17 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўрачыста адкрыўся Рэспубліканскі фестываль творчасці замежных студэнтаў вышэйшай адукацыі F.-Art.by, арганізаваны Міністэрствам адукацыі і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Гэты фэст, які па традыцыі ў нашай краіне распачынаецца ў Міжнародны дзень студэнтаў, даўно набыў рэпутацыю адной з самых неардынарных культурных падзей. Наша еўрапейская краіна — не малая і не вялікая. Як сцвярджаюць статысты, сярэднееўрапейская. Але ў ёй вучыцца (удумайцеся ў гэтыя лічбы!) больш за 20 тысяч замежных студэнтаў са 107 краін свету. І ў ёй праводзіцца фестываль творчасці замежных студэнтаў вышэйшай адукацыі F.-Art.by, якому няма аналагаў у іншых сярэднееўрапейскіх дзяржавах.
Дапускаю, што ў іншых краінах існуюць розныя нацыянальныя “міжусобіцы”, але каб так, як у нас… У святле пражэктараў нашай галоўнай кніжнай захавальніцы — Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, у прысутнасці шматлікіх прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, у вачах журналістаў вядучых тэлеканалаў і іншых медыя. І гэтыя белазубыя ўсмешкі на рознакаляровых тварах, і гэтыя thank you, little a bit, please на кожным кроку… У адным месцы. У адзін час… Такога, думаю, больш няма нідзе ў свеце, толькі ў нашай краіне з яе мудрымі людзьмі, якія любяць сябе і іншых — у іх унікальнай нацыянальнай інтэрпрэтацыі. У гэтым сутнасць фестывалю F.-Art.by — у кроскультурным узаемадзеянні і кроскультурнай камунікацыі. Але без страты сваёй нацыянальнай годнасці.
З артыкуляцыяй свайго ўнікальнага патрыятызму, які заключаецца ў тым, каб прымаць і любіць іншых, застаючыся сабой.
Як адзначыў на ўрачыстым адкрыцці фестывалю начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык, ніякімі традыцыйнымі ведамі студэнты з розных краін не змаглі б аб’яднацца, калі б не аб’ядналіся менавіта ў культуры. “І сёння разам сабраліся тыя прадстаўнікі замежнага студэнцтва, якія актыўна займаюцца культурным жыццём. Фестываль F.-Art.by — гэта магчымасць узяць самае неабходнае з культур розных краін, а галоўнае — паглыбіцца ў культуру нашай Беларусі”, — падкрэсліў прадстаўнік адукацыйнага ведамства.
І, шчыра кажучы, гэтыя словы Эдуарда Валянцінавіча мяне вельмі парадавалі, бо прагучалі ва ўнісон з уласнымі думкамі. Сёлетні F.-Art.by сапраўды ўнікальны гэтай сваёй культурнай адметнасцю: ён адбываецца ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Замежныя студэнты даведваюцца пра тое, што менавіта Беларусь дала свету першага ўсходнеславянскага друкара — Францыска Скарыну. Што ў нашай краіне ў адрозненне ад многіх іншых дзяржаў, дзе і сёння спальваюць “нязручныя” кнігі і руйнуюць “нязручныя” помнікі, слова і кнігу паважалі і шанавалі яшчэ паўстагоддзя назад.
Гэты момант-знак 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, дарэчы, прагучаў не ў адным нумары канцэрта-адкрыцця F.-Art.by. Так стваралася ўражанне, што Скарына быў не толькі нашым, але і “ўсіхнім”, нават узбекскім, казахскім, армянскім, кітайскім…
А канцэртных нумароў, што называецца, на заглядзенне, было шмат. Немагчыма было наслухацца і адарваць вачэй, напрыклад, ад калектыўнага выканання стоячы ўсёй вялікай залай міжнароднага гімна студэнтаў “Гаўдэамус ігітур” (невыпадкова F.-Art.by пачынаецца ў Міжнародны дзень студэнтаў), ад прыкольных хлопцаў з В’етнама, якія вучацца ў БДУІР, ад кітайца Хо Байміна з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, які проста неверагодна выстукваў на сваіх кітайскіх “цымбалах” кітайскі тайфун, ад беларуса Аляксандра Ішчанкі і японкі Акане Арамацу (Беларускі дзяржаўны харэаграфічны каледж), што выступалі ў пары, і многіх-многіх іншых.
Пры ўсёй павазе да гэтай стракатай нацыянальнай разнастайнасці хацелася б (зусім суб’ектыўна!) вылучыць “Танец ільва” кітайскіх студэнтаў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Гэта было відовішча, здавалася, проста немагчымае.
Спачатку тры кітайцы сталі на ўскрайку сцэны і пачалі “ствараць” трывожную музыку на кітайскіх барабанах і бубне. Але самае галоўнае пачалося тады, калі на сцэну выпаўзлі дзве вялізныя істоты — жоўтая і чырвоная… Як вам сказаць, што гэта было? Ды я нічога не скажу! Хаця ўсё-такі паспрабую.
