Эрудыт-марафон

- 15:43Нам пішуць

Шосты школьны дзень — цудоўная магчымасць для навучэнцаў правесці вольны час цікава і з карысцю. Менавіта па суботах на базе Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства ладзяцца турыстычна-спартыўныя мерапрыемствы, квест-гульні, інтэлектуальныя турніры, а яшчэ праводзяцца пазнавальныя сустрэчы з цікавымі людзьмі. Нядаўна вучні 1-й і 2-й сярэдніх школ Шчучына мелі магчымасць сустрэцца са старшым экспертам Шчучынскага раённага аддзела дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз капітанам юстыцыі Дзмітрыем Валяр’янавічам Трахімовічам. Ініцыятыва гэтай сустрэчы належала педагогам-арганізатарам Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства і Шчучынскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці Таццяне Францаўне Грыгаровіч і Вользе Аляксандраўне Кавальчук.

Дзмітрый Валяр’янавіч стаў актыўным удзельнікам эрудыт-марафона “Ад ведання правоў да выканання абавязкаў”, які сабраў навучэнцаў і дарослых у актавай зале Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства. Старшы эксперт вельмі зацікавіў дзяцей. Ён расказаў, якія бываюць віды судовых экспертыз, як яны праводзяцца. На практыцы прадэманстраваў, як здымаюць адпячаткі пальцаў. Маглі паспрабаваць сябе ў ролі экспертаў і вучні. Не меншую цікавасць выклікала ў школьнікаў інфармацыя аб тым, як адрозніць сапраўдныя грашовыя знакі ад падробак. Эксперт падрабязна спыніўся таксама на сітуацыях, звязаных са знаходкамі ваенных часоў, расказаў пра тую небяспеку боепрыпасаў, якія часам яшчэ знаходзяцца на палях і ў іншых месцах, і папрасіў хлопцаў і дзяўчат быць вельмі асцярожнымі, а пра такія знаходкі адразу паведамляць дарослым. Дзмітрый Валяр’янавіч прадэманстраваў відэаролікі на прававую тэматыку, адказаў на шматлікія пытанні і расказаў, дзе можна атрымаць прафесію эксперта-крыміналіста.

Алена БАСЬКО,
метадыст Шчучынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства.