Некалькі соцень работ паступіла на конкурс па стварэнні талісмана Еўрагульняў-2019. Аб гэтым паведаміў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч у час анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА на тэму “Беларусь рыхтуецца да Еўрагульняў-2019”.
У СМІ і сацсетках была праведзена маштабная інфармацыйная кампанія, у якой тлумачылася палажэнне аб конкурсе, умовы і канцэпцыя, якой удзельнікі павінны кіравацца. “Малюнкаў пакуль некалькі соцень. Але эскізы, на мой погляд, не адлюстроўваюць у поўнай меры тых ідэй, якія закладзены ў палажэнні”, — сказаў Аляксандр Карлюкевіч. Большасць аўтараў работ — гэта школьнікі і вучні ўстаноў з мастацкім ухілам. Эскізы дастойныя з пункту гледжання тэхнікі выканання, але хацелася б больш крэатыву, адзначыў міністр.
Намеснік дырэктара фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Анатоль Котаў дадаў, што ў якасці прыза пераможца конкурсу атрымае пакет білетаў на самыя відовішчныя мерапрыемствы Еўрагульняў-2019, уключаючы цырымоніі адкрыцця і закрыцця, камплект экіпіроўкі спартсменаў нацыянальнай зборнай Беларусі і некаторыя іншыя падарункі, уключаючы сам талісман, створаны на аснове эскіза пераможцы. А міністр інфармацыі падкрэсліў, што і сам факт перамогі, адчуванне дачынення да такой значнай спартыўнай падзеі — гэта таксама ўзнагарода.