Спачатку яны ціхенька сядзелі побач. Панюхаліся. Разышліся. Потым зноў сыходзіліся-разыходзіліся, нюхаліся, нібыта цалаваліся, затым кідаліся адно на аднаго вялізнымі лапамі, ашчэрваліся жудаснымі ікламі і… зноў кахаліся, пакуль, нарэшце, не сышліся ў класічнай позе двух закаханых людзей, якія адно аднаго шкадуюць у каханні…
Дый гэта было яшчэ не ўсё! Гэтыя львы выпрасталіся. У іх былі такія ласкавыя “твары”. А потым з ільвоў выскачылі чатыры кітайцы — па два з кожнага! Зала ахнула, не паспеўшы нават апамятацца. Не паспеўшы нават заапладзіраваць. Не паспеўшы выдыхнуць.
Фестываль F.-Art.by адбыўся.
…На гэтым я мог бы паставіць кропку, бо адчуваю, што як журналіст выгаварыўся. Але не пастаўлю.
У F.-Art.by было яшчэ нямала цікавых момантаў: майстар-класы па каліграфіі, надзвычай цікавая фотавыстава студэнта Беларуска-Расійскага ўніверсітэта сірыйца Малека Аера Адзіна. Былі і асабіста ў мяне цікавыя міні-інтэрв’ю: з паўднёвым афрыканцам Замам, які паказаў мне татэм-маску, высечаную ў дрэве (такія рэчы нельга наогул нікому паказваць), з туркменамі з ГрДУ імя Янкі Купалы, з прадстаўнікамі МДЛУ (як з выкладчыкамі, так і студэнтамі), з нігерыйскімі студэнтамі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, якія, дарэчы, навучылі мяне правільна па-англійску вымаўляць назву сваёй краіны — не “Нігерыя”, а “Найджырыя”…
І быў момант ісціны.
Я размаўляў з індыйскім студэнтам Шрынатам з Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Мы гаварылі пра розныя рэчы. Як і ў папярэдніх выпадках, па-англійску. Запытаў традыцыйна: How do u find our country? Перадаю дакладна з дыктафона словы Шрыната: I love your country for your people. They’re very peaceful. They never misguide, never misjudge and never lie. Перакладаю: “Я люблю вашу краіну за вашых людзей. Яны вельмі добразычлівыя. Яны ніколі не дадуць табе заблукаць. Яны ніколі не заплямяць тваё імя. Яны ніколі не схлусяць”.
Я размаўляў са Шрынатам — і мне спадабалася гэтая рыфма:
F.-Art.by: never lie (“Ф-арт бай: нэва лай”). Падумаў, што так і назаву тэкст. Гэта нават сімвалічна: фестываль, які ніколі не нахлусіць…
Выключыўшы дыктафон і кладучы яго ў рукзак, выпадкова кінуў позірк уніз: Шрынат быў… босы. Стаяў на халоднай падлозе ў фае бібліятэкі басанож, бо ў іх у Індыі так прынята. Такі чалавек не мог хлусіць.
Папрасіў Шрыната сабраць сваю групу і сфоткацца на памяць у руках з “Настаўніцкай газетай”. Сфоткаліся. Шрынат падышоў да мяне і хацеў вымавіць слова “настаўнік”. Я так і не зразумеў: гэта было па-англійску ці на хіндзі. Неяк так: “Насцьаўік”. Але я ўсцешыўся: з індыйскіх вуснаў прагучала беларускае слова.
Фестываль творчасці замежных студэнтаў F.-Art.by — гэта спроба не толькі ўбачыць чужую душу, але і… раскрыць сваю.
Слова арганізатараў
Загадчык аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў НЦМТДіМ Алена Сяргееўна ЛАЎРЫНОВІЧ: “Дэвіз фестывалю ў гэтым годзе — “Моладзь свету: самабытнасць, салідарнасць, супрацоўніцтва”. І гэта не толькі прыгожыя высокія словы. У іх заключана наша разуменне таго, якой можа быць будучыня моладзі ўсіх краін свету: толькі разумеючы і паважаючы самабытнасць іншых, можна будаваць дыялог для прагрэсу кожнай краіны паасобку. А тады ўжо будуць і салідарнасць, і супрацоўніцтва. Хочацца падзякаваць усім без выключэння ўдзельнікам фестывалю. Гэта проста выдатна, калі сустракаюцца маладыя людзі з такіх розных краін, як Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Венесуэла, Літва, Кітай, Эквадор… Вядучыя канцэрта, праляцеўшы з Пекіна ў Мінск тысячы кіламетраў, толькі на рэпетыцыі даведаліся, што яны жывуць у шматмільённым Пекіне. Там бы яны дакладна не сустрэліся. Яны сустрэліся тут, у Мінску, на фестывалі F.-Art.by. Сустрэліся — і пасябравалі”.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.