць пра адаптацыю дзяцей да школы, калектыву, пра значэнне сямейных традыцый у фарміраванні і развіцці дзіцяці, пра важнасць станоўчых эмоцый у жыцці, прафілактыку шкодных звычак, ЗЛЖ, пра першае каханне, пра тое, як дапамагчы сыну або дачцэ стаць больш упэўненым у сабе чалавекам, пазбавіцца страхаў.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА