Этыкет у сацыяльных сетках

- 15:43Выхаваўчая прастора

Педагогі сярэдняй школы № 2 Ашмян ужо другі год працуюць над інавацыйным праектам “Увядзенне мадэлі фарміравання этыкетнай культуры карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў для этычных зносін падлеткаў у сацыяльных сетках”. За складанай назвай стаіць штодзённая работа: настаўнікі вучаць дзяцей супраціўляцца кібербулінгу, бяспечна паводзіць сябе ў інтэрнэце і правільна будаваць зносіны з анлайн-сябрамі. 

Шэсць педагогаў-наватараў распрацоўваюць асобныя тэмы, прысвечаныя розным аспектам культуры паводзін у сацыяльных сетках. Яны закранулі зносіны ў анлайне не толькі паміж самімі падлеткамі, але і паміж вучнямі і класным кіраўніком, дзецьмі і іх бацькамі. Вялікую ўвагу ўдзяляюць агульнай культуры камунікацыі і пазітыўнаму мысленню, бо ўменне падтрымаць гутарку ў сеціве пачынаецца з навыкаў ветлівых зносін у рэальным жыцці. 

Зразумела, да работы гэтых педагогаў далучаецца ўвесь школьны калектыў. Сумесную дзейнасць вядуць па трох напрамках — самаадукацыя настаўнікаў, выхаваўчая работа з вучнямі і камп’ютарная асвета для бацькоў.

Атрымліваць новыя веды па тэме дапамагае навуковы кансультант Галіна Фёдараўна Бядуліна, дацэнт кафедры эканамічнай сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Пад яе кіраўніцтвам педагогі шукаюць карысныя тэарэтычныя матэрыялы, якія збіраюць на агульным электронным рэсурсе “Этыкетная культура ў сеціве”: sites.google.com/view/etiket-kultura/. Да наведвання гэтага рэсурсу заахвочваюць не толькі калег, але і школьнікаў (для іх зроблена адукацыйная відэападборка). Акрамя таго, настаўнікі ствараюць уласныя блогі, групы ў сацыяльных сетках і мэсан­джарах для зносін з падлеткамі і іх бацькамі.

Абмен вопытам паміж удзельнікамі праекта адбываецца падчас круглых сталоў і педагагічных саветаў. Напрыклад, у межах абласнога педагагічнага марафону “Ідэалагічнае выхаванне навучэнцаў як адказ на пагрозы і выклікі сучаснага Сусвету” настаўнікі арганізавалі педсавет, на якім абмеркавалі інфармацыйную бяспеку і кампетэнтнасць, навыкі сацыяльнага ўзаемадзеяння.

— Гэты праект дазваляе педагогам знайсці новыя прафесійныя сувязі за межамі нашай школы, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Мечыславаўна Дакурна. — Мы падтрымліваем зносіны з іншымі інавацыйнымі пляцоўкамі. Ужо наведалі калег, якія распрацоўваюць тэму этыкету ў сеціве, у Свіслачы, Радуні, Мінску, а таксама арганізавалі абласны семінар-практыкум на базе нашай школы.

Сваімі ідэямі і знаходкамі педагогі-наватары дзеляцца падчас семінараў і кансультацый “Сеткавага клуба цьютараў”. Удзельнічаюць у іх не толькі настаўнікі сярэдняй школы № 2, але і іншыя зацікаўленыя педагогі.

Як прызнаецца Ірына Мечыславаўна, вучацца настаўнікі і ў саміх дзяцей. У якасці прыкладу прыгадала ўдзел у маладзёжным злёце інтэрнэт-блогераў “Моладзь — за інтэрнэт-культуру: вітаем у “чалавечым” сеціве”: калі камандам з вучняў і педагогаў прапанавалі экспромт-заданні, менавіта падлеткі пачалі хутка прапаноўваць ідэі і кіраваць іх рэалізацыяй.

— Настаўнікі з задавальненнем перадалі лідарства вучням, бо мы цэнім праяўленні ініцыятывы, — падкрэсліла Ірына Мечыславаўна. — Стараемся прапаноўваць не гатовыя мерапрыемствы, а іх тэмы, каб дзеці самі выбіралі цікавыя формы правядзення. Калі падлетак навучыцца сам арганізоўваць свой вольны час, працаваць і будаваць зносіны ў камандзе, дасягаць вынікаў, то высокая ўнутраная культура асобы адаб’ецца і на паводзінах у сацыяльных сетках: школьнік не дазволіць сабе ўдзельнічаць у булінгу, будзе здольны ацаніць і прааналізаваць інфармацыю, якая бясконцым патокам паступае з інтэрнэту.

