Эстафета тэхнічных ідэй

- 11:24Навіны рэгіёнаў

Ва ўстановах адукацыі Магілёва з кожным годам узрастае значнасць навукова-тэхнічнай творчасці, а таксама павялічваецца колькасць навучэнцаў, жадаючых займацца гэтым відам дзейнасці. Паказаць сябе школьнікі могуць на разнастайных тэматычных конкурсах і канферэнцыях. Так, надоечы ў абласным цэнтры адбылася эстафета тэхнічных ідэй “Дзеці. Тэхніка. Творчасць”, якая аб’яднала звыш 100 удзельнікаў.

— Зацікаўленым тэхнічнай творчасцю падлеткам патрэбна пляцоўка для дэманстрацыі сябе і сваіх задум. З мэтай прадастаўлення дзецям такой магчымасці і арганізоўваецца эстафета ідэй, якая праходзіць у рамках Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаІнтэлект”, — адзначыла загадчык аддзела тэхнічнай творчасці шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва Ірына Ганчарова.

Па словах Ірыны Аляксандраўны, на конкурс паступіла амаль 80 работ. Тэматыка прадстаўленых работ юных інтэлектуалаў была вельмі разнастайнай. Даследаванні, праграмныя распрацоўкі, вынаходніцтвы… Дзеці дэманстравалі абсталяванне для аблягчэння працы, праекты камп’ютарных праграм, анімацыі і вэб-сайтаў, дзяліліся думкамі наконт рацыянальнага выкарыстання і зберажэння рэсурсаў.

Падчас мерапрыемства прайшла таксама прэзентацыя метадычнай літаратуры па тэхнічнай творчасці для педагогаў, выставы фотаздымкаў “Навука як мастацтва” і творчых дзіцячых работ, тэматычныя гульні. Завяршылася эстафета тэхнічных ідэй узнагароджаннем лепшых пачынаючых даследчыкаў і вынаходнікаў. 49 дзяцей былі адзначаны ганаровымі дыпломамі ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена шматпрофільным цэнтрам “Юнацтва” Магілёва.