Ёсць такая прафесія — прыёмныя бацькі. Гэтая прафесія настолькі ж ганаровая, як і прафесіі настаўніка, выхавальніка. Яна прасякнута шчырымі павагай і любоўю да дзіцяці.
Вось ужо на працягу 11 гадоў прафесійнай прыёмнай маці з’яўляецца Галіна Уладзіміраўна Кашлявік з аграгарадка Стары Дварэц Бераставіцкага раёна. Падтрымлівае яе і дапамагае муж Іван Іванавіч, які працуе трактарыстам у АФ “Стары Дварэц”.
З першым дзіцем сям’я пазнаёмілася ў сацыяльным прытулку вёскі Сарасекі. Тады толькі-толькі пачалася рэклама дапамогі дзецям-сіротам. Нашы бацькі хацелі прывезці дзяўчынку, але прывезлі хлопчыка. Ён у прытулку быў адзін.
На сямейным савецеўзнікла пытанне: “А што будзе з дзіцем, якое страціліа сям’ю, якое не мае зацікаўленых у яго лёс сваякоў? Няўжо для такога дзіцяці адзіным выхадам з’яўляецца дзіцячы дом? “ Не. У такога дзіцяці таксама ёсць права на выхаванне ў сям’і. Прыехаўшы на выхадныя, Артур застаўся на шмат гадоў. А Галіна Уладзіміраўна вырашыла працаваць прыёмнай маці.
Першаму прыёмны дзіцяці было толькі 3 гады. За ўвесь гэты час у сям.і Кашлявік знайшлі сваю новую сям’ю, дом, ласку, клопат, увагу і разуменне дзеці рознага ўзросту: ад 1 года да 18 гадоў. Гэта Артур, Паліна, Наталля, Аляксей, Арцём, Уладзіслаў, Валерыя, Мікалай, Вікторыя. У цяперашні час у сям’і выхоўваецца трое дзяцей з адной сям’і: Наталля, Алена і Аляксей.
Гэта, вядома, цяжкая работа па доглядзе і выхаванні, бяссонныя ночы, трывогі і перажыванні пра будучыню дзіцяці. Трэба аддаць часцінку сваёй душы, свой час. Але кожны дзень, пражыты дзіцем у сям’і — велізарная карысць для яго. Бо тут малыя вучацца азбуцы жыцця, законам сям’і як натуральнага спосабу чалавечага жыцця. Вучацца працаваць; зарабляць, эканомна расходаваць і назапашваць грошы; даглядаць сябе, быць уважлівым да навакольных.
Адной любові да дзяцей недастаткова. Прафесія прыёмнай маці патрабуе ведання педагогікі, псіхалогіі, сямейнага права. Галіна Уладзіміраўна павышае свой прафесійны ўзровень на раённых метадычных аб’яднаннях, удзельнічае ў пасяджэннях клуба “Сямейны ачаг”, у навучальных семінарах, якія праводзяцца ва ўстанове адукацыі. У гэтым годзе прыёмныя бацькі ўдзельнічалі ў занятках на тэму “Роля бацькі і маці ў стварэнні псіхалагічнага клімату ў сям’і”, “Эканамічнае і працоўнае выхаванне дзіцяці”, “Роля сям’і ў выхаванні здаровага ладу жыцця прыёмных дзяцей”.
Вялікую псіхалагічную і кансультацыйную дапамогу і падтрымку атрымлівае сям’я ад сацыяльна – педагагічнага цэнтра, органаў апекі і папячыцельства. Бацькі вядуць асабістыя справы дзяцей, кнігу жыцця дзіцяці. Ад намаганняў дарослых залежыць своечасовасць прадастаўлення дзіцяці дзяржаўных гарантый і льгот.
Мы рады, што трое дзяцей вернуты ў біялагічныя сем’і, трое дзетак усыноўлены, трое пакінулі сцены Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы выпускнікамі. Падтрымліваецца сувязь дзяцей з блізкімі. Віншаванні з святамі, тэлефонныя размовы, сустрэчы дапамагаюць дзецям перажыць гора і расстанне з біялагічнымі бацькамі і блізкімі людзьмі, і з часам не разарваць гэтую тонкую сувязь з імі, вярнуцца ў родную сям’ю.
Вопытам сваёй работы Галіна Уладзіміраўна дзеліцца з калегамі, а таксама прапагандуе і рэкламуе неабходнасць стварэння прыёмных сем’яў на бацькоўскіх сходах у установе адукацыі. Утульны дом Івана Іванавіча і Галіны Уладзіміраўны заўсёды рады даць прытулак дзецям, якія засталіся без сям’і.
Леакадзія МЯЛЕШКА,
сацыяльны педагог Старадварэцкага вучэбна-педагагічнага
комплексу “Яслі-сад-базавая школа”, Гродзенская вобласць.