Такой прасторай для ініцыятыў з’яўляецца школьная прома-група, у якой падлеткі дапамагаюць настаўнікам у арганізацыі мерапрыемстваў: удзельнічаюць у напісанні сцэнарыяў, ствара­юць відэаролікі.

Каб павышаць медыяпісьменнасць вучняў, дзейнічаюць тэле- і медыяцэнтры, выдаецца электронная газета “Школьны лабірынт”. Майстэрст­ву камунікацыі вучыць Цэнтр юнацкай дыпламатыі, удзельнікі якога наладжваюць зносіны са сваімі аднагодкамі з-за мяжы. Школьнікі ўдзельніча­юць у замежных канферэнцыях, аднойчы і самі прымалі гасцей з Польшчы падчас фестывалю нацыянальных культур.

Асаблівым святам для школьнікаў стаў адкрыты ўрок па бяспечных паводзінах у сеціве, які прайшоў у мінулым навучальным годзе ў межах акцыі Міністэрства адукацыі і кампаніі МТС “Дзеці ў інтэрнэце”. Правёў яго  акцёр і тэлевядучы Георгій Калдун.

— Зараз распрацоўваем ток-шоу “Асаблівая тэрыторыя дзяцінства: булінг і кібербулінг”, у планах таксама правесці тэматычную квеставую гульню, — дзеліцца задумамі Ірына Мечыславаўна.

Выкарыстоўваюць настаўнікі і больш стандартныя формы работы. Раз на месяц у кожным класе праходзіць класная гадзіна, прысвечаная фарміраванню культуры паводзін у сацыяльных сетках. Тэмы распрацаваны загадзя, а класныя кіраўнікі адапту­юць іх да таго ўзроўню глыбіні, да якога гатовы вучні: калі ў першым класе дзецям расказваюць пра ветлівыя словы, то з дзесяцікласнікамі абмяркоўваюць шкоду брыдкаслоўя.

У малодшай школе дзеці наведваюць факультатывы па развіцці маўленчага этыкету. Для пяцікласнікаў праводзяцца практычныя заняткі па развіцці камунікатыўных навыкаў.

— 5 клас асаблівы для школьніка, — упэўнена Ірына Мечыславаўна. — Класны кіраўнік больш не праводзіць увесь час з дзецьмі і не заўсёды можа хутка заўважыць нездаровыя паводзіны ў калектыве. Таму вельмі важна, каб у гэтым узросце дзеці ўжо былі здольны звярнуцца са сваёй праблемай да дарослых.

У верасні сярод пяцікласнікаў школы было праведзена апытанне наконт булінгу. Згодна з яго вынікамі, толькі 10% дзяцей расказалі пра цкаванне ў сацыяльных сетках дарослым, хаця сутыкалася з ім амаль палова вучняў. Дарэчы, праводзіць такія апытанні сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службе дапамагаюць вучні. Яны не толькі апрацоў­ваюць анкеты, але і прапаноў­ваюць актуальныя тэмы для даследаванняў, пытаннi.

— Яшчэ адзін напрамак нашай работы — выяўляем дзяцей, якія маюць праблемы ў зносінах з аднакласнікамі, каб прыцягваць да ўдзелу ў аб’яднаннях па інтарэсах і спартыўных секцыях і такім чынам дапамагчы праявіць сябе, стаць больш упэўненымі, — расказвае Ірына Мечыславаўна.

Работа з бацькамі ўключае ў першую чаргу агульнашкольныя бацькоўскія сходы.

— Толькі 25% бацькоў і законных прадстаўнікоў лічаць захаванне бяспекі дзяцей у інтэрнэце сваёй адказнасцю, — прыводзіць лічбы Ірына Мечыславаўна. — Астатнія ўпэўнены, што гэтым павінны займацца школа, дзяржаўныя ўстановы, прадстаўнікі інтэрнэт-індустрыі.

Каб змяніць сітуацыю, у мінулым годзе на агульнашкольным сходзе абмеркавалі бяспеку дзяцей у інтэрнэце, сёлета — прававы аспект карыстання сацыяльнымі сеткамі.

Назаўсёды знішчыць булінг у сацыяльных сетках немагчыма. Але можна падрыхтаваць вучняў псіхалагічна, навучыць іх аналізаваць інфармацыю і правільна паводзіць сябе ў анлайн-асяроддзі.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з архіва сярэдняй школы № 2 Ашмян.