Элітная навука

- 11:42Навіны рэгіёнаў

Мабыць, кожны чуў, што перыядычную сістэму хімічных элементаў Мендзялееў убачыў аднойчы ў сне. Але гэта не што іншае, як міф. Насамрэч вучоны нястомна працаваў над сістэматызацыяй доўгіх 20 гадоў.  Перыядычная табліца была прадстаўлена ім паўтара стагоддзя назад, у 1869 годзе, і стала сапраўдным прарывам не толькі ў развіцці хіміі, але і сусветнай навукі ўвогуле.

Перыядычны закон стаў найвялікшым адкрыццём, таму Генеральная Асамб­лея ААН абвясціла 2019 год Міжнародным годам перыядычнай табліцы Дзмітрыя Мендзялеева. З гэтай нагоды кафедра хіміі біялагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны пры падтрымцы Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Гомелі правяла круглы стол, удзельнікамі якога сталі студэнты і выкладчыкі біялагічнага факультэта, а таксама навучэнцы і настаўнікі хіміі Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, гімназій №№ 14 і 56 Гомеля, сярэдніх школ №№ 8 і 52 абласнога цэнтра.

Мерапрыемства складалася з трох блокаў: даклады студэнтаў і навучэнцаў, інтэлектуальная гульня і конкурс плакатаў, прысвечаных 150-годдзю адкрыцця перыядычнага закона.

Даклады студэнтаў і навучэнцаў былі даволі цікавымі, іх тэматыка закранула шырокае кола пытанняў. Малавядомыя факты з жыцця вучонага, яго навуковыя пошукі і гіпотэзы — усё гэта выклікала цікавасць як у юнакоў і дзяўчат, так і ў выкладчыкаў. Асабліва зацікавілі прысутных даследчыя работы “Тэорыя сусветнага эфіру” студэнткі 1 курса біялагічнага факультэта Валерыі Кодзенцавай і “Цікавыя факты стварэння перыядычнай сістэмы” навучэнак 10 класа гімназіі № 14 Гомеля Аліны Пушковай і Карыны Назаранка.

Як потым адзначалі школьнікі, з праслуханых выступленняў можна было не толькі даведацца нешта новае пра жыццёвы і працоўны шлях вялікага вучонага, але і ўзяць сабе за прыклад яго настойлівасц­ь, любоў да навукі і жаданне зрабіць у яе развіццё свой уклад. На гэтым засяродзіў увагу і дэкан біялагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны Віктар Аверын. Ён адзначыў, што стараннасць і ўменне прасачыц­ь і акумуліраваць усё створанае ў гэтым кірунку іншымі вучонымі дазволіла Мен­дзялееву зрабіць тое, да чаго не маглі прыйсці яго калегі.

— Так павінна быць і ў вашых дзеяннях, — звярнуўся Віктар Сяргеевіч да студэнтаў і старшакласнікаў. — Калі вы хочаце чым-небудзь сур’ёзна займацца, вы павінны выкарыстоўваць мноства крыніц, вывучаць сусветны вопыт, вучыцца аналізаваць. І я не гавару зараз пра лёгкую інфармацыю, якую можна знайсці ў інтэрнэце. Я гавару пра навуковыя выданні, дакладнасць якіх гарантавана.

Гэтую тэму падтрымала загадчык кафедры хіміі Наталля Драздова.

— Рыхтуючыся да сённяшняга мерапрыемства, я таксама спрабавала знайсці цікавыя звесткі пра вядомага хіміка, пра навуковае асяроддзе таго часу, — расказала Наталля Іванаўна. — Навучанне ва ўніверсітэце таго часу было справай нялёгкай: працоўны дзень студэнта пачынаўся з самага ранку і працягваўся да 22 гадзін з перапынкам усяго ў адну гадзіну. Атрымаўшы дыплом, новаспечаны спецыяліст павінен быў адпрацаваць на пэўным месцы 8 гадоў.

Першая частка круглага стала прынесла юным хімікам шмат новай інфармацыі. Далей іх чакала праверка ведаў, а таксама ўмення ўважліва слухаць. Інтэлектуальная віктарына “Ці ведаеце вы?” пра жыццё і навуковую дзейнасць Д.І.Мендзялеева змяшчала шмат пытанняў, якія разглядаліся ў даследаваннях дакладчыкаў.

