Энергазберажэнне разам з Люмі

- 11:18Дашкольная адукацыя, Рознае

Яслі-сад №35 Наваполацка ўжо трэці год працуе па праграме фарміравання культуры энергазберажэння “Энергія і Я”, распрацаванай творчым калектывам педагогаў — загадчыцай Святланай Мікалаеўнай Рамашкевіч, намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці Ірынай Мікалаеўнай Гой і выхавальніцай Маргарытай Міхайлаўнай Ракоць.

Мэтай праграмы з’яўляецца павышэнне кампетэнтнасці педагогаў, выхаванцаў і іх бацькоў па праблемах энергазберажэння, фарміраванне актыўнай сацыяльнай пазіцыі ў дачыненні да рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя.

Веды і навыкі па энергазберажэнні мы прывіваем дзецям з дапамогай персанажа-цацкі — энергазберагальнай лямпачкі Люмі, якая прыходзіць да дзяцей на заняткі, а таксама з ёй можна пазнаёміцца на старонках газет, буклетаў, бацькоўскіх часопісаў. Люмі прапаноўвае дзецям адправіцца не толькі ў цікавае і захапляючае падарожжа, але яшчэ і ў пазнавальнае. Яна праводзіць з дзецьмі заняткі, гульні-віктарыны, гутаркі. Нашы выхаванцы з дапамогай персанажа Люмі і чароўных слоў “Три раза покружитесь, и в прошлом электрической лампочки окажитесь!” падарожнічалі ў мінулае электрычнай лямпачкі. У гутарцы з Люмі дзеці даведаліся, што такое лічыльнік. Люмі расказала, што калі ў лічыльніка на жываце маленькія лічбы — у яго добры настрой, значыць, людзі эканомяць энергію, берагуць яе, а калі на жываце вялікія лічбы — ён засмучаецца, гэта значыць, што людзі не эканомныя і не беражлівыя. Выхаванцы даведаліся, што трэба рабіць для таго, каб сэканоміць больш святла: заўсёды выключаць святло, калі выходзіш з дому; не ўключаць многа электрапрыбораў; не ўключаць святло ў сонечнае надвор’е; не пакідаць уключаным тэлевізар, калі вы яго больш не гледзіце; замяніць лямпачкі на энергазберагальныя; ачышчаць іх ад пылу; устанавіць лічыльнік.

Бацькі выхаванцаў таксама актыўна ўдзельнічаюць у рабоце па фарміраванні ў дзяцей беражлівых адносін да прыродных багаццяў і энергарэсурсаў. Яны папаўняюць свае веды па энергазберажэнні, прыслухоўваюцца да парад Люмі і на сваім прыкладзе вучаць дзяцей беражлівасці.

Работа калектыву нашай дашкольнай установы ў 2015 годзе адзначана дыпломам упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама за 3-е месца ў абласным конкурсе праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон” у намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі па стварэнні сістэмы работы ў галіне энерга- і рэсурсазберажэння”, дыпломам аддзела адукацыі, спорту і турызму Наваполацкага гарвыканкама І ступені ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі па стварэнні сістэмы ў галіне энергазберажэння”, а ў 2016 годзе — дыпломам ІІІ ступені аддзела адукацыі, спорту і турызму Наваполацкага гарвыканкама ў намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі”.

За час работы па праграме “Энергія і Я” нашы выхаванцы навучыліся беражліва адносіцца да прыродных багаццяў роднага краю, павысілі культуру абыходжання з энергарэсурсамі. Малышы імкнуцца актыўна ахоўваць прыроду, з’яўляюцца дасведчанымі спажыўцамі водных і энергарэсурсаў.

Ірына ГОЙ,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 35 Наваполацка.