Калі загадчык кафедры хіміі Н.І.Драздова аб’явіла пачатак віктарыны і папрасіла выкладчыкаў сабраць каманды студэнтаў і школьнікаў з 6 чалавек, дэкан біялагічнага факультэта Віктар Аверын пажартаваў, што ён па-сапраўднаму хвалюецца, ці не прайграе студэнцкая каманда школьнікам. І хваляваўся нездарма — пераможцай віктарыны стала каманда навучэнцаў. У многіх пытаннях вучням дапамагла хуткасць. Пакуль студэнты трацілі некалькі секунд на развагі, баючыся памыліцца, школьнікі давалі адказ. Самі старшакласнікі тлумачаць сваю перамогу добрай падрыхтоўкай да цэнтралізаванага тэсціравання, якое хутка прыйдзецца прахо-дзіць, а таксама да алімпіяд па хіміі.

Хімія вабіць многіх юнакоў і дзяўчат. Адны мараць прысвяціць жыццё гэтай навуцы, іншыя збіраюцца пайсці ў медыцыну, але пакуль гэты прадмет патрэбен усім аднолькава. Ідучы да сваёй мары, здольныя дзеці выкарыстоўваюць усе магчымасці.

Варта сказаць, што кафедра хіміі біялагічнага факультэта Гомельскага дзярж­універсітэта — адна з лепшых кафедраў хіміі ў вобласці, а ўклад яе выкладчыкаў у падрыхтоўку алімпіяднікаў і абітурыентаў вялізны. Акрамя таго, што кафедра шмат гадоў з’яўляецца пляцоўкай для правя­дзення Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, тут ладзяць для навучэнцаў шмат навукова-даследчых канферэнцый і іншых адукацыйных мерапрыемстваў. У многіх настаўнікаў ёсць цесная сувязь з прафесарска-выкладчыцкім складам факультэта, што, несумненна, вельмі каштоўна ў сэн­се дапамогі і перадачы вопыту.

— У нас даўняе супрацоўніцтва з кафедрай хіміі, — расказвае настаўнік хіміі гімназіі № 56 Гомеля імя А.А.Вішнеўскага Таццяна Янковіч. — Нашы гімназісты з профільных класаў неаднаразова прымалі ўдзел у канферэнцыях. Тут вельмі важны працэс падрыхтоўкі, ён акунае дзяцей у навуку, нараджае жаданне займацца даследчай дзейнасцю, адшукваць цікавыя факты і гіпотэзы. Рыхтуючыся да круглага стала, гімназісты тыдзень жылі гэтым, працавалі нават у выхадны дзень.

Таццяна Уладзіміраўна адзначыла, што падобныя мерапрыемствы неабходны, яны пашыраюць кругагляд, зараджаюць любоў да навукі, да даследаванняў. На ўроках жа, на жаль, няма магчымасці гаварыць пра тое, што за рамкамі вучэбнай праграмы, — проста не хапае часу. Настаўнік лічыць, што хімія — элітная навука, займацца якой можа не кожны, аднак у кожнага ёсць шанс паспрабаваць сябе падчас школьных заняткаў. На думку Таццяны Янковіч, неабходна больш далучаць да справы малодшых навучэнцаў. У іх вялікая цікавасць, яны вельмі матываваныя. Калі педагог знойдзе магчымасць зацікавіць дзяцей гэтым прадметам, вынікі абавязкова будуць.

Круглы стол, прысвечаны 150-годдзю перыядычнай табліцы Мендзялеева, пацвердзіў думку вопытнага настаўніка. Многія ўдзельнікі мерапрыемства з ліку навучэнцаў і студэнтаў палюбілі хімію з першых урокаў у школе, а сёння дэманструюць выдатныя веды ў даследчых работах, алімпіядах, вучнёўскіх і студэнцкіх канферэнцыях.

— Правядзенне сумеснага мерапрыемства з’яўляецца важным этапам ва ўмацаванні сувязі паміж школай і ўстановай вышэйшай адукацыі, што забяспечвае бесперапыннасць адукацыйнага працэсу, — рэзюмавала загадчык кафедры хіміі Н.І.Драздова